Выбрать главу

– Адбілі танкі. Дзякуючы табе. Цябе да ордэна Чырвонай Зоркі прадставілі.

– А Пецька як, таварыш лейтэнант? – затоена паглядзеў хлопец на камандзіра: баяўся пачуць страшную вестку.

– Пецька... – лейтэнант глыбока ўздыхнуў. – Няма Пецькі. І радавога Аколава няма, Наргуліева, Майсурадзэ, Падапрыгары таксама няма... Загінулі. Больш як палавіны ўзвода няма. Для нас Бабруйскі кацёл вунь якім нечаканым бокам абярнуўся.

Бяда парадніла іх, яшчэ больш зблізіла. Рыгор адчуў прыхільнасць камандзіра да сябе, яго шкадаванне.

– Змітрок, а як яно далей з намі будзе?

Рыгор усё не асмельваўся перад гэтым назваць камандзіра па імені. А цяпер, рашыў, зручны для гэтага момант.

– Перафарміруемся. Камандванне новыя часці фарміруе. А ты тут адлежвайся, набірайся моцы і сіл. Як на курорце пабудзеш... Як адпачынак усё роўна. У цябе ранення вялікага няма, кантузіла толькі крыху... Адчуваеш сябе як?

– Лепей ужо... Хадзіць спрабую. Доктар сказаў, што хутка на выпіску. Да хлопцаў хачу – засумаваў.

– Хутка ўбачышся.

– Зміцер... Таварыш лейтэнант, просьба ў мяне ёсць. Асабістая.

– Якая?

– Я ж родам адсюль – мясцовы. Пад Шацілкамі жыву. За паўдня да сваіх дабяруся, хоць на гадзінку да родных наведаюся. Мігам – туды і назад.

Камандзір узвода задумаўся. Хмурыўся, нешта ўзважваў, вырашаў.

– Ладна, Рыгор, дамовімся давай так. Я папрашу камбата, каб даў табе пяць сутак адпачынку. Ты ж заслужыў. Бог бачыць, што заслужыў. Ваяваў ты выдатна, малайчына. Значыць, так... Ты тут папраўляйся, а я праз два дні наведаюся. Загадзя абяцаць нічога не магу, але пастараюся ўсё ўладзіць...

– Дзякую, таварыш лейтэнант!

– То табе дзякуй, Рыгор! За бой дзякую! Што такой махіне фашысцкай даў па зубах.

Зміцер Стэльмахоў паціснуў яму руку. Павярнуўся – і пайшоў да выхаду. Рыгор паспеў заўважыць, як за парогам, на сонцы, зырка засвяцілася яго галава.

За адну ноч пасівеў камандзір – пастарэў на шмат гадоў... А камандзіры, як вядома, сівеюць рана. Горыч і шкадаванне ахапілі Рыгора, калі ўспомніў пра Пецьку, пра Майсурадзэ... Запякло ў вачах, зашчымела сэрца, – і ён абшчаперыў рукамі падушку, уткнуўся ў яе галавой...

Крочыў, спяшаўся салдат Каробка дадому.

Прайшлі кароткія дажджы, і таму пад нагамі жвір цвёрды, цубкі, і па ім ступалася лёгка і ўпэўнена. За спіной у байца – рэчавы мяшэчак. У ім – хлеб, сала, кансервы.

Камандзір узвода схадзіў на палкавы склад і выпрасіў у старшыны для яго такі-сякі правіянт, невядома, як там у бацькоў, мо і на зуб пакласці не было чаго...

Мясціны для Рыгора амаль знаёмыя, родныя і блізкія сэрцу. Ён не ішоў, а ляцеў на крылах, не адчуваў пад сабою зямлі.

Неўпрыкмет прайшоў поле, за полем угадвалася вёска. Спытаў у дзядка гадоў пад дзевяноста, што сядзеў на прызбе першай хаты, што хавалася пад ліпамі, ці правільна ідзе дадому. Стары хітануў галавою, не звярнуўшы на яго ніякай увагі, рукой няўцямна паказаў некуды ўздоўж вуліцы.

За беразняком пераплыў неглыбокую рачулку. У трыснягах пераседзеў, прыслухоўваючыся да наваколля, – асцерагаўся, бо не ведаў, на якой тэрыторыі знаходзіцца: не сустракаў па дарозе ні нямецкіх войскаў, ні савецкіх.

Ціха. У лагчыне прытулілася да лесу невядомая вёсачка – адтуль даносіўся брэх сабакі. Праз колькі хвілін там пачуўся стрэл, потым нечы крык...

Далей рашыў прабірацца толькі ноччу, каб не папасці ў лапы фашыстам ці паліцаям.

Пераседзеў паўдня ў хмызняках. З’еў акраец хлеба і скрылік сала – астатняга не чапаў, бярог для бацькоў.

Як зноў запаліліся на небе зоркі, рушыў у дарогу. Браўся збоч бальшаку, прадзіраўся скрозь кустоўе паралельна яму, чуйна ўслухоўваючыся ў золкую цішыню. На кані ехаў нейкі дзяцюк – нокаў на каня, але яго спытаць пра дарогу не асмельваўся.

У наступную вёску прыйшоў пад поўнач.

Убачыў жанчыну, што шыргала нагамі, усунутымі ў боты з кароткімі халявамі, кіруючыся да сваіх веснікаў, – несла штосьці ў мяшку, закінутым за плячо. Дагнаў, кашлянуў папераджальна, затоена папытаўся:

– Цётачка, а ці далёка яшчэ да Забалацця?

– Дадому ідзеш, галубец?

– На пабыўку, цётачка. На дзянёк, з матуляй толькі пабачыцца.

– Шчаслівы. Маіх гэна дык Гітлер забіў... Сталін паслаў, а ён забіў... А ты дайдзі і пабач сваю матулю. Скора ўжэ. Да раніцы дойдзеш. Асцерагайся толькі, там, у тым боцы, могуць быць і паліцаі. Сюды наязджаюць зрэдку...

– Дзякую вам, цяпер дайду.

– Шчаслівенька табе, сыночак... Дайдзі. Парадуй матулю...

...Рыгор ціхенька пастукаў у шыбіну. Потым яшчэ. У хаце ціха – ніхто не зварухнуўся. Не загаралася святло. Ён прасцярожліва азірнуўся – ці не чуе хто, ці не бачыць яго ў цемры. Зноў пастукаў – ужо грамчэй.