Потым снарад разарваўся позаду, сыпануўшы добра зноў на іх жвіру і камення. Але хлопцы на гэты раз не адрывалі позірку ад танкаў, што павольна падкрадваліся да іх – трымалі на прыцэле, але агню не адкрывалі, чакалі, калі прысунуцца яшчэ бліжэй..
Гахнула са свайго сховішча саракапятка – і першы танк ахапіла полымя. Затахкаў кулямёт. Зноў наперадзе разарваўся снарад – ужо бліжэй да бруствера: аж падкінула да зямлі супрацьтанкавае ружжо, што ўчэпіста трымаў у сваіх руках Рыгор.
– Цэлы, Пятрусь?
– Цэлы будзем, не загінем... – агрызнуўся ваяўніча сябар, не адрываў позірку ад сполахаў у цемры. – Трымайся, Рягор, цяпер пачынаецца вялікая-вялікая работа... І рабіць нам яе – не перарабіць...
Наперадзе, перад самым брустверам, успоўз перадам на ўзгорак “Т-4”, і Рыгор без прамаруджвання націснуў спускавы кручок. Моцна і балюча тарганула ў плячо, руля з пашыраным канцом выплюнула агонь, – і праз момант танк з перабітай гусеніцай закруціўся на месцы.
Калі ж павярнуўся бокам, то ўзяў на мушку паліўны бак, – зноў стрэліў. І тады танк успыхнуў полымем...
– Малаток, Рыгор, так іх, гітлера маць...
Чорныя воблакі бою ўздымаліся ў чорную ноч, хаваючы зоркі і ўсё наваколле.
У тым месцы, адкуль біла саракапятка, узнікла вялізная ўспышка агню – прамым пападаннем гармата выйшла са строю.
Пятрусь бачыў у цемры “свае” жывыя мішэні, і дасылў у той бок, прыцэльна, трасіркі. З падбітага танка беглі немчукі назад, і іх даганялі кулі, – у такія мішэні не папасці было проста немагчыма... Гэтага не бачыў Рыгор – лавіў танкі, слаў на іх смяротны агонь...
Дзве ўжо пачвары, як бы прывязаныя адна да адной, рухаліся ў яго бок. Рыгор прыкмеціў іх адразу – і стрэліў у правы танк, скоранька перазарадзіў зброю, зноў прыжмурыў вока – цэліўся... Белы слуп зямлі раптоўна вырас перад вачыма, да болю сціснула барабанныя перапонкі ў вушшу – і Каробка не вытрымаў болю, закрычаў, абхапіўшы далонямі галаву...
Страху не адчуў. Толькі нейкае жахлівае прадчуванне ці то канца, ці то пачатку нечага новага, яшчэ не зведанага ў жыцці. Грудзі распіраў адначасна і пякучы боль і роспач. Напэўна, так і крычыць немаўля, перайшоўшы ў новую стадыю свайго жыцця. Па крыку тады бабка-павітуха і вызначае здароўе народжанага...
Рыгор крыкнуў раз, потым другі, і трэці... Мо ён і не крычаў зусім, а толькі пруціўся, сілячыся нарадзіць крык. А хоць бы і крычаў, то яго наўрад ці хто і пачуў бы ў гэтай пякельнай і жудаснай начы... Ён, здаецца, і сам сябе не чуў. Не пачуў, але ўсё ж адчуў палёгку, – як другое дыханне адкрылася ў ім перад доўгай дыстанцыяй, якую адолець яму прыйдзецца абавязкова.
І тады ж Рыгор зноў апынуўся за бацькоўскім сталом...
Але – во дзіва! – яго ўжо не радавала пабыўка. Ён жа павінен знаходзіцца там, каля возера Белае, побач з Петрусём, побач з другімі байцамі, там жа – вораг... Ну няўжо бацька не разумее, што яму ніяк нельга і на хвілінку затрымлівацца ў хаце? Тады чаго ж ён хавае ўсмешку ў пракураныя вусы? Яму ж, Рыгору, трэба неадкладна туды, да возера, трэба памагаць байцам, лейтэнанту, які верыць у Бога і ў перамогу, быць там, сярод усіх байцоў, каб біць і біць трапнымі стрэламі па пачварах з крыжамі на баку...
І сам не разумеў, чаму пакінуў пазіцыю. Уцёк, збаяўся?! Няўжо – уцёк?! Ды быць таго не можа, – ён жа нават і не думаў пра тое, нават і смерць не прымусіла б адступіць ад акопа. А цяпер што – трыбунал?! Які сорам, і якую ганьбу ён нажыў сабе...І таму ён заплакаў ад крыўды на самога сябе, караў сябе бязлітасным і жорсткім судом – за здраду і маладушнасць. І не мог прыдумаць сабе аніякага апраўдання.
…У шпіталі ён апынуўся толькі на трэція суткі...
У палаце ціха і выразна патыхала ёдам, нашатырным спіртам, нейкімі іншымі лекамі і лякарствамі. Рыгор памацаў ногі, паварушыў рукамі – цэлыя. Пакруціў галавой – здаецца, болю не адчуў.
Скінуў з сябе байкавую коўдру і ўбачыў, што ўвесь у бінтах.
І ўспомніўся бой, скаланула запозненая думка: “А як там усё скончылася – ля возера? Ці адбілі фашыстаў? А Петрусёк як, ці жывы хоць? А камандзір узвода?..”
Зноў затахкалі кулямёты, зноў далятаў да вушэй суцэльны гул кананады...
Бой для радавога Рыгора Каробкі працягваўся.
...Камандзір узвода наведаўся праз дзень.
У яго перабінтаваная галава, і выглядаў ён засяроджаным, стомленым. Рыгор адзначыў, што ў яго высветліліся валасы – быццам той светла-жоўты жвір ля возера назаўсёды пафарбаваў галаву.
– Як там усё, таварыш лейтэнант? – найперш пацікавіўся Рыгор пра галоўнае.