Прайшоўшы такі вось жыццёвы шлях, дабрыў Біндзюк да магілы.
— Як гэта магчыма? — спытаеце. — Чалавек зрабіў жа ўсё, каб уцячы ад хваробы, і раптам апынуўся ў такім непрыемным становішчы?
А я скажу вам: прычыны ёсць. Праўда, да медыцыны яны ніякага дачынення не маюць, гэта чыста палітычныя прычыны, ды і магіла ж не такая, пра якую думаеце: копчык зямлі, уквечанае ўсё, з крыжыкам у галовах. Біндзюкова магіла — абкладзеная бетонам яма, зусім яшчэ парожняя і, калі б не навакольны краявід, можна было б лічыць яе звычайным, невялікім па памерах склепам на бульбу ці буракі.
— Тут вось будзем ляжаць. Месца прыгожае. Цэнтральная алейка, наўкол пушча, а паветра чыстаечыстае... Ніякай серы, ніякіх двухвокісаў. Дыхай — на ўсе грудзі! — як актуальны інструктар аховы асяроддзя не мог Біндзюк абмінуць маўчаннем такі неабыякавы для сваёй будучыні факт.
— А суседзі?! Не якія — барані Бог! — п’яніцы?! — Біндзючыха не надта разбіралася ў складанай экалагічнай тэрміналогіі. У іерархіі неабходных для жыцця спраў до-брую кампанію лічыла справай ці не найважнейшай.
— Суседзі — першы сорт. Як жа іначай. Па левы бок
— Лапаевы, па правы — Сукачы, а ў галовах — начальнік Какаліцкі ва ўласнай асобе.
Спадабалася Біндзючысе суседства. Тысяча пяцьсот злотых за такое месца — зусім разумная цана.
Глядзела на мужа з захапленнем, а ў думках хваліла яго за разважнасць, за прадпрымальнасць, за ўсё тое, што ў вялікім свеце называецца адным словам: клас.
Прытуліўшыся, бы ў найлепшыя гады маладосці, прагульвалася спадарства Біндзюкоў, наведвалі знаёмых, разглядалі актуальныя напрамкі гранітнай архітэктуры. Завандравалі амаль пад капліцу. Усё-такі нейкая сіла спыняла іх, клікала. Мімаходзь вярталіся на гэтае — яшчэ не сваё, а ўжо і не чужое месца. Асцярожна, каб не перасяліцца без пары на другі бок, заглядалі ў бетонную яму. Унізе, на гліністай мяжы паміж двума светамі, паблісквала жоўтым вокам калюжына.
— Але памятай, я буду зверху, — ад думкі, што давядзецца калі-небудзь класціся ў гліністую мазь, Біндзючысе зрабілася няёмка.
— Зверху-то буду я, даражэнькая, — запярэчыў інструктар. — Не на тое чалавек стараўся ўсё жыццё, каб пасля смерці нейкія бабскія маслакі тапталі яго ў балота.
Апошняе не сказаў ён уголас, бо і навошта выклікаць ліхое, асабліва на парозе новага жыцця...
— Ой, не гневайся. Я ж жартавала. Яно вядома: хто першы, той знізу будзе. Лёс вырашыць.
— А прычым тут лёс? Я зверху, і так мае быць! I канец дыскусіі.
Iнструктар зацяўся. У такіх выпадках усякае лагічнае тлумачэнне — зусім лішняе, і жонка, ведаючы пра гэта, адступілася.
Калі б не тое месца, калі б іншае сцэнічнае афармленне, справа, магчыма, скончылася б нічым. Тут аднак, хто ведае — ці не апошняя нагода раз прынамсі паказаць сябе? I Біндзючыха паказала.
— Думай, што хочаш, а я пад табою і так ляжаць не буду!
— Не будзеш?!
— Не. Твая віна — лягай знізу. А віна твая і твайго гультайства. Нават найлепшыя твае калегі гаварылі: месца гультаёў — тут!
— Калі ўжо дакладна, то не калегі, а тыя кучаравыя засранцы! Трымайся фактаў. Яны, во, будучыню нам рыхтуюць! — Біндзюк кіўнуў на бетонны дол. — А ты памятай: усё магу сцярпець, а ілгунства — не!
Ыструктар Біндзюк казаў праўду. З яго чалавечых слабасцей менавіта ілгунства было яму чужое і зусім агіднае. Ен ніколі б і не падумаў, што жанчына, якой аддаў трыццаць год свайго жыцця, свядома размінецца з праўдай! Яма, якою так цешыўся ў апошнія дні, здалася раптам чымсьці сумным і непатрэбным. Падсвядома здагадваўся, што жонка ўсё-такі застанецца пры сваім. Як жа тады класціся на ўсю вечнасць з кабетай, якая не табе верыць, а іншым — нейкім кучаравым, без гісторыі і без традыцыі?!
— Ну, тады шукай сабе асобнае месца! — не думаў нават, што калісьці давядзецца сказаць такія словы! Непрадказальнае бывае ж жыццё!
Была гэта апошняя гутарка паміж Біндзюкамі адзін на адзін. Далей размаўлялі з дапамогай суддзяў і адвакатаў, а перш за ўсё пракліналі Партыю кучаравых, якая варварскім спосабам разбурыла яшчэ адзін асноўны грамадскі твор.
Югаславія
— А заўтра тут будзе Югаславія, — адвакат Нязгула склаў прачытаную газету, зручней уціснуўся ў старое крэсла і знерухомелым вокам упіўся ў столь.
— Езус-Марыя! — войкнула пані Анельця і таксама ж прабегла вачыма за позіркам пана адваката. Можа, спадзявалася ўгледзець там сербскія самалёты, як у зграбным, сталёва-алюмініевым шыхце, запоўніўшы неба злавесным гулам, спяшаюць бамбіць збунтаванае Косава? А можа, пасыплюцца са столі брудныя, непаголеныя парашутысты, каб з дзікім крыкам уварвацца ў пакой і раз яшчэ дашчэнту знішчыць збудаваную цяжкай працай сякую-такую стабілізацыю гэтага дома?!