Вуліца Добрай Надзеі
Генезіс
Есць у гарадах вуліцы, ахвяраваныя Дзяржынскім і Антыдзяржынскім, імператарам і камісарам, магнатам і пралетарыям. Есць вуліцы мучанікаў гісторыі і яе блазнаў.
Лёс такіх вуліц на добрае і благое сплятаецца з ідэалагічнымі шляхамі вашай дзяржавы. Бо дзяржавам здараецца звярнуць направа або налева, рухацца наперад або назад, а вуліцы абавязаны загадзя прадбачыць усе нечаканыя эвалюцыі і рэвалюцыі ды паспяхова справіцца з актуальнымі патрабаваннямі гісторыі.
Наша вуліца жыве сваім жыццём. Ні ідэалагічныя хістанні, ні палітычныя катаклізмы не прымушаюць яе мяняць імя ці пераапранацца ў чужыя транты. Вуліца Добрай Надзеі — так было, так ёсць і будзе.
Калі ў хаатычнай вандроўцы цераз свет і жыццё давядзецца вам зачапіцца і за наш парог, не здзіўляйцеся, адкуль такая арыгінальная, амаль паэтычная назва. Паэтаў у нас шмат, можна нават сказаць, што мы проста не людзі, а чыстая, жывая паэзія. Значыць — не здзіўляйцеся. Пытайце. I калі лёс паставіць на вашай сцежцы цётку Варвару, усім праваднікам правадніка, зна-чыць — вы шчаслівыя людзі. Вышэйшая сіла пасяліла цётку Варвару на самым пачатку нашай вуліцы, загадала вартаваць, прынамсі, восем гадзін у дзень, з падбародкам на штыкецінах брамачкі, ды ніколі не кіравацца прынцыпам “мая хата з краю”. Нават калі б тая хата была і сапраўды самай крайняй.
Людзі ў горадзе нічога наогул пра сябе не ведаюць. Спытайце вось першага сустрэчнага чалавека, кудою дабрацца на базар, на вакзал ці ў другое любое месца, і чалавек гэты, зусім выпадковы і чужы, набок адставіць прыватныя клопаты, дэталёва растлумачыць усе магчымыя падыходы, а мабыць, калі адыдзеце, адчакае хвіліну, наглядаючы над правільным развіццём вашага маршруту.
А спытайце: “Як пажывае Косця, наймалодшы Пракопаў сын? Як шанцуе Юрачку Басэвічу? А Дзянісавіч Славік, ён як сябе паводзіць? Пакінуў, у рэшце рэшт, тую шлюбную Аньцю ды перабраўся да якоенебудзь са шматлікіх сваіх палюбоўніц?”
Спытаеце, а чужы чалавек паглядзіць на вас, бы на незямное дзіва, і нічога не скажа, або — што таксама ж праўдападобнае — якімсьці брыдкім словам, нецэнзурным зусім, апраўдаецца за сваю некампетэнтнасць у міжчалавечых справах. Мала пра сябе ведаюць жыхары горада!..
Вось і прыдумаў Усявышні цётку Варвару, каб дашчэнту не парваліся сувязі між людзьмі. Пад беленькай хустачкай памяшчаецца архіў куды больш камплектны за інфармацыйныя рэсурсы мясцовых органаў і — што так-сама важнае — даступны як у будзённыя, так і выхадныя дні. Мабыць, стрэнеце на сваёй сцежцы белую хустачку і вочы выцвілыя ў пагодны блакіт, аплеценыя сетачкай шматгадовай павуціны. Не мінайце абыякава гэтых вачэй. Адкрыйце ім сваю душу, раскажыце бяду сваю, а яны — як кажа паэт — і бяду ўракуць, і душу злагодзяць.
— Заўтра будзе лепей, — суцешыць цётка Варвара. — Вось нават і Славік палюбоўніцу кінуў, час у хаце бавіць. А Юрачка не п’е месяцаў тры. Карпаваму Мікалаю сын нарадзіўся. Чатыры дочкі, а цяпер, вось, бачыце — сын. Вялікая справа — надзея.
І так гэта з надзеі на лепшую будучыню нарадзілася наша вуліца. І з пагоні за прыгажэйшым жыццём, і са спадзяванняў на белы хлеб у белых далонях, і з пачутых у дзяцінстве казак пра мужыка, які, царом стаўшы, валодаў светам доўга ды справядліва.
Наша вуліца дзякуючы надзеі ўсё яшчэ разрастаецца і павялічваецца, а чарговыя ўцекачы з прыпушчанскай Безнадзеі якраз тут знаходзяць сваю прыстань.
Бежанства
Калі першага сустрэчнага чалавека папытаеце, з чаго пачынаецца дом, абавязкова пачуеце такі вось адказ: дом пачынаецца з фундаменту.
Не давайце веры стандартным адказам і — здавалася б — безумоўным праўдам. Не з фундаменту пачынаецца дом. Кожны, каму давялося паставіць цэглу на цэглу, ведае, што дом пачынаецца з прыбіральні ці — сказаўшы вельмі дакладна — з нужніка. Яма ў голым полі, як-небудзь агароджаная неабгабляванымі дошкамі, з дзіркай у форме бубновай падушкі або чырвеннага сэрца высока ў дзвярах беспамылкова. вызначае месца, дзе новыя людзі рыхтуюць новае жыллё.
Падсілкавацца, вядома, можна абы-дзе: трава, стары плед, лішняя на першы погляд дошка — цалкам прыстойна выконваюць функцыю кухоннай мэблі, а дзівосная сіла натуры жоўтае сала, загорнутае ў пажоўклую штодзёнку “Gazeta Wspo-lczesna”, пераўтварае ў вэнджаныя паляндвіцы. А вось апошняя фаза стрававальных працэсаў адбываецца ў інтымнай ізаляцыі, у цішыні, у самоце.
Цяпер ужо самі ведаеце, чаму з нужніка пачынаецца новы дом.