Выбрать главу

Спяцоў было трое.

Адзін з іх – тоўсценькі, невысокага росту, ды ў дадатак яшчэ і лысы, пастаянна макрэў і раз-пораз выціраў насоўкай патыліцу.

Другі – худы ды высокі, і нос пікай з шырокімі наздрынамі, а пад носам кароценькія вусікі, а над вачмі светлыя бровы.

Трэці меў выгляд вясёлага чалавека – у блакітнай тэнісцы, стройны, падцягнуты, і як не праз слова ўстаўляў “ета самае”, і хіхікаў ці то з’едліва, ці то радасна, не зразумець.

– Ета самае, мы зрабілі ўсё і па ўсіх законах. Выходзіць так, што прараб Зубрыцкі – злосны злачынца. Стала, ета самае, за правіла – уседазволенасць; ён і начальства не паважае, мацюка можа загнуць на людзей – не паважае іх.

Спец гаварыў і як быццам радаваўся, што так усё выходзіла і вымалёўвалася, і, значыць, выходзіла ўсё па ягонаму, Яны зрабілі тое, што патрабавалася ад іх, цяпер можна толькі ўдакладняць дэталі.

Зінчук перабіў “етасамага”, спытаў:

– А як з пастаўкамі на будаўнічым аб’екце?

– З якімі пастаўкамі? – збіўся балабол і паглядзеў незразумела на следчага. – А на які чорт нам пра тое ведаць? Ета самае, кесару – кесарава…

– Будаўнікі далі слова пабудаваць корпус да святаў – пераносілі з году на год, а гораду даўно патрэбна бальніца – да свята ці без свята. А ім пастаянна ставілі падножкі – то бетону не дадуць, то цэглы. Ужо дзесяць гадоў як выйшлі з вытворчасці катлы, а іх ім запланавалі на ўстаноўку.

Зінчук уздыхнуў, ведаў, што экспертам тое да лямпачкі, і яго словы для іх – пусты гук, але хацелася выгаварыцца, выказаць сваю думку на гэты конт.

– Ну і што з таго, ета самае?

– А тое, што Зубрыцкі і галоўны ўрач стукаліся ў розныя дзверы – райвыканкама, аблвыканкама, але ім ніхто не адчыніў іх, ніхто не захацеў слухаць… Катлам жа ад сілы стаяць пяць гадоў. Мільёны на вецер, запланаваныя – на вецер…

– Але ж пры чым тут катлы? – эксперт недаўменна паціскаў плячыма.

– Пры чым? А прычынная сувязь… Але тое ўжо не з вашай вобласці. А вам дзякуй за работу. Зроблена яна прафесійна і кваліфікавана.

– Браку не робім.

Зінчук падняўся з-за стала, падаў кожнаму руку, правёў да дзвярэй. А потым стаў каля акна і доўга глядзеў у двор – праз металічныя рашоткі. Хацелася глядзець на блакітнасць неба, на воблакі, якія, здавалася, стаялі нерухома на адным месцы.

Можна было цяпер заканчваць крымінальную справу – расстаўлены кропкі над “і”, высветлілася незразумелае і не даказанае.

Але на душы не было задаволенасці, супакаення. Ужо дзесяткі і сотні раз у галаве пракручвалася адно і тое ж – бульдозер суне балку і яна падае ўніз, накрывае рабочага… Ён выйшаў на прычынную сувязь. Ёсць такое паняцце ў юрыспудэнцыі.

Дык усё ж – што з—явілася канкрэтнай прычынай таго няшчаснага здарэння? Таго не загадваў рабіць Зубрыцкі, і ні яго рукой было зроблена тое, што здарылася на будаўнічай пляцоўцы. Бо і рабочага не пасылаў дарабляць нязробленае – ні ён, ні брыгадзір…

Начальніку кіравання па будаўніцтву Звонаву галава не баліць, якія катлы ўстаноўлены ў кацельні і колькі гадоў яны пратрымаюцца пад рабочай нагрузкай. У яго, Звонава, ёсць канкрэтнае заданне – праводзіць рэканструкцыю, а астатняе – няхай і трава не расце.

Галоўны ўрач ведае, і яго найбольш тое непакоіць. І ён казаў пра тое Звонаву. Але безвынікова. Той даў зразумець, што калі галоўны ўрач будзе “лезці ў бутэльку”, то і зусім не дасць туды рабочай сілы, кіне брыгады зусім на іншы аб’ект – вунь для чарнобыльцаў-перасяленцаў домікі трэба ўзводзіць, а то першачарговая задача…

Казаў пра тое ж начальніку будоўлі і Зубрыцкі – і не адзін раз. Настойваў нават на вырашэнні той праблемы. Ну, Звонаў і паслаў яго пры ўсіх туды, дзе ракі зімуюць… Той агрызнуўся. Таму і стаў “ненадзейны”, прыклеілася да яго, што “дэспатычны”, “не паважае начальства…”

Па праекце трэба было агінаць сцяну трубой, але брыгадзір знайшоў больш эфектыўны выхад – ісці напрамкі. Даказваў, што так і час скароціцца для ўстаноўкі, і абагрэў будзе лепшы. Вось і паклікаў яго брыгадзір у той дзень, каб не марнаваць рабочы дзень і разам прыняць рашэнне.

І – збег акалічнасцей.

Бетоншчык вечарам адказаў сцвярджальна на пытанне, ці замураваў ён сцяну фундамента пад корпусам. А раніцай, калі прараб з”ехаў да кацельні, рашыў выправіць свой падман – занёс туды колькі вёдзер раствору і пачаў ладкаваць сцяну. Пэўна ж, не чуў, што блізка гудзеў бульдозер, а мо і чуў, ды не надаў ніякага значэння – бульдазерыст жа раўняў пляцоўку.

А потым той жа бульдазерыст Гуліцкі патлумачыў, што і сам не ведае, як зачапіў тую злачасную бетонную перамычку – да яе яшчэ было ладна адлегласці. Не думаў, што зачэпіць, і не думаў, што ўпадзе менавіта туды, дзе бетоншчык замуроўваў свой падман…