Сын курыў, няўцямна глядзеў у шэрае акно, думаў пра сваё. Раздумваў над тым, пра што расказаў бацька. Ведаў: бацька ніколі ў жыцці не хлусіў...
У калідоры гучна зазваніў тэлефон.
“Няўжо – Віталь? Але адкуль яму быць – ні адраса, ні тэлефона ж не ведае... Але ж ведае прозвішча – мог і пацікавіцца ў даведцы. Але ці мала Карабкоў у Мінску?..”
Сын няспешна пайшоў у калідор, і, на чацвёртым ці пятым поклічу, падняў тэлефонную слухаўку...
Нарысы
Бурштынавы подых Прыпяці...
Мой Мазыр...
Юнацтва маё, станаўленне... Першыя прыступкі да будучых вяршынь жыцця, да асэнсавання свайго прызначэння на гэтай зямлі. Першыя ўражанні, першыя расчараванні, першыя радасці...
Горад майго кахання, спадзяванняў, узнёсласці...
Прыпяць, без якой нельга ўявіць Мазыр, яго гісторыю, яго будучыню. Яна, Прыпяць, працякала не толькі праз паляшуцкую зямлю, яна працякала праз маё сэрца. Бо яна лячыла ў цяжкія хвіліны (а іх было з коптурам у мяне), і таму я некалі пра яе занатаваў такія радкі:
Кожны раз, прыязджаючы ў родны горад, калі толькі аўтобус вынырваў з лесу – ад Калінкавічаў, і перад намі раскрывалася панарама мазырскага ўзвышша з квітнеючымі садамі і высотнымі дамамі, – у мяне адразу знячэўку ёкала сэрца, – як быццам горад слаў сваё прывітанне і перадаваў сваю радасць сустрэчы са мной...
Тую ж радасць, узрушанасць і хваляванне я перадаваў і яму.
Яшчэ не ўязджаем на Прыпяцкі мост, а я ўжо адчуваю асаблівыя пачуцці і ўражанні, успаміны і эмоцыі…
Добры дзень, Мазыр! Я адчуў, як б’ецца тваё сэрца.
Ты чуеш, у сваю чаргу, як б’ецца маё...
Гаворачы з Мележам
Успамінаю...
Прыехаў у горад наш зямляк, народны пісьменнік БССР Іван Паўлавіч Мележ. Зайшоў да першага сакратара гаркама партыі, доўга гутарылі. А перад гэтым “першы” вазіў пісьменніка па дарогах раёна, паказаў новабудоўлі нафтагіганта, чым заўсёды стараўся пахваліцца перад прыезджымі гасцямі.
Потым Мележ завітаў да маёй “начальніцы” – сакратара па ідэалогіі Рымы Гаўрыльцавай. Праз нейкі час выходзяць у пачакальню, і на развітанне Рыма гаворыць госцю:
– Прыязджайце да нас, Іван Паўлавіч, будзем рады бачыць вас на паляшуцкай зямлі...
Івану Паўлавічу трэба ў гасцініцу – адпачыць пасля дзённай паездкі, ад уражанняў, ад размоў з людзьмі.
Загадчык аддзела прапаганды Аркадзь Лянкевіч гаворыць мне:
– Табе, Анатоль, і карты ў рукі... Ты пішаш нешта, друкуешся, вось і правядзі славутага пісьменніка да гасцініцы. Мо пакажаш што сваё...
А потым, выйшаўшы ў калідор разам з госцем, паказваючы на мяне, кажа Івану Мележу:
– Іван Паўлавіч, вас правядзе наш інструктар...
Мележ уважліва паглядзеў на мяне:
– Добра... Дзякую... Дык мо і пойдзем?
Хаваючы хваляванне, пытаюся:
– Іван Паўлавіч, рэчаў пры вас ніякіх няма, каб паднесці?
– Ды не, яны ў нумары...
Пакідаем будынак, спускаемся па прыступках на тратуар, ідзем па вуліцы.
Адчуваю: Мележ унураны ў сабе, пра нешта думае, як бы забываецца пра мяне і на мяне, прымружвае вочы, рукі ў кішэнях светлага плашча.
На вуліцы па-вясноваму цёпла.
З-за шэрых воблакаў вынырвае сонца, потым хаваецца, пасля
зноў асветлівае сваімі промнямі плошчу, дамы, увесь горад...
Іван Паўлавіч адрываецца ад сваіх думак:
– У час гутаркі, там, на паверсе, адзін вы і размаўлялі са мной на роднай мове. Гэта ў вас пастаянна, ці для таго, каб патрапіць мне?
І ўсміхаецца, глядзіць пранікнёным позіркам, і я адчуваю: ён прыхільна ставіцца да мяне, голас ціхі, спакойны, і пытанне прагучэла неяк даверліва, зычліва...
– Амаль пастаянна, Іван Паўлавіч. Амаль – гэта тут, у гаркаме. А так я працаваў да гэтага ў раённай газеце “Камуніст Палесся”, друкаваў нарысы, апавяданні... Друкаваў нарысы ў “Чырвонай змене”.
– А вучыліся дзе?
– Ды тут, у Мазыры. Педінстытут скончыў... На настаўніка вучыўся, але перацягнула журналістыка...
Ён спыняецца. Адрываецца ад думак, глядзіць ужо на Мазыр, на драўляныя дамкі, што прытуліліся на гары справа, на дрэвы, што хавалі іх ад людскога вока, – уздыхае:
– А некалі я сюды прыехаў малым першы раз... Горад здаўся мне дзівосным і вялікім... Гэта добра, што ён набывае з кожным годам сваё аблічча, як пішуць газетчыкі – з кожным годам маладзее...