– Няма, – згаджаецца і ўздыхае дзед, і ў яго некалі блакітных вачах гасне ледзь прыкметны агеньчык радасці – Васільку ўжо і шкада, што ён так гаворыць з дзедам, – навошта яшчэ і крыўдзіць яго?
Дзед плямкае бяззубым ротам, прыгладжвае кужэльную бараду, зіркае неўпрыкмет на хлапчука – з якім настроем прыйшоў? Маўчыць дзед Міхась, маўчыць і госць, не ведае, з якога ўжо боку і падступіцца да старога, каб згадзіўся, каб уважыў. Настырны дзед і, відаць, скнарны. Бо які яму наедак з тае стрэльбы? І чаго толькі ўпарціцца? Хіба мо старую Тэклю пужае, калі тая пачынае сварыцца на дзеда?
Васілёк з дзедам сядзяць на прызбе. Дзед у фуфайцы, хаця на вуліцы і задушна. Ды і зімовая шапка з развязанымі матузамі – старая, аблезлая, і не пасавала яму – мо дзед Міхась яе яшчэ да рэвалюцыі насіў.
“Што ж ён тады зімой будзе насіць? – думае пра сябе хлапчук і глядзіць на старога, які ўсё яшчэ маўчыць, але ў глыбокіх зморшчынках, там, дзе хаваюцца хітрыя і разумныя вочы, загараюцца зноў жвавыя агеньчыкі. – Колькі ж яму гадоў? За сотню, мусіць, пераваліла ўжо…”
– Не, хлопча, не згаворымся… Што мне з дзіцёнкам гаварыць – гарэлкі не п’еш, ад зямлі яшчэ не адрос, ёлкі-маталкі…
Дзед праказаў сваё рашэнне чамусьці весела, як бы і сам абрадаваўся канчатковаму прысуду. Нават далонькамі пляснуў па худых каленах, аж вочы зажмурыў ад задавальнення.
– Эх, дзед Міхась, дзед Міхась, а я думаў… Ну, што ж, шкада, вельмі шкада, але, відаць, нічога ўжо не паробіш – такі мой лёс. А я думаў, якую качку ўпалюю ці дзіка, наедак быў бы які, і табе сцягно калі перапала б… Што ж, добра, так таму і быць.
Васілёк падняўся з прызбы, паправіў на сабе картовыя штаны – спаўзлі, і папружка іх не трымала, абдзёр ззаду з іх шыгалле прызбы, уздыхнуў: пара было ісці дахаты, маці, мусіць, ужо зачакалася – бульба даўно астывае ў чыгунку.
Толькі ўжо калі ўзяўся за веснікі, падумаўшы: “піва са старым не не зварыш”, дагнала дзядусева пытанне:
– А калі сур’ёзна, ёлкі-маталкі, навошта табе мая гармата?
Адказаў з падкавыкай:
– А тых жа, дзед, варон і ганяць. Маці кажа, што спасу няма ад іх – кураняты прападаюць.
Дзед нечакана зарагатаў – адказ дужа спадабаўся, і яшчэ раз пераканаўся, што хлопец з характарам – увесь у свайго бацьку.
– Паслухай мяне, нябожко, ёлкі-маталкі, зазірні да мяне заўтра, – хітануў галавою і тут жа заматляліся матузкі шапкі-аблавушкі – хітра і пільна стрэліў вокам у падлетка. – Заўтра, калі ў цябе будзе час…
– А чаго хадзіць да цябе – зноў жа скажаш, што не згаворымся, што я ад зямлі не адрос, што соплі ў мяне пад носам.
– От які хуткі, палкі-маталкі! Бачце, няўсцерп яму, як дзеўцы замуж. Можа я з табою гаварыць-балаболіць люблю, можа мне падабаецца, як ты ўпарцішся і ні храна не разумееш у гэтым жыцці. Крыўдлівасць сваю мне дэманструеш, тым самым дурноцтва сваё выказваеш…
– Ну, дзед...
– Можа мне з табою проста інцярэсна, га? Бо на бацьку свайго ты дужа падобны. А я паважаў яго вельмі. І – любіў. Разумны і дабрачы чалавек, скажу табе шчыра, быў. А ты – стрэльбу, стрэльбу дзед прадай… А можа мне з ёю развітвацца шкада, як з гэтым белым светам. То ж мае маладыя гады ў ёй, а ты, як той агрэсар-анціхрыст, напралом лезеш, уварваўся, раскрычаўся, давай – і ўсё тут… Не, каб падрыхтаваць дзеда, настроіць яго на добры лад, з ласкай да яго, з падыходзікам, дык ён кандыдоберам перада мною танцуе… Ат, ёлкі-маталкі, што з цябе возьмеш… Неразумнае і дурное дзіця, скажу табе, ёлкі-маталкі...
Хлапчук здзівіўся, пачуўшы ад дзеда такое прызнанне. Падалося, што тыя словы прамовіў не дзед, а нехта іншы, які схаваўся недзе побач і не паказваўся. Стары ж ніколі так не гаварыў – прамаўляў, як быццам скрозь слёзы. Выварочваў сваю душу, вырываў са сваіх грудзей сэрца, ад чаго Васількова сэрца зайшлося “у шпары” ад дзедавага няўцямнага і нечаканага прызнання. Ну і дзед, ну і штукар, ну і хітры ж ліс – вось і зразумей яго, разбярыся ў яго душы, вось і адрозні шчырае слова ад хлуслівага, праўдзівага ад падколкі…
Васіль не адчыніў веснікаў, не вярнуўся ў двор дзеда, прамаўляў з вуліцы, дзе і дагнала дзедава слова.
– Калі так, дзядуля, то не трэба мне твая стрэльба. І таму не буду больш цябе крыўдзіць, выпрошваць. То ж для цябе яна як памяць, так бы мовіць, рэліквія.
– Рэліквія, рэліквія, – перадражніў дзед на свой лад. – Я не хачу аддаваць у абы чые рукі. На шкоду можа пайсці – як я на тым свеце сябе пачуваць буду? А ў твае аддам. Як усё роўна бацьку аддам. Бо і ён прасіў мяне пра тое ж. Я і паабяцаў. Сказаў яму, што пасля вайны і аддам, як вернецца сам. Аж яно вунь як…Вось так, ёлкі-маталкі… Так што табе яна належыць. Даверыць магу толькі табе. Спадзяюся, што злога ёю не зробіш.