Выбрать главу

Са шпаркасцю, якой і сам у сабе не падазраваў, падхапіў пан Нязгула з-пад плоту анямелую ад нечаканасці румынку і кінуўся ў ашалелы, дзікі танец. З румынскага заполку пасыпаліся на тратуар мізэрныя медзякі і, пабразгваючы, падскокваючы ў рытм музыкі, паразбягаліся па ўсіх напрамках.

Імпартнае віно

— Віном маркі “Рызлінг” тут частуюць? — спытаўся моцны, басісты голас. Бас належыў лысаму асобеню, які бесцырымонна вырваў нас з одуму над таямніцамі палітычный будучыні.

— У святочныя дні. І толькі — заслужаных, — адказаў Толік. Ен апошнім часам выконваў функцыю назіральніка незалежнай прэсы і з гэтай крыніцы чэрпаў інфармацыю пра планы, праграмы і актуальныя хады нашай партыі.

— Прабачце, не паспеў адрэкамендавацца, — лысы працягнуў руку і па чарзе знаёміўся з кожным з нас. — Прозвішча — Чатыры Забойствы. Імя — Сем Згвалтаванняў. У тым ліку — два калектыўныя. Пра дробныя крадзяжы няма, бадай, патрэбы ўспамінаць. Дык як будзе з гэтым “Рызлінгам”? — і, не чакаючы запрашэння, заняў парожняе месца і, усміхаючыся, перакананы ў дастатковасці сваіх заслуг, паглядаў нам у вочы.

— Сёння будзённы панядзелак і...

— Каму будзённы, а каму і не, — лысун перабіў Тадзіка.

— Два годзікі адбубніў я ў Беластоку, ля вуліцы... як яго там.. Каперніка, о! Уяўляеце сабе? Два гады без віна, без жанчыны. А сёння ўжо на свабодзе, першы дзень. За добрыя паводзіны. Трэба ж лепшае свята?

Гаварыў ён зусім лагічна і пераканаўча, як сапраўдны палітык. Я нават падумаў, ці не спатрэбіўся б ён нам, у прапагандзе, такі асобень, ды яго прычоска не надта сыходзілася з назвай нашай партыі...

— Можна было б зрабіць маленькае выключэнне. Фінансы на такія нечаканыя выдаткі мы ж прадбачылі, — азвалася Валя Курапатка. Як генеральная касірша, яна найлепей ведала нашы фінансавыя магчымасці.

— Ну, што ж... Хай будзе, — згадзіўся Тадзік. — Каляндар ёсць каляндар. Бываюць дзяржаўныя дні незалежнасці, чаму не быць і асабістаму дню свабоды?

Не чакаючы далейшых разважанняў пра будзённыя і святочныя дні, Валя падхапілася з месца і пабегла ў буфет.

— З імпарту ёсць толькі італьянскі “Чачасан”. Можа быць?..

— Ага, — даў згоду чалавек, які на працягу двух апошніх гадоў не сустракаўся ні з віном, ні з жанчынай. — І, калі ласка, сядайце сюды, бліжэй.

Валя прысела і працягнула яму руку:

— А чаму вы так афіцыйна ўсё “вы” і “вы”? Я — проста Валя.

— Чатыры Забойствы Сем Згвалтаванняў, — госць паўторна назваў свае прозвішча і імя.

— Э там, адразу — сем! — не паверыла Курапатка.

— Клянуся памяццю роднай маткі, якую сам, гэтымі вось рукамі прыкончыў у свавольныя гады маладосці! Не шэсць, не восем, а менавіта — сем. Пакуль што, — падміргнуў, заглядаючы нашаму скарбніку ў вочы.

— Хвалько, — засмяялася яна, але ў яе вачах зайгралі іскрынкі, якія часам гавораць больш, чым жанчына сама хоча сказаць. — Кажаш, гэтымі рукамі? — узяла інструмент злачынства ў свае далоні і пачала яго ўважліва разглядаць.

Мы тым часам паглыбіліся ў службовыя справы. Выбарчая кампанія ступала вялікімі крокамі, а нашы кандидаты ўсё яшчэ заставаліся ў цяні як левых, так і правых канкурэнтаў. Хаця прагнозы не былі кепскія, а нават даходзілі да нас вельмі аптымістычныя весткі, лепей аднак хукаць на халоднае, чым потым франціць апечанымі пальцамі.

— Ой, я такая радая, — голас касіршы спыніў разважанні аб выбарчай стратэгіі. — Ці вы ведаеце? Ве-даеце вы? — ад нечаканасці яна ўскочыла на ногі і з гэ-тай, вертыкальнай пазіцыі апавясціла нам радасную навіну: — Ен хоча ўступіць у нашу партыю!

Глянуўшы на расчырванелыя шчокі, на агонь, які неўтаймавальным полымем бушаваў у Валіных вачах, можна было адразу дадумацца, што наш госць займеў у ёй адданую, верную заступніцу.

— Вы хіба не разумееце... Наша партыя, гэта ж Партыя кучаравых...

— Пра што вы? Пра гэта во? — паказаў лысун на свой пабліскваючы чэрап і выскаліўся бессаромна. — Дзе лысы, а дзе і кучаравы. Статут не ўдакладняе.

— Статут мо і добра ведаеце. Аднак нам і бліжэй пазнаёміцца трэба, праверыць сябе... Палітыка — вялікая справа. Словам — усё ў свой час.

— Дакладна так. Трэба праверыць сябе і пазнаёміцца бліжэй, — Валя са здзіўляючай рашучасцю падтрымала прапанову. — Бяру гэты цяжар на сябе. А заўтра будзем працягваць размову.

Прыхапіўшы няпоўную бутэльку італьянскага віна, Валя і лысы кандыдат у Партыю кучаравых паплылі ў цёплы фіялет лета.

Так і стаіць мне ў вачах наша касірша: з лысым фран-там пад ручкі, з пляшкай італьянскага віна ў далоні, а ўсё на фоне шаўкавістай летняй ночы...