- Нічога, Коля, нічога. То я за смерць сваю выпіў.
Сын здзіўлена паглядзеў на бацьку, скінуў з сябе тэніску – даймала духата..
– Як гэта – за смерць? Не палохай, бацька... Мо “хуткую” выклікаць?
– Я не палохаю, сын, – бацька хрумстаў, закусваў агурком, і ужо лагодна ўсміхаўся – узрушанасць пакрысе адступала. – Смерць мяне сорак гадоў назад шукала... Абмінула. А цяпер, сын, давай па кроплі за сустрэчу. І налі ў тыя, маленькія, крышталёвыя шкалікі, што мы з маткаю вам падарылі. За сустрэчу, Коля, вып’ем...
Мікола выканаў бацькаву просьбу...
...Радавы Рыгор Каробка на вайну папаў з першых дзён. Правільней будзе сказаць – адразу, як прызвалі ў ваенкамаце. Акурат яго ўзрост падыходзіў тады – увосень спаўнялася васемнаццаць...
Ноч... Буйныя, як перспелыя жоўтыя слівы, зоркі ў небе.
Чарпак Вялікага Воза схіліўся над возерам – чэрпаў з яго ваду.
Узвод укапаўся ў зямлю, зашыўся ў яе як дазваляў рост байца. Пахла жывіцай – за спіной раскашоўваўся густы сасоннік, палыном і чарнобылем схіл гары спрэс зарос разнатраўем.
Хіліла ў сон. За дзень нагрэты пясок утрымліваў у сабе цеплыню і ўганяў у дрымоту.
– Паспі, Рыгор, не клюй носам, – гаворыць радавы Хвайніцкі, з якім паспеў пасябраваць. Хлопец з-пад Віцебска. Вясковы, дужы малец, як называюць хлопцаў на Віцебшчыне, які не раз браў на сябе важэйшую ношку, старэй на гадоў сем.
– А раптам папаўзуць, – сонна абзываецца хлопец, і прапанова сябра яшчэ больш дрымотліва дзейнічае на яго.
– Ну і што з таго? – даносіцца з цемры затоены шэпт. – Заўважым. Адбівацца ёсць чым... Не першы раз... Спі...
Ціха. Дзесьці ўнізе, ля возера, цвіркочуць конікі. Уздыхнуў цёплы вецер і пошумна прайшоўся па вершалінах сасонніку, пагладзіў даверлівым дотыкам-хваляй твары байцоў.
На Рыгора адразу ж найшла супакоенасць і млявасць: ён праваліўся ў сон і апынуўся ў сябе дома – у роднай хаце. Сярод бацькоў. Малодшая, Волечка, якую бацькі знайшлі апошняй у сям’і, за пяць год перад вайной, весела кінулася яму на рукі, закрычала радасна:
– Лыголка плыехаў! Лыголка плыехаў!..
Яна ўсё яшчэ ніяк не магла навучыцца выгаворваць літару “р”.
Маці пацалавала, бацька абняў, прытуліў да сябе, павёў да стала. Ён сабраў, аказваецца, усю сям’ю, суседзяў, каб пахваліцца сынам, яго пабыўкай, каб распытаць у яго пра вайну...
– Колькі ж ты, сын, танкаў падбіў? Пахваліся, Рыгорка!
– Гэтым не хваляцца, бацька, падбіваў – і не раз.
– Танкі! Наперадзе танкі!..
Рыгор не зразумеў, хто крычаў. Толькі бацька раптоўна знік, як і ўсе людзі, і ён ужо не ў сваёй хаце, а дзе – уцяміць не мог.
– Рыгор! Рыгор, прачніся, тваю маць! – крычаў ужо, што было сілы, сябар, катурхнуў моцна за плячо, трывожна гледзячы наперад – у шэрае мроіва.
Каробка тут жа ўскочыў, працёр кулакамі вочы, перапытаў устрывожана:
– Дзе яны, Пятрусь?
– Ды вунь – справа ядры іх качалку, – паўзуць ад возера. Фары не ўключаюць, пруць, гады, напрамкі.
А вочы яшчэ нічога не бачуць – наперадзе суцэльная шэрань, і нічога выдзеліць немагчыма. Але вочы пакрысе прывыкаюць, робяцца пільнымі, і ён ужо бачыць чорныя пачвары, што сунуцца павольна ў іх бок.
– Цяпер, Пецька, бачу. Як жукі гнойныя паўзуць. Я гатоў, Пятрусь!
Камандзір узвода – лейтэнант Стальмахоў – з’явіўся над імі нечакана, запытаўся строга, ці ведаюць абстаноўку – вораг наперадзе.
– Мы напагатове, таварыш лейтэнант, – адказаў Пятро, – не першы раз мы з Карабком вось так перад танкамі...
– На вас, хлопцы, уся надзея, – ужо лагодней прамовіў камандзір, шмаргануўшы носам – прастудзіўся. – Тут яны і будуць перці. Гармата паможа, але і вы ня зявайце...
– Пастараемся.
– Тады – з Богам!
Зміцер Стэльмахоў – веруючы. Але ён не выстаўляў сваю веру напаказ, нават хаваўся ад старонняга вока. Аднаго разу Рыгор прыкмеціў, як лейтэнант маліўся, цалуючы крыжык, што вісеў на шыі. І зрэдзь у яго размове вырывалася “Бог паможа”, “з Божай помаччу”... У хлопца васільковыя вочы, светлыя, колеру спелай пшаніцы, валасы, ціхі, нават і не камандзірскі голас. Але не голасам браў, а кемлівасцю і дабрынёй. Амаль Рыгораў аднагодак, усяго на год-два старэйшы, а прызнавалі ў ім байца і камандзіра, і – клапатлівага бацьку.
– На Бога спа... – хацеў сказаць Рыгор, але тут жа наперадзе, за метраў дваццаць, разарваўся першы снарад, што даслаў фашысці танк – і на байцоў пасыпалася з карнявішчамі зямля, бадылле, розная пацяруха...
Сябры адразу ж упалі на дно акопа.
Камандзір узвода паімчаў на баявую пазіцыю, прадчуваючы, што бой будзе цяжкі, крывавы. Для некага і апошні. Можа, нават і для яго...