У акне перад сабою – вочы ў вочы – убачыў твар маці. Цьмяна так, але здалося, што яна хапілася далоньмі за шчокі, – пэўна, узрадавалася ці жахнулася ад неспадзеўкі. Ляснула прыглушана ў сенцах клямка, як бы запрашаючы яго да прачыненых дзвярэй.
Яшчэ раз азірнуўся, прыслухаўся – ці няма падазроных гукаў, і, крадучыся, каб не наступіць на грымотлівае вядро ці чыгун і не нарабіць грукату, падышоў да ганка. Узышоў на яго і піхнуў злёгку дзверы.
– Сыночак, няўжо ты? – паўшэптам папыталася маці. – Ой, Божачка!..
Не адказаў, у цемры абняў яе, прытуліўся да шчакі, сціснуў лёгенька ў абдымках. Маці, здаецца, заплакала.
– Скуль ты, сынок, прыйшоў, вакол жа немцаў і паліцаяў процьма?
– З фронту, мама. Ад Бабруйска дабіраюся.
– Як жа гэта, сыночак? Цябе ж маглі падпільнаваць гэныя... А ці надоўга?
– Да на дзянёчак усяго – на адзін, мамачка, усяго дзянёчак. Камандзір адпусціў. Каб паслязаўтра вечарам або не пазней раніцы быў ужо ў часці.
Маці не адрывалася ад яго, як не верыла, што трымала свайго сына, яшчэ мацней абдымала яго, прыціскала да сябе.
Рыгору падалася яна маленькай, слабой. Твару не бачыў, але чуў яе кволае дыханне – дыхала ў грудзі, як сагравала яго, аберагала ад нечага.
– Бацька як – дома?
– Няма бацькі, сыночак. Забілі немцы. З лесу ішоў, з грыбоў, падумалі, што ад партызанаў...
– А Волечка?
– Яна...
Расчыніліся за спіной дзверы, у твар ударыў зыркі прамень святла ад ліхтарыка.
– Вось ён! Я ж казаў, што ён у гэтую хату прабіраўся. Рукі ўгору, ну-уу!
Рыгор нічога не зразумеў. Загаласіла роспачна маці, ратуючы сына ад бяды. Калі б ён і паспрабаваў бы хутка зняць з пляча вінтоўку, то не паспеў бы і стрэліць – апярэдзілі б...
– Не аддам! Не аддам сына, ён жа да мяне прыйшоў!..
Не паспеў апамятацца, як яму скруцілі рукі, звязалі за спіной.
Маці не крычала больш, страціла, мусіць, прытомнасць – асунулася на падлогу. Нехта тупа і балюча ўдарыў прыкладам у спіну, аж пацямнела уваччу.
– Пшоў, сталінскі сокал! Цяпер ты без крылаў – не палятаеш, ну!..
Паліцаяў шасцёра. Павялі некуды ў цемру.
Запозненае горычнае шкадаванне ўварвалася ў грудзі, – як не разрывалася сэрца ад крыўды, што так неабачліва распарадзіўся адведзеным для вольніцы часам. Столькі прайшоў – і вось на табе, маеш дулю з макам... Божа, камандзір падумае, што збег з войска... Што камандзір, – яго ж пад трыбунал могуць упячы... Эх, арэх, які грэх... тваю маць...
Яго ўпіхнулі ў хлеў, зачынілі і замкнулі дзверы на замок. Ідучы, прыкмеціў, што паліцаі знаходзіліся ў школе, у якой ён вучыўся да вайны. А ў хляве, дзе ён цяпер быў, знаходзілася некалі майстэрня – вучні майстравалі шпакоўні, табурэткі, сталы.
Рыгору падалося, што адзін з галасоў паліцаяў быў яму знаёмы. Але як ні сіліўся ўспомніць, каму належаў, на памяць нічога не прыходзіла.
“Божачка, як там маці? – не давала спакою думка, ён яшчэ чуў цеплыню яе шчакі на сваёй. – Я ж ёй, беднай, такую радасць і такое гора прынёс сваёй раптоўнай пабыўкай...”
Успомніў, што паведаміла матуля пра бацьку, – і пякучы боль зноў пранізаў скроні: няма бацькі на свеце…
“А Волечка? Не дагаварыла ж пра Волечку. Што ж з ёю сталася – не выйшла ж у сенцы разам з маці? Што будзе са мной?..”
Яго вывелі з хлява на золаку – сонца толькі-толькі ўзнялося з-за лесу. Рыгор жмурыўся, гледзячы на яго, ледзьве перастаўляў ногі. Ад думак усю ноч ён стаміўся, стаў бязвольны, абыякавы да ўсяго, што адбывалася з ім. Да яго падкацілася разуменне трагічнай безвыходнасці...
З хлява ўцячы не ўдалося – ніводнай шчылінкі не знайшоў, як ні стараўся, Як некалі для самога сябе рыхтаваў труну разам з настаўнікам працы Марціновічам. Тоўстымі дошкамі аббівалі сцены і столь – каб і мыш, і злодзей які не маглі прашмыгнуць у дзірку.
За працу Андрэй Сямёнавіч паставіў яму выдатную адзнаку.
Цяпер жа разумеў – дурную пяцёрку зарабіў тады.
– Ну, пашавелівайся, не выспаўся хіба за ноч? – зноў падштурхнуў яго той жа паліцай, які выводзіў з хаты. – Пярыны тутака не паклалі, так што ізвіняй...
Цяпер яго разгледзеў Рыгор. Паліцай невялікага росту, каржакаваты, з заўсёднымі насупленымі брыўмі над вачыма.
На рукаве – чырвоная павязка з чорнай павучынай свастыкай.
– А боты ў цябе нічога, камандзірскія. Здымай. Цяпер яны табе без патрэбы... На тым свеце і без іх добра, там усе босыя ходзяць. Ты ж у рай адразу пападзеш, так?
– Як Бог дасць, пабачым...
– Пабачым, пабачым...
“Як маці? Ці вытрымае яна, даведаўшыся пра маю такую бязглуздую смерць? Эх, мама, мама, дурны ў цябе сын... Як валёнак. Пабачыцца захацеў. Ды лепш бы мяне на вайне забіла, а то на вачах у маці... Для чаго прынёс ёй такія жудасныя пакуты?!”