Адумаўся і пан Марцін. Яму прыпомніўся вядомы з літаратуры выпадак, калі неасцярожны сказ — “А мухі абасралі пана імператара” — прывёў зусім непалітычнага чалавека ў рады наскрозь палітычных вязняў.
— Я слухаю вас, — Юрка Басэвіч, законны ўласнік гэтага інтарэсу, справіўся з чаргой з трох асоб і аддаваў свой час і сваю асобу ва ўладанне пана Марціна. А пан Марцін — падумайце толькі! — мог сказаць: “Я пратэстую супраць таго, каб мухі сралі на лысіну майго прэзідэнта!” Мог ён таксама і гукнуць: “Гэта скандал! Я аддам вас пад суд!” Такое вось мог сказаць пан Марцін. Але ён прамовіў: “«Дайліды» з сокам, як заўжды”.
Сказаў ён гэта з лёгкасцю чалавека, які, моцна спакушаемы, астаткамі волі перамог нячыстую сілу.
А піва ўсё-такі не пайшло. Нячыстая сіла, бы той пажар у тарфяніку, лакалізаваны, здаецца, і апанаваны, а тут раптам выпаўзае з-пад зямлі і пякучым дымам дзярэ вочы, душыць лёгкія, забівае дыханне. Запэцканая лысіна пана прэзідэнта гэтаксама прыцягвае позірк, як дзяўчына ў кароткай спаднічцы, калі яна сядзе побач і закіне нагу за нагу. I дарма розум асцерагае: “Не глядзі!”
Адзін мяснік з нашай вуліцы так калісьці заваражыўся лыткамі сваёй маладзенькай памочніцы, што ненаўмысна адрэзаў сабе ўсе пяць пальцаў левай рукі і прапусціў іх праз машынку, якая запіхала кілбаснае мяса ў папяровую кішку; сваю памылку ён прыкмеціў толькі тады, калі прыйшлося зашнураваць чаравікі. Бедны пан Зязюля басанож падаўся шукаць свае, гэтаксама ж бедныя, пальцы. Хадзіў ад крамкі да крамкі, і ўсё яму адказвалі: не бачылі, не чулі, не было.
Пан Ціхапук яшчэ раз глянуў у яснае аблічча пана Лукашэнкі і падумаў: “Мах або промах!” З такой думкай японскія камікадзэ ўрэзваліся ў самыя высозныя хмарачосы Нью-Йорка, а пан Марцін, папляваўшы ў насоўку, наблізіўся да ўлюбёнага партрэта. Працягнуў руку высока-высока, аж з-пад рукава паказаўся самы прыгожы і самы пажаданы ў свеце гадзіннік фірмы “Патэк”. І бачылі ўсе, хто хацеў гэта бачыць, як перад вачыма пана прэзідэнта кружыць рука, узброеная ў насоўку ды прыхарошаная гадзіннікам, і як ад гэтага кружэння святлее і так ужо, сам па сабе, светлы твар. І тры пары вачэй, якія належалі мясцовым жулікам, прыліплі да гэтай рукі, і да насоўкі, а ўжо наймацней — да гадзінніка.
— Каторая гадзіна? — спытаў незнаёмы голас, калі пан Марцін павярнуў з вуліцы Першай Брыгады на вуліцу Першай Арміі. Гэтая першаармейская вуліца перажывала якраз доўгі і цяжкі заняпад — яе асвятляюць толькі ў выхадныя дні. Калі ў звычайны, будзённы вечар, на вуліцы Першай Арміі гжэчна спытаюць вас: “Каторая гадзіна?” — не хітрыце, што вы слаба бачыце або — што гадзіннік застаўся якраз дома, і не клічце на дапамогу выпадковых прахожых. Усё тут мае свой парадак: Богу — боскае, кесару — кесарава, а жулікам — ваш гадзіннік.
А потым можаце ісці ў паліцыю.
— У мяне ўкралі гадзіннік і я дамагаюся, каб вы гэты гадзіннік зараз жа знайшлі! — запатрабаваў пан Марцін Ціхапук, выклікаючы бязмежнае здзіўленне на твары вусатага сяржанта. Сяржант, не зусім давяраючы сваім вушам, паклікаў другога сяржанта. і цяпер яны, удвая большымі сіламі, стараліся зразумець, чаму гэты незнаё-мы чалавек парушае іхні, гарантаваны сяржанцкай канстытуцыяй, час сузірання і задумы. Памылкі, аказваецца, не было. У чалавека фактычна спёрлі гадзіннік, і ён дамагаецца, каб дзяржаўная паліцыя зрабіла сваю чорную работу.
Калі б гаворка ішла пра “Форд”, “Мерседэс” ці нейкую іншую машыну, тады кожны паліцэйскі ведаў бы, як выканаць сваю прафесійную місію. “З-за невыяўлення...” справа ідзе пад сукно, і ўсё ў найлепшым парадку. “Мерседэс” не жонка, якую ўкрадзе невядома хто, дзе і калі, а цераз тыдзень звоняць вам з гатэля “Грант” і пытаюць: “Высокая бландзінка ў зялёнай сукенцы — ці не ваша ўласнасць?”
Быў на нашай вуліцы пан Сарока. Адны госці ад’язджалі, іншыя займалі іхняе месца. Словам, чалавек ён быў гасцінны. I вось, аднойчы гасцяваў у пана Сарокі добры сябрук. Тыдзень гасцяваў, аж ноччу сеў у машыну і паехаў, забыўшыся высадзіць з багажніка чароўную гаспадыню. Пан Сарока праплакаў адзін дзень, і другі, а на трэці дзень папрасіў у госці панну Анелю, і яшчэ тры дні яны плакалі ўдваіх, аж шостага дня вярнулася законная гаспадыня — і на тры галасы заплакалі ад шчасця. А потым, уцякаючы ад маламестачковага каўтуна, пераехалі ў Беласток, дзе ўтраіх шчасліва жывуць. А ці доўга — час пакажа.
А “Мерседэсы” не вяртаюцца. Шукаць “Мерседэс” — тое ж, што шукаць легендарны келіх Грааль. Лішняя турбота.
А з гадзіннікамі цалкам іншая справа, не на колах яны, і — хто ведае — мо калісьці, у будучыні, пры нечаканай ды спрыяльнай нагодзе, выявіцца хранометр фірмы “Патэк”, прыдаючы паліцыі бляск і славу.