- Прабачце, - я адразу пазнаў гэты пакорлівы голас, - але вы, здаецца, заблудзіліся. Ці не дазволіце... Ці не дазволіце мне паказаць вам дарогу? Вы дзе жывяце?..
Я назваў свой гатэль.
- Я праводжу вас... калі дазволіце, - адразу ж дадаў ён пакорлівым тонам.
Мне зноў зрабілася не па сабе. Гэтыя крокі побач, якія краліся, амаль нячутна, як прывід, і тым не менш неадступна, у змроку матроскага квартала выцеснілі паступова ўспаміны пра перажытае, замянілі іх нейкім неўсвядомленым замяшаннем. Я адчуваў пакорлівы выраз яго вачэй, не бачыў іх, але заўважаў паторгванне губ; я ведаў, што ён хоча са мною гаварыць, але і не заахвочваў і не спыняў яго, падпарадкоўваўся пачуццю здранцвеласці, якое авалодала мною і ў якім цікаўнасць спалучалася з фізічнаю скаванасцю. Ён некалькі разоў кашлянуў, я ўгадваў яго прыглушаныя спробы загаварыць, але нейкая жорсткасць, якую таямніча перадала мне тая жанчына, цешылася з барацьбы паміж сорамам і душэўным парывам унутры яго: я не прыходзіў яму на дапамогу, а даваў магчымасць маўчанню чорнаю сцяною паўставаць паміж намі. І ўразброд гучалі нашы крокі, ягоныя - плаўныя, старэчыя, мае - наўмысна гучныя і грубаватыя, яны імкнуліся як мага хутчэй пакінуць гэты брудны свет. Усё мацней адчуваў я напружанне, якое ўзнікла паміж намі: рэзкім, немым крыкам да канца нацягнутай струны было яго маўчанне, але вось нарэшце ён парушыў яго - і спачатку з якою страшэннаю нерашучасцю! - і загаварыў:
- Вы там былі... вы там былі... паночку... сведкам дзіўнае сцэны... Прабачце... прабачце, што я зноў звяртаюся да яе... але яна, мусіць, здалася вам дзіўнаю... а я - вельмі смешным... Гэтая жанчына... бачыце...
Ён зноў запнуўся. Нейкі клубок падняўся ў яго ў горле. Потым яго голас панізіўся да шэпту, і ён паспешліва пралепятаў:
- Гэтая жанчына... яна мая жонка.
Я, мусіць, уздрыгнуў ад здзіўлення, бо ён паспяшаўся дадаць, быццам прасіў прабачэння:
- Бачыце... яна была маёю жонкаю... Гадоў пяць таму назад... у Герацгайме, у Гесэне, на маёй радзіме... Я не хацеў бы, паночку, каб вы дрэнна пра яе думалі... Гэта, мабыць, мая віна, што яна такая. Яна такою не заўсёды была... Я... я мучыў яе... Я ўзяў яе, хоць яна была вельмі бедная, нават бялізны ў яе не было, нічога, зусім нічога... а я багаты... лепш будзе сказаць, заможны... не багаты... скажам так, у мяне раней былі грошы... і ведаеце, паночку... я, мабыць - яна тут мае рацыю, - быў ашчадны... але ўсё гэта было раней, паночку, да няшчасця, і я сябе за гэта праклінаю... Але і тата мой быў ашчадны, і, можа, усе... І мне кожны пфеніг даваўся нялёгка... а яна была легкадумная, ёй падабаліся прыгожыя рэчы... а яна ж была бедная, і я ўвесь час папікаў яе гэтым... Мне не трэба было гэтага рабіць, цяпер я гэта ведаю, паночку, бо яна гордая, вельмі гордая... Вы не думайце, што яна такая, якою прыкідваецца... Гэта няпраўда, і яна сама сябе гэтым мучыць... толькі... толькі для таго, каб зрабіць мне балюча, каб памучыць мяне... і... бо... бо ёй самой сорамна... Можа, яна і сапраўды сапсавалася, але я... я ў гэта не веру... бо, паночку, яна была добрая, вельмі добрая...
Ён выцер вочы і спыніўся, спрабуючы перасіліць хваляванне. Міжвольна я паглядзеў на яго, і раптам ён перастаў здавацца мне смешным, і нават гэты дзіўны ўгодлівы зварот «паночку», якім карыстаюцца ў Германіі толькі ніжэйшыя саслоўі, болей не абураў мяне. Твар яго гаварыў пра тое, якіх намаганняў патрабуе кожнае слова, і калі ён, хістаючыся, цяжка ступаючы, пайшоў далей, вочы яго пільна ўглядаліся ў брук, як быццам ён чытаў на ім у хісткім святле тое, што так пакутліва вырывалася з яго здаўленай глоткі.
- Так, паночку, - сказаў ён, глыбока пераводзячы дыханне і зусім другім, нізкім голасам, які быццам выходзіў з самых патаемных глыбінь ягонай душы, - яна была вельмі добрая... і да мяне таксама, была вельмі ўдзячная за тое, што я выратаваў яе з галечы... і я ведаў таксама, што яна мне ўдзячная... але... я... хацеў гэта слухаць... зноў і зноў... зноў і зноў... мне было радасна слухаць удзячныя словы... паночку, гэтак бясконца радасна адчуваць, адчуваць, што я лепей за яе... хоць я і ведаў, што я горшы... Я аддаў бы ўсе свае грошы за тое, каб гэта ўвесь час слухаць... А яна была вельмі гордая і не хацела паўтараць, калі заўважала, што я патрабую гэтага, яе ўдзячнасці... Таму... толькі таму, паночку, прымушаў я яе заўсёды прасіць... ніколі не даваў дабравольна... Мне падабалася, што ёй трэба было прыходзіць і выпрошваць кожную сукенку, кожную стужку... Тры гады я гэтак мучыў яе, усё болей... але, паночку, было гэта толькі таму, што я яе кахаў... Мне падабалася, што яна гордая, але ўсё-такі я, вар'ят, заўсёды хацеў адолець яе гордасць, і калі яна чаго-небудзь прасіла, я злаваўся... Але ўсё гэта, паночку, было прытворства... для мяне была асалодаю кожная магчымасць яе ўнізіць, бо... бо я і сам не ведаў, як моцна кахаю яе...