Выбрать главу

Песня абарвалася, нібы адрэзаная нажом, і я з жахам адчуў перад сабою пустату, варожае маўчанне, як быццам я нешта ўшчэнт разбіў. Толькі паступова позірк мой асвойтаўся з абсталяваннем амаль пустога пакоя. Яно складалася з буфетнай стойкі і стала - усё гэта служыла, бясспрэчна, толькі подступам да другіх пакояў, прызначэнне якіх лёгка было адгадаць па няяркім святле лямп і гатовых ложках, якія былі відаць праз прачыненыя дзверы. Перад стойкай, успёршыся на яе, стаяла каля стала нафарбаваная жанчына са стомленым тварам, за стойкаю - гаспадыня, гладкая, нейкая бруднавата-шэрая, і яшчэ адна даволі мілавідная дзяўчына. Маё прывітанне гучна адазвалася ў памяшканні, але вялы водгук пачуўся толькі пасля працяглай паўзы. Мне стала няёмка ад гэтага напружанага сумнага маўчання, як быццам я трапіў у пустату, і я ахвотна павярнуў бы назад, але ў сваёй збянтэжанасці не знаходзіў для гэтага падставы і таму пакорна сеў за стол. Жанчына перад стойкаю ўспомніла цяпер пра свае абавязкі і спыталася, што мне падаць піць, і па яе цвёрдай французскай мове я адразу пазнаў у ёй немку. Я заказаў піва. Яна пайшла і прынесла яго, і ў яе хадзе яшчэ выразней заўважалася абыякавасць, чым у цьмяных вачах, якія мігалі з-пад павекаў, нібы гэта дагаралі свечкі. Зусім машынальна, па звычцы падобных устаноў, яна паставіла побач з маім куфлем і другі сабе. Позірк яе, калі яна чокнулася са мною, прайшоў міма мяне, як праз пустату, і я мог разгледзець яе. Твар у яе быў, па сутнасці, яшчэ прыгожы, з правільнымі рысамі, але, быццам ад душэўнай зморанасці, агрубеў і застыў, як маска, усё ў ім было друзлае, павекі - прыпухлыя, валасы абвіслі; азызлыя шчокі, з плямамі танных румян, ужо апускаліся шырокімі маршчынамі да вуснаў. Сукенка таксама была накінута нядбайна, голас - нейкі перасохлы, асіплы ад тытунёвага дыму і піва. Усё сведчыла аб тым, што перада мною чалавек зусім стомлены, які жыве толькі па прывычцы, нічога не адчуваючы. Ад збянтэжанасці і вусцішнасці я звярнуўся да яе з нейкім пытаннем. Яна адказала, не гледзячы на мяне, абыякава і тупа, ледзь варушачы губамі. Я адчуў сябе лішнім. За стойкаю пазяхала гаспадыня, другая дзяўчына сядзела ў кутку і паглядвала на мяне, быццам чакала, што я яе паклічу. Я быў бы рады пайсці, але штосьці трымала мяне на месцы, і я тупа заставаўся сядзець у затхлым душным паветры, як захмялелы матрос, прыкаваны да стала цікаўнасцю і жахам, - бо ў гэтай абыякавасці быў нейкі выклік.