“Мо здагадваецца дзед пра ўсё? – падумаў з жахам Васіль. – Здагадваецца, і таму папярэджвае? А мудры ўсё ж дзед Міхась… Не хоча, каб на ім і яго памяці хаця б і плямінкі зла і нядобрасці не было. Не бойся, дзед, не будзе… Але гадаў і нелюдзяў, адным словам, антыхрыстаў, трэба забіваць, – то ж не грэх. Бог даруе за ўсё… А не даруе, дык што ж… Чым вінаваты дырэктар перад Богам? Што атэіст? Але ж і мне ён раіў не ганіць Бога, а верыць у Яго. Значыць, і ён верыў Ісусу Хрысту, хаця на людзях і пры вучнях павінен быць атэістам… Каму ж ён тады зло зрабіў? Рафалу, што яго сястра ніяк не магла стаць дырэктарам школы, і таму яны разам зрабілі паклёп, данос на яго…”
Хлопец маўчыць, агарошаны пачутым, але не выказвае сваю радасць, хаця, калі шчыра, калі ўсё праяснілася, і без асаблівых перашкод выконваецца яго задумка, то ён і не адчуў той радасці, якая чакалася напачатку. Каб жа дзед не гаварыў тыя словы, каб жа не прызнаваўся ў сваёй слабасці, то тады б… А так… А так усё памянялася месцамі – і не разабраць цяпер, дзе радасць, а дзе горыч, дзе перамога, а дзе параза…
Дзед раскрыў сябе зусім з іншага боку, нечаканага боку, і цяпер Васілю застаецца доўга ламаць галаву над яго словамі-прызнаннямі, словамі-споведдзю.
– Вось такая, нябожко, будзе мая рэзалюцыя. Падараваць не магу, хоць забі, ёлкі-маталкі…
“Што – зноў назад, зноў задні ход? – перапытваў невядома ў каго Васіль, і пашкадаваў ужо, што адразу не дамовіўся з дзедам, калі той даў згоду. – А цяпер яму зноў нейкая нявыкрутка… Ну і няхай, я ж сказаў, што згадзіўся з ім на тое, што баяў дзед напачатку…”
– То і не трэба, дзед Міхась. Я ж не настойваю – раз не, то, значыць, не… – пачынаў ужо хлапчук шкадаваць дзеда Міхася, і ў душы не рады быў, што падбіваў яго на продаж сваёй рэліквіі. То ж рана на сэрцы будзе ў дзеда, і вінаваты ў тым будзе ён, Васіль…– Хай будзе так, як ты і рашыў напачатку…
– Ото зноў, ёлкі-маталкі, ну і пагавары з ім… Ну што ты возьмеш з яго, я яму пра баравікі, а ён пра рыбу…
– Дык я ж, дзед…
– Ды што ты дзяўбеш усё – “дзед ды дзед”! – падхапіўся з прызбы стары, галавой крутануў, рукамі замахаў. – Быў дзед, ды сплыў. Я што хацеў табе сказаць? Падараваць, кажу, не магу.
– Не можаш...
– Нож і стрэльба – не дарункі. – Дзед пасміхаўся ўжо, як танцы наладзіў на адным месцы – круціўся на адной назе, як малы свавольнік, пасміхаўся з хлапечай недасведчанасці, але не здзекваўся, – А грошай у цябе, што ў мяне маладых гадоў… Так, адным словам, слухай мае ўмовы, калі хочаш, каб усё было ладком і палюбоўна. Ведаю, дружа, што маці гнала самагонку для пасяўной. Мая цана за маю гаўбіцу – тры пляшкі, – і – забірай яе, каб мае вочы болей не зырыліся, а душа не плакала, ні дна ёй, ні накрыўкі. Націранне мне трэба, разумееш? Спіна апошнім часам пачала пабольваць – спасу няма. Ды не крадзі толькі, скажы маці, што стары Міхал папрасіў. І прыходзь заўтра. Тады і згаворымся.
Васіль насупіўся, што зноў дзеда некуды ўбок заносіць, пацікавіўся:
– Дзед, а чаму не сёння? Прынясу праз колькі хвілін – маці дасць, я ведаю, не адмовіць. Але ж чаму заўтра?
Дзед сціснуў губы, каб былі ў яго зубы, то абавязкова скрыгатнуў бы імі, а так плямкнуў, пракаўтнуў сліну, змочваючы горла, праказаў настойліва і рашуча, не гледзячы на яго:
– Кажу табе, што заўтра, і цыц на гэтым, ёлкі-маталкі!
Дзед пачынаў ужо злавацца па-сапраўднаму, тупнуў нагой, як на неслуха, у трыпутнік, што спрэс рос каля прызбы, як загадаў усё роўна:
– І такой вось часінай прыходзь – як сонца пачне хаваццца за лесам!
Прыемная цеплыня разлілася па ўсім целе, у грудзях сцішылася неспакойнае трымценне. Яго мара заўтра павінна здзейсніцца! Хацелася падбегчы да старога, абняць яго, пацалаваць нават. Ды стрымаў сябе – падумаў, што для мужчыны такое не гадзіцца, ды і сам бы дзед не адобрыў бы таго, прагнаў бы яшчэ.
Стары зноў сеў на прызбу, стомлена апусціў галаву на грудзі, глыбака ўздыхнуў – яго як усё роўна змарыў сон.
Васіль ціха, каб толькі даляцела да слыху дзеда Міхася, прамовіў:
– Дзякую, дзядуля! Заўтра ў такі час прыду!..
– Ідзі. І каб з пустымі рукамі не прыходзіў! – закрычаў ён, але ў голасе не было злосці, адно чулася згода, дабрыня і шкадаванне бязбацькавіча. – Эх, ёлкі–маталкі, жыў я ў Наталкі, ведаў, што кахае, ведаў, што глухая…
Дадому йшоў з радасным трымценнем у сэрцы: “Удалося! Дзед задаволіў просьбу – уважыў. Цяпер ужо я смялейшым пачувацца буду... Рафал не заспее мяне нідзе...”
...Эксперты паклалі перад Зінчуком тоўстую, як падняць, папку. То была справа Васіля Зубрыцкага. На наклеенай паперы справа ўверсе зялёнай тушшу было пазначана – “Тэхнічная экспертыза”.