Ён зноў змоўк. Ішоў ён, моцна хістаючыся. Пра мяне ён, відаць, забыўся. Гаварыў механічна, як са сну, і голас яго рабіўся ўсё гучнейшым.
- Гэта... гэта я зразумеў тады толькі, калі аднаго разу... у той злашчасны дзень... адмовіўся даць ёй грошай для яе маці, зусім нямнога... зрэшты, я ўжо падрыхтаваў іх, але хацеў, каб яна прыйшла яшчэ раз... яшчэ раз папрасіла... Дык што я казаў?.. Так, тады я гэта зразумеў, калі вярнуўся дадому, а яе не было, толькі запіска на стале... «Заставайся са сваімі праклятымі грошамі, мне болей нічога не трэба ад цябе»... вось што было напісана там, болей нічога... Паночку, я тры дні і тры ночы быў як шалёны. Прымусіў абшукаць лес і рэчку, сотні марак заплаціў паліцыі... абегаў усіх суседзяў, але яны толькі смяяліся і здзекаваліся з мяне... Нічога не ўдалося знайсці, нічога... Нарэшце мне сказалі ў суседняй вёсцы... што яе бачылі... у цягніку з нейкім салдатам... яна паехала ў Берлін... У той жа дзень і я туды паехаў... кінуў работу... страціў не адну тысячу... мяне абакралі мае работнікі, мой аканом, усе, усе... Але, клянуся вам, паночку, мне было ўсё роўна... Я застаўся ў Берліне, і недзе праз тыдзень знайшоў яе ў гэтым чалавечым віры... і пайшоў да яе... - Ён перавёў дыханне. - Паночку, клянуся вам... ні слова папроку не сказаў ёй... я плакаў... стаяў на каленях... прапаноўваў ёй грошы... усё сваё багацце, хай распараджаецца ім, бо ўжо тады ведаў... без яе я не магу жыць. Я кахаю кожны валасок яе... яе вусны... яе цела, усё, усё... і гэта ж я адзін саштурхнуў яе ўніз... Яна збялела як смерць, калі я нечакана ўвайшоў... я падкупіў яе гаспадыню, зводніцу, агідную, подлую жанчыну... Яна збялела як крэйда... Выслухала мяне. Паночку, мне здаецца, яна была... так, яна была амаль рада, убачыўшы мяне... Але калі я пачаў гаварыць пра грошы... а я ж зрабіў гэта толькі дзеля таго, каб паказаць ёй, што болей не думаю пра іх... то яна плюнула... а потым... бо я ўсё яшчэ не хацеў пакідаць яе... пазвала свайго палюбоўніка, і яны пачалі здзекавацца з мяне... Але я, паночку, усё роўна прыходзіў туды кожны дзень. Жыхары таго дома расказалі мне ўсё, я даведаўся, што гэты нягоднік яе кінуў, што яна жыве ў нястачы, і тады я пайшоў яшчэ раз да яе... яшчэ раз, паночку, але яна накінулася на мяне і парвала грошы, якія я потайкам паклаў на стол, а калі я ўсё-такі зноў прыйшоў, яе там не было... Чаго толькі не рабіў я, паночку, каб знайсці яе! Цэлы год, клянуся вам, я не жыў, а толькі высочваў яе, наймаў агентаў, пакуль не даведаўся нарэшце, што яна за морам, у Аргенціне... У адным... у адным дрэнным доме...
Ён не мог гаварыць далей і ледзь прахрыпеў апошнія словы. Потым зноў загаварыў, глуха, з натугаю:
- Я вельмі спалохаўся... спачатку... але потым падумаў, што толькі па маёй, толькі па маёй віне яна да гэтага дайшла... І я ведаў, як моцна павінна яна, небарака, пакутаваць... бо яна гордая, перш за ўсё гордая... Я пайшоў да свайго адваката, той напісаў консулу і паслаў грошай... але не напісаў, ад каго яны... каб толькі яна вярнулася. Мне тэлеграфавалі, што ўсё ўдалося... я ведаў, на якім параходзе... і чакаў яго ў Амстэрдаме... Прыехаў за тры дні да гэтага, так я гарэў ад нецярпення... Нарэшце ён прыйшоў. Які я быў шчаслівы, калі дым парахода паказаўся на гарызонце, я думаў, што ў мяне не хопіць сілы дачакацца, так паволі, паволі ён прычальваў, а потым пасажыры пачалі спускацца па сходнях, і нарэшце, нарэшце, яна... Я яе не адразу пазнаў... Яна была другая... нафарбаваная... і ўжо такая, якою вы яе бачылі... І калі яна заўважыла, што я прыйшоў сустрэць яе... яна пабялела... двое матросаў падхапілі яе, інакш яна ўпала б у ваду... Ледзь толькі яна ступіла на бераг, я падышоў да яе... Я не гаварыў нічога... спазма сціснула горла... Яна таксама не гаварыла нічога... і не глядзела на мяне... Насільшчык ішоў паперадзе з рэчамі, мы ішлі і ішлі... Раптам яна спынілася і сказала... паночку, як яна гэта сказала... так пакутліва-балюча мне зрабілася, так сумна гэта прагучала... «Ты ўсё яшчэ хочаш, каб я была тваёю жонкаю? Нават і цяпер?..» Я ўзяў яе за руку... Яна задрыжала, але не сказала нічога. Аднак я адчуваў, што цяпер усё зноў добра... Паночку, які шчаслівы я быў! Я скакаў вакол яе, як дзіця; калі мы зайшлі ў пакой, я ўпаў да яе ног... Гаварыў глупства, мусіць... бо яна ўсміхалася праз слёзы і мілавала мяне... вельмі нясмела, вядома... але, паночку... якое гэта было для мяне шчасце... маё сэрца млела... Я бегаў па лесвіцы ўніз, наверх, заказаў абед у гатэльнай рэстарацыі... наш вясельны абед... памог ёй адзецца... і мы пайшлі ўніз, елі, пілі, весяліліся. О, якая вясёлая яна была, як дзіця, такая сардэчная і добрая, і гаварыла пра наш дом... і як мы цяпер будзем зноў набываць усё... Але там... - Голас яго раптам сарваўся, і ён зрабіў рукою жэст, быццам хацеў кагосьці скрышыць. - Там... там быў адзін афіцыянт... дрэнны, подлы чалавек... ён падумаў, што я п'яны, бо я скакаў як ашалелы... і ледзь не падаў ад смеху... а я ж толькі быў шчаслівы... ах, такі шчаслівы, і вось... калі я заплаціў, ён даў мне здачу на дваццаць франкаў меней... Я на яго накрычаў і патрабаваў рэшту... Ён збянтэжыўся і паклаў залатую манету на стол... І тут... тут яна раптам гучна зарагатала... Я неўразумела паглядзеў на яе, але гэта быў другі твар... ён адразу стаў здзеклівы, жорсткі і злы... «Які ты ўсё яшчэ дакладны... нават у дзень нашага вяселля!» - сказала яна зусім холадна, рэзка... з жалем... Я спалохаўся, праклінаў сваю дробязнасць... спрабаваў зноў развесяліцца... Але яе весялосці як і не было... яна памерла... Яна патрабавала сабе асобны пакой... чаго б я не зрабіў дзеля яе... і я ляжаў ноччу адзін і ўсё думаў, што б ёй купіць раніцаю... як бы яе задарыць... паказаць ёй, што я не скнара... ніколі болей у адносінах да яе. І раніцаю я пайшоў і купіў ёй бранзалет, раненька, і калі я зайшоў да яе ў пакой... ён... быў пусты... зусім так, як і ў той раз. І я ведаў, на стале павінна быць запіска... Я выбег з пакоя, маліўся богу, каб гэта было не так... але... але... запіска ўсё ж такі ляжала там... У ёй было напісана... - Ён запнуўся. Я міжволі спыніўся і паглядзеў на яго. Ён панурыў галаву. Потым хрыпла прашаптаў: - Там было напісана... «Пакінь мяне ў спакоі. Ты мне агідны...»