Старэйшы брат, Сяргей, быў яшчэ ў войску – доўга пасля перамогі не адпускалі дадому. Васілёк дужа засумаваў па ім, і таму не мог дачакацца, калі прыедзе – ото было б лягчэй: што ж ён можа сваімі дзіцячымі рукамі? І ў хаце пуста – нішчымніца і голад, штодня ў жываце жабы крумкаюць… А так бы зажылі вясёла са старэйшым братам і матуляй.
– Пайду я, мамка, у пастушкі, – сказаў, як даўно выспеленае сваё рашэнне, апусціў галаву, каб не глядзець у вочы маці, – глядзіш, а якая-ніякая падмога будзе. Не прападзем, з голаду не памром!
Маці маўкліва прытуліла сына да сябе.
4.
Самае цяжкае і пакутлівае – уставаць ранічкай.
Вялікімі намаганнямі адрываў ад падушкі галаву. Праўдзівей сказаць, маці адрывала падушку ад галавы, – не мог хлапчук адляцець ад сваіх дзіцячых сноў… А мо і не ад сноў, а ад таго, што не пераставалі, балелі ногі і спіна – папахадзіць за статкам цэлы дзень не кожнаму і па сіле ў яго ўзросце.
Але так было ў першы тыдзень. На другім ён і сам прахопліваўся, ускокваў бадзёра з ложка, бег адразу да мыцельніка, каб халоднай вадой прагнаць ад сябе рэшткі сну… Уцягнуўся неўпрыкмет, прывык, і стала ўжо нашмат лягчэй хадзіць кожны дзень за гавядой…
Выпасваў найбольш на балацявінах, па мурожнай траве, а потым чакаў, калі здаволяцца рагулі пашай – гнаў да Ігналявага селішча, дзе стаялі грушы і яблыні, буйна расла шыпшына і чарнабыл, – там заўсёды ляжалі каровы і жавалі жуйку.
Ігналя з сям’ёй яшчэ да вайны, перад самым яе пачаткам, выселілі і пагналі ў Сібір. Як кулакоў. І яшчэ дзве сям”і разам з ім. Як сядно за кампанію. Каб, значыцца, весялей было на невядомай і злой зямлі…
От ужо калі каровы прыжмурвалі вочы, не перастаючы жаваць, што аж сліна ў іх сцякала на мурог, пастушок ухітраўся і сам драмануць якую гадзіну ў цяньку. Тады, прачнуўшыся, адчуваў, як у яго прыбавілася сіл і бадзёрым адчуваў сябе да самага вечара.
А ляжаць Васілёк любіў на сваім звыклым месцы – каля старога дубовага пня, каля якога вымкнулася ў неба разгалістая ліпа. Торбачку пад галаву, спіной да пня – і як толькі прымружваў вочы, адразу яго агортваў сон. Тады ўжо пастушок не чуў, як гулі-нылі ногі, як пачувалася рука – увесь час не выпускаў з рук важкую пугу, – і правальваўся ў свае сны, лётаў і бегаў, даганяў некага, як і ганяліся за ім, жартуючы, весела смеючыся…
Тады ён заснуў адразу і моцна.
Неспакойны быў дзень – каровы гізавалі, не ведаючы куды сябе падзець, – даймалі іх надакучлівыя і кусучыя здрокі, дапякалі, даймалі ўсюды – і ў кустоўі, і ў вадзе. Ледзьве сабраў іх у гурт. Пакуль бегаў то за адной, то за другой, дык і вымак спрэс – пасля зацяжных дажджоў дарогі і лагчыны былі гразкія і слізкія…
… Прачнуўся ён раней, не як заўсёды.
Яго як хто таўхануў пад бок – лёгенька так, далікатна. Падумаў найперш, што статак разбрыўся хто куды і яго раскартухала трывога за кароў. Паглядзеў – і адразу адлягло ад сэрца – усе каровы ляжалі, праўда, адна толькі Пярэстая – цёткі Вікці – стаяла каля алешыны па калена ў балотнай твані, і, пусціўшы з пысы сліну, варушыла лена сківіцамі.
І тут ён раптоўна ўбачыў, як з шэрага пня звесіўся над яго галавой цёмнай вяроўчынай доўгі вуж – як шукаў месца, куды спаўзці, і мерыўся ўжо ўпасці яму на грудзі.
– Вужык! – абрадваўся, напачатку толькі ўздрыгнуўшы імгова, ды не ад страху, адно ад нечаканасці, і ўхапіў яго акуратна рукамі і паднёс да вачэй. – Вужык-тужык! І ты тут адпачываеш? А я і не ведаў, што мы з табой суседнічаем. Бачыш, мы ўдвох аблюбавалі гэтае месцейка…
Язычок у вужыка чорненькі, вочкі малюсенькія, як макавінкі, жоўтыя вушкі – як вясновы кураслеп. Ён пальцам пагладзіў яго па галаве, пахукаў, як адаграваў усё роўна ад холаду.
Вужык, мусіць, адчуў яго дабрыню, бо пачаў абвівацца па руцэ, гайдацца на ёй, раскачвацца. А потым, як паразумеліся, як раззнаёміліся, на шыі ўжо гальштукам завязваў яго, запазуху пускаў і рагатаў, адчуваючы, як ён, халодны, бы кавалак ільду, поўзаў на спіне і жываце…
І павялося ўжо так кожны дзень – толькі прыгоніць пастушок статак на Ігналяву паляну, а вужык ужо чакае хлапчука, неспакойна круціцца на пні, як выглядвае яго. Пастушок адкаркоўвае бутэльку, налівае ў сагнутую далоньку малако і пачынае паіць вужыка. Калі вып’е, зноў далівае. Да тае пары, пакуль не нап’ецца… А пасля ўжоВасілёк абедае сам. А вужык назірае за ім, маўкліва лежачы на шурпатым пні або на плячы.