- Дай закурыць!
Я спалохаўся яшчэ болей, чым ён, ад такога гнюснага патрабавання ягоных паслуг і хуценька паспяшаўся знайсці сабе запалку сам; але, падагнаны яе словамі, як бізуном, ён ужо падышоў да мяне крывою хісткаю хадою і хуценька, быццам баяўся апячыся, дакрануўся да стала і паклаў на яго запальнічку. На нейкі момант позіркі нашы скрыжаваліся: бясконцы сорам прачытаў я ў яго вачах і шалёную лютасць. І гэты прыгнечаны позірк знайшоў ува мне мужчыну, брата. Я адчуў, да якога ўніжэння давяла яго жанчына, і засаромеўся разам з ім.
- Вельмі вам удзячны, - сказаў я па-нямецку (яна страпянулася), - не варта было турбавацца. - І я падаў яму руку. Доўгае ваганне, потым я адчуў вільготныя кашчавыя пальцы і раптам - сутаргавы ўдзячны поціск. На хвіліну яго вочы бліснулі, сустрэўшы мой позірк, потым зноў схаваліся пад апушчанымі павекамі. На злосць жанчыне я хацеў папрасіць яго сесці з намі, і, мусіць, мая рука ўжо паднялася для запрашальнага жэсту, бо яна паспешна прыкрыкнула на яго:
- Садзіся на сваё месца і не перашкаджай нам!
Тут мне раптам стала агідна ад яе з'едлівага голасу і ад усяго гэтага нязноснага катавання. Навошта мне здаўся гэты пракурадымлены прытон, гэтая брыдкая прастытутка, гэты прыдуркаваты мужчына, гэты чад ад піва, дыму і танных духоў? Мяне пацягнула на свежае паветра. Я падсунуў ёй грошы, устаў і энергічна вызваліўся з яе абдымкаў, калі яна паспрабавала ўтрымаць мяне. Мне было брыдка ўдзельнічаць у гэтым уніжэнні чалавека, і мой рашучы адпор ясна ёй паказаў, як мала мяне спакушаюць яе ласкі. Тады яна ўскіпела ад злосці і ўжо сабралася штосьці сказаць, але ўтрымалася ад моцных слоў і раптам у парыве непрытворнай нянавісці павярнулася да яго. Ён жа, адчуваючы нядобрае, паспешліва і быццам падганяны яе пагрозлівым выглядам, выхапіў з кішэні дрыготкімі пальцамі кашалёк. Ён, відаць, баяўся цяпер застацца з ёю сам-насам і, спяшаючыся, не мог разблытаць вузел кашалька, - гэта быў вязаны кашалёк, вышыты бісерам, якія носяць сяляне і простыя людзі. Лёгка было бачыць, што ён не прывык хутка выдаткоўваць грошы, не тое што матросы, якія дастаюць іх прыгаршчамі з кішэні і шпурляюць на стол; ён, відаць, прывык ашчадна абыходзіцца з грошамі і, перш чым расстацца з манетаю, любіў патрымаць яе ў руцэ.
- Як ён дрыжыць за свае дарагія пфенігі! Што ж гэтак марудна? Пачакай! - здзекавалася яна і зрабіла крок да яго. Ён спалохана адхіснуўся, а яна, заўважыўшы яго страх, сказала, паціснуўшы плячамі і з невыказнаю агідаю ў позірку: - Я ў цябе нічога не вазьму, пляваць мне на твае грошы. Ведаю, усе яны ў цябе палічаны, твае добрыя маленькія пфенігі, ніводнага лішняга ты не аддасі. Але толькі, - яна раптам паляпала яго па грудзях, - глядзі, каб хто не ўкраў у цябе паперкі, якія ты тут зашыў.
І папраўдзе, як хворы на сэрца раптам сутаргава хапаецца за грудзі, гэтак і ён прыціснуў бледную і дрыготкую руку да пэўнага месца на пінжаку, міжвольна абмацваючы пальцамі патаемнае гняздзечка, і, супакоены, апусціў яе.
- Жмінда! - выплюнула яна.
Але тут твар пакутніка густа пачырванеў, ён раптам шпурнуў кашалёк другой дзяўчыне, - тая спачатку ўскрыкнула спалохана, а потым зарагатала, - і кінуўся міма яе да дзвярэй, быццам ратаваўся ад пажару.
Жанчына з хвіліну стаяла ахопленая злым шалам. Потым зноў вяла апусціліся павекі, стомлена ссутуліліся плечы. Старою і стомленаю зрабілася яна ў адзін момант. Нейкая разгубленасць і няўпэўненасць адбіліся ў яе позірку, які цяпер спыніўся на мне. Нібы п'яная, якая з цьмяным адчуваннем сораму прачнулася ад дурману, стаяла яна перада мною.
- На вуліцы ён будзе хныкаць, плакаць па сваіх грошах, можа, нават пабяжыць у паліцыю, заявіць, што мы яго абрабавалі. А заўтра зноў з'явіцца. Але ягонай я ніколі болей не буду. Любога буду, толькі не ягонай.
Яна падышла да стойкі, кінула на яе некалькі манетак і залпам выпіла чарку гарэлкі. Злы агеньчык зноў загарэўся ў яе вачах, але цьмяна, быццам праз слёзы лютасці і сораму. Агіда да яе перасіліла ўва мне жаль.
- Да пабачэння! - сказаў я і пайшоў.
Адказала гаспадыня. Жанчына не азірнулася і толькі засмяялася хрыпла і насмешліва.
Вуліца, калі я выйшаў, была скрозь ноч і неба, суцэльная душная імгла ў затуманеным, бясконца далёкім месячным святле. Прагна ўдыхнуў я цёплае, але падбадзёрлівае паветра; пачуццё агіды растала ў вялікім здзіўленні перад разнастайнасцю чалавечых лёсаў, і я зноў адчуў - гэтае пачуццё можа парадаваць мяне да слёз, - што за кожным акном абавязкова тоіцца чый-небудзь лёс, кожныя дзверы знаёмяць з якою-небудзь драмаю; жыццё ўсюдыіснае і шматграннае, і нават самы брудны куток яго так і кішыць гатовымі вобразамі, як гнілата бліскучымі жучкамі. Адышло кудысьці далёка ўсё гнюснае гэтае сустрэчы, нервовае напружанне перайшло ў прыемную млявасць, якая гатова была ператварыць усё перажытае ў прыгожыя сны. Я міжвольна агледзеўся па баках, спрабуючы знайсці дарогу дадому ў гэтым блытаным клубку завулкаў. І тут - мусіць, ён бясшумна падкраўся да мяне - нейкі цень вырас перада мною.