Тым часам дзеці, сяк-так накормленыя, рассыпаюцца ўздоўж вуліцы, цікуючы, адкуль прыедуць танкі. Ці ад Хітрай, ці ад Кляшчэляў? Вялікія гарады запаўняюцца танкамі, зелянеюць ад мундзіраў вуліцы, а тут хоць ты плач: цішыня, спакой, задрыпонія.
І толькі, прафануючы незвычайны, сур’ёзны час, у канец вуліцы, недзе ад хітранскіх палёў, папярэджаныя званочкамі, пад’язджаюць сані. Палоззе паскрыпвае, рэжа снег на дзве доўгія каляіны, а далікатны ветрык падбірае з шыткаў восеньскі водар атавы ды развейвае яго ўздоўж дарогі. I конь, схапіўшы гэты пах у раздутыя ноздры, штораз адварочвае галаву, аглядаецца на захутанага ў доўгі кажух гаспадара.
Чатыры салдацікі ў зялёных уніформах, з пачырванелымі ад марозу вушамі, вартуюць побач Варварынай хаткі. За размаляванымі ў вострыя, срэбныя кветкі шыбамі трымае варту і сама гаспадыня.
Конь, знюхаўшы вайсковыя мундзіры, спыняецца. Генетычнымі камутатарамі з пакалення ў пакаленне трансмітуецца конская пашана ваеннаму чалавеку. Што бачаць цёплыя карыя вочы ў той суконнай зелені? Ганарысты парад легіёнаў? Маланкавую атаку Будзённага? Перамешваюцца конскія гены, блытаюцца, асабліва тут, на памежжы. Пераплятаюцца і людскія лёсы. На тое і ёсць вайна, каб наша аддзяліць ад чужога, ачысціць, удасканаліць.
Салдацікі абступаюць шыткі, і і'аспадар, які ў сваім жыцці бачыў не адну вайну, здагадваецца, чаго ад яго патрабуюць. Скінуўшы рукавіцы, з-за пазухі дастае пашпарт, тлумачыць нешта, пільна заглядаючы ў капральскія вочы. Мо стараецца вываражыць з гэтых вачэй сваю будучыню? Капрал чытае зялёную кніжачку, слухае і ўжо ведае, што гаспадар называецца Аляксандр Марчук, і што едзе ён да дачкі, і што дачка яго жыве на гэтай якраз вуліцы. Даўно не быў, дык і едзе паглядзець, як тут ёй вядзецца.
Астатнія салдаты капаюцца ў санях, і, здаецца, мала іх цікавіць асоба Аляксандра Марчука. Рыюцца дакладна, метадычна, а калі адслоняць пучок сена, разгорнуць куль саломы, у чырвоныя вайсковыя тварыкі, выскаліўшы доўгія жоўтыя зубы, засмяецца сарамлівая, васковая морда свежаасмаленага кабана. Мабыць, здагадваецца, што ў сур’ёзны ваенны час, без адпаведных дазволаў нельга падарожнічаць каму і куды заманіцца, а ўжо асабліва такім, як ён, кабанчыкам. Нават да роднай дачкі свайго гаспадара.
Многае нельга. Нельга валэндацца пасля дзесятай вечара, нельга групавацца на вуліцы, нельга слухаць эрву-э. Не дазваляецца, і баста! Дазваляецца толькі мерзнуць салдацкім вушам пад скупымі зялёнымі шапкамі. I салдаты, прытанцоўваючы ад холаду, круцяцца наўкол саняў, пакуль найадважнейшы, а па прычыне капральскага звання і камандзір, не спытае:
— А што-небудзь да гэтай закускі ёсць?
Пытанне, можна сказаць, зусім лішняе. Не першая ж гэта вайна ў Аляксандравым жыцці, і хто як хто, а ён дасканала ведае, што ў такі час поўная пляшка — дакумент лепшы за ўсе пропускі, ахоўныя граматы, а нават і дэпутацкія білеты.
Салдаты, атрымаўшы жаданую рэч, падаюцца ў свой бок, шукаюць нейкае зацішнае месца, дзе не дагледзяць іх вочы шпіёнаў і не пачуюць вушы дыверсантаў. Толькі дзеці, не дачакаўшыся танкаў, прыглядаюцца, як з дапамогай Аляксандравай пляшкі абаронцы дзяржаўнага ладу даводзяць свае змерзлыя вантробы да належнай чалавечаму гатунку тэмпературы.
Пан Казік
Ніхто на нашай вуліцы нават не прыкмеціў, калі закончылася вайна. А можа, ніколі яе тут і не было? Можа, не знайшоўшы вялікай падтрымкі, накіравалася яна недзе ў іншы бок, туды, дзе больш ахвотна хапаюцца за вінтоўкі і штыхі і дзе спакон вякоў вядзецца горды жаўнерскапаўстанчы род? Можа і так. Хто яго цяпер ведае?