Усякія пазнейшыя працэдуры, усе публікацыі ды росшукі не далі станоўчага выніку. Нават лепшыя празорцы, да якіх у той канчатковай роспачы звярнуліся мы па дапамогу, таксама развялі рукамі.
Партыя кучаравых адышла ў гісторыю. Забылі яе сябры і непрыяцелі, і толькі пан Нязгула, які ў падбеластоцкай псіхушцы паспеў перакваліфікавацца з адваката ў польнага гетмана, час ад часу пасылае нам інфармацыю пра дасягненні ў барацьбе з варварскай сербшчынай. З апошняга пісьма ведаем, што ён стрымлівае якраз вялікія варожыя сілы дзесьці пад Дубінамі. Стрымлівае мячом ды агнём, і, дзякуючы ягонай адвазе, Гайнаўка спіць спакойна.
Смутная гісторыя з гадзіннікам фірмы “Патэк”
Пан Марцін Ціхапук меў у сваім жыцці адно вялікае хобі: ён ніколі не займаўся палітыкай. Шанаваў усіх, каму пашанцавала змагацца за агульнае дабро, аднолькавай ласкай абдорваў як права-, так і леваручных і мо толькі прэзідэнтаў любіў крыху мацней за іншых, менш выдатных змагароў. Аднак з поўнай адказнасцю за слова можна сказаць, што была гэтая любоў зусім платанічная. Ні суседзі, ні спецыяльныя службы ў сваіх рапартах адным нават словам не згадваюць пра блізкія адносіны між панам Марцінам і палітыкамі любой арыентацыі. Нат цётка Варвара, прагуляўшыся па шырокіх прасцягах сваёй памяці, вярнулася з пустымі рукамі. — Абсалютная tabula rasa! — сказала.
Бар “Стакротка”, які ў нашым горадзе выконвае функцыю палітычнай трыбуны, усякае чуў і шмат бачыў. Тут мужчыны пасылаюць на сметнік свае зношаныя партыі, ствараюць новыя, сшываюць урадавыя кааліцыі, каб пад раніцу распароць усё, з вялікімі цяжкасцямі сшытае, і адступіцца ў апазіцыйныя траншэі. Тут каментуецца кожны няўдалы ход нашых міністраў, а наяўныя афёры, як і іхнія бацькі, атрымліваюць належнае сабе імя. Калі б той ці іншы міністр пачуў закіды, якія ў яго адрас кіруе бар “Стакротка”, зараз жа схадзіў бы ў адпаведны магазін, дзе прадаецца доўгая і кароткая зброя, і сказаў бы: “Дайце мне пісталет, мой гонар — патаптаны!”
А калі б яму не захацелі прадаць пісталет, напрыклад, з-за слабога псіхічнага здароўя, папрасіў бы гэты пісталет у свайго сакратара або найлепшага калегі. Мо паспеў бы яшчэ напісаць развітальны ліст, падтрымаць у цяжкую хвіліну маладую ўдаву і малалетніх дзетаксірот, а потым ба-бах! і — на суд гісторыі. Усе людзі гонару — а ў нас толькі такія ідуць у палітыку — заўжды пускаюць сабе кулю ў лоб, калі над іхняй рэпутацыяй збіраюцца чорныя хмарыны.
Пан Марцін Ціхапук ніколі не сказаў ніводнага слова, якое завяло б нейкага палітыка ў магазін з пісталетамі. А гэта ўжо не абы-якая заслуга.
Бар “Стакротка” — адзінае ў свеце месца, дзе партрэты пана Пілсудскага і пана Леніна, і іншых яшчэ, усім вядомых паноў, глядзяць адзін на другога і не махаюць кулакамі ды зубамі не скрыгочуць, а толькі па-сяброўску ўсміхаюцца. Адзін аднаму і кліентам.
Калі вам падабаецца пан Ленін, можаце прысесці так, каб добрыя вочы правадыра Кастрычніцкай глядзелі на ваша аблічча. Калі вы аматар пана Пілсудскага — сядайце і спажывайце сваё піва разам з панам Камендантам.
А пан Марцін перш за ўсё паважае шчыры позірк пана Лукашэнкі, і гэта ягонае неаспрэчнае права.
У кожнага госця, які наведвае бар “Стакротка”, свае — сімпатыі і антыпатыі, і толькі мухі, якім не пашанцавала ўтапіцца ў жоўтым бяздонні, з аднолькавай пашанай кладуць чорныя пункты на ўсіх, без выключэння, партрэтах. Вусы Пілсудскага, барада Леніна, замаскіраваная лысіна Лукашэнкі — ганарацца гэтымі пунктамі-кропкамі, як генералы пасля пераможнай вайны бліскучымі медалямі, а радавыя салдаты — свежымі, яшчэ ружовымі шрамамі. Сурова абыходзіцца свет са сваімі ўлюбёнцамі: людзі ім пляскаюць і б’юць паклоны, а іншыя зямныя кватаранты — робяць, што каму падабаецца.
Чаму нявінныя праявы мушынай творчасці прыняў пан Марцін у абразу — яго салодкая таямніца. Вядома адно — глядзець на такую разбэшчанасць ён не змог: чалавек вось стараецца, бярэ ў пазыку валасы з-за левага або правага вуха, прыхарошвае гэтай пазыкай сярэдзіну галавы, а потым абы-якая муха псуе вынік ягонай працы!
— Пане Юрка, — вуснамі Марціна Ціхапука прамовіў жаль, перамешаны з грамадзянскім пачуццём абавязку, з сорамам за некультурнасць мушынага роду, са злосцю і хто ведае з чым яшчэ.
— Пане Юрка...
Тым часам побач прылаўка сфарміравалася чарга з трох асобеняў, невялікая, але і дастаткова доўгая, каб даць пану Марціну час для абдумвання нецікавай сітуацыі. Папярэдняя ўлада на тое і вынайшла бясконцыя чэргі, каб гарачым галовам быў час і месца астынуць і задумацца. I калі ўжо астылі распаленыя мазгавешкі, дык першае, што прыдумалі — памяняць чаргатворчую ўладу. Адным словам — вынік з’еў прычыну.