Выбрать главу

— Каву? Гарбату? — спытае пані Зося, калі ўжо пераступіце парог яе пакойчыка.

Вядома, далёка не кожнаму такое пытанне ставіцца. Прыёмная дырэктара фабрыкі драўляных упаковак усётакі не гастранамічная гаспадарка, дзе першы лепшы бадзяга, ледзь расчыніўшы дзверы, выяўляе жаданне дагадзіць свайму жывату, а чуйныя афіцыянткі, здаецца, чытаюць у думках сваіх кліентаў.

Калі аднак пані Зося, крыху прынамсі, ведае вашу асобу, можаце спадзявацца на традыцыйнае: “Каву ці гарбату?”

Вы, пэўна, прыкмецілі ўжо, што ў горадзе ўсе сустрэчы, як прыватныя, так і афіцыйныя, службовыя, пачынаюцца піццём кавы або, прынамсі, гарбаты. Асабліва моцна трымаюцца за гэты абрад маладыя жанчыны, якія не так даўно прыехалі сюды з навакольных вёсак. Занадта рана аблажыўшыся патомствам і хатнімі, празаічнымі абавязкамі, мрояць пра вялікі, бліскучы, бачаны ў тэлевізары свет. I апошняй ніткай, якая спалучае іх з гэтай тэлевізійнай ілюзіяй, з’яўляецца кубак ранішняй кавы. Так яно бывае з паспалітымі, шэрымі жанчынамі. А вось у пані Зосі жаданне пачаставаць вас гарбатай мае зусім іншыя прычыны, бо справа тут не ў комплексах, але ў звычайнай гасціннасці, далікатнасці і культурнасці. Такая ўжо яна, пані Зося.

Другі год адыходзіць у нябыт, як дантыстычны тэхнік Апенька зрабіў ёй шлюбную прапанову, а пані Зося з-за далікатнасці не адказвае ні так, ні не. Староннія людзі, бо толькі яны ўсё і пра ўсіх ведаюць, пашэптваюць тайком, што Зосіна сэрца назаўжды захапіў непрысутны ўжо ў горадзе мастак Шура. Мо і праўда, каханне іхняе, безумоўна, было найвышэйшага гатунку і справы ішлі туды, куды трэба, значыць — пад вянец.

— А акварэль, гэта рыба марская ці прэснаводная?

— спытала дзяўчына, не здагадваючыся нат, што такі нявінны, на першы погляд звычайны сказ перайначыць і сённяшні дзень, і так дакладна абдуманую будучыню. Мастак Шура натужліва якраз змагаўся з Зосіным актам, дабываючы з уяўлення (зласліўцы кажуць, што не толькі з яго) дзявочыя грудзі, каб перанесці іх у раёны, даступныя і іншым пачуццям. Пачуўшы ад Зосі такое пытанне, спачатку ён збялеў, потым пачырванеў раптоўна, а яшчэ пазней, элегантна паклаўшы пэндзаль, заявіў пра неадкладную патрэбу схадзіць у кіёск па папяросы. І больш яго ў мястэчку не бачылі.

Хваліўся пасля наш мясцовы цырульнік, што сустрэў аднойчы Шуру ў Варшаве на Ружыцкім базары. У парваным пінжаку, ашчацінелы, ён прагульваўся між ларкамі, час ад часу пакрыкваючы:

— Макрэль — акварэль — селядцы! Акула — бамбула — кіт!

Людзі праходзілі абыякава, часам толькі той ці сёй спыняўся, каб больш дакладна распытаць пра выгляд ці харчовыя звычаі незвычайнай рыбы бамбулы.

Пані Зосі, у памяць раптоўна закончанага кахання, застаўся выразна незакончаны партрэт: там, дзе жанчыны звычаёва носяць грудзі, калечыць вочы парожняе месца. І, магчыма, як цяпер задумліваюцца спецыялісты, хто і чаму акалечыў мілоскую Венеру, так у далёкай прышласці нейкі аматар мастацтва задумаецца: хто і чаму адняў грудзі Зосі з Гайнаўкі?

Колька, які лётаў над мястэчкам

Заўжды паўтараў, што будзе лётаць. Здаецца — і якое ж тут дзіва? У дзіцячыя гады ўсе мы лётчыкі, касманаўты, матросы ці — у самым горшым выпадку — камандзіры партызанскіх атрадаў, якія цёмнымі начамі падымаюць сваіх падначаленых у бясконцы бой за праўду і за Радзіму.