Выбрать главу

Але першае ўпамінанне аб горадзе – Мазыр – адносіцца да 1155 года – у “Аповесці мінулых гадоў” – Іпацьеўскім летапісе.

З аднаго боку для жыхароў гэтай мясцовасці і непасрэдна самога горада Прыпяць, як буйнейшы прыток Дняпра ,давала вялікія выгоды і прывілеі ў справе гандлю, рамесніцкай вытворчасці, рыбнай лоўлі, умацаванню і росквіту горада.

Але калі на гэта паглядзець з іншага боку, то Мазыр не мог сфарміравацца як цэнтр самастойнага княства. Прычыны? Феадальная раздробленасць. А былі ж моцныя добразычлівыя суседзі – на захадзе Тураў, на паўднёвым усходзе – Кіеў, на ўсходзе – Чарнігаў... А моц сваю , на вялікі жаль, з’яднаць не змаглі.

Таму на тэрыторыі Мазырскага краю і ўзнікалі часта княжацкія усобіцы – не маглі падзяліць сваёй улады. Таму і гарэў часта Мазыр – пажары ноччу былі відаць далёка ад якіх паселішчаў...

1170 год... Ля горада сышліся князі Рурык, Давід Расціслававіч і Міхаіл Юр”евіч. Першыя два лічыліся саюзнікамі Андрэя Багалюбскага. А ён вёў барацьбу за Ноўгарад з кіеўскім князем Мсціславам Валынскім... Міхаіл Юр”евіч падтрымліваў бок кіеўскага князя, таму яму даводзілася займаць то адзін бок, то другі, – бо залежаў ад варожых, яшчэ больш моцных княстваў.

1174 год... Летапіс Нарбута паведамляе: на Мазыршчыне з’яўляюцца літоўскія князі са сваімі дружынамі. Мазыр захапляе князь Скірмунд. “После поражения хана Балаклая Койданова Скирмунд занимает Мозырь, Чернигов, Стародуб, Карачев”

Літоўскія феадалы мелі намер падпарадкаваць сабе землі па сярэднім цячэнні Прыпяці, але ў іх у 20-ыя гады ХІІІ стагоддзя з”яўляецца нечакана жорсткі сапернік – татара-манголы. Чынгісхан накіроўвае вялікія орды на заваяванне бліжэйшых народаў, імкнучыся пашырыць сваю дзяржаву, скіраваць на новыя землі “капыт мангольскага каня”.

1223 год... Бітва на Калцы. Татара-манголы ўшчэнт разбілі палавецкіх ханаў і рускіх князёў, а потым пакіравалі на Захад, туды, дзе багатыя землі, але аслабленыя узаемнай варожасцю феадалы...

Першыя конныя атрады татара-манголаў з”явіліся пад Мазыром праз чатыры гады пасля бітвы на Калцы – і адразу ўступілі ў бой з дружынай літоўцаў і мазыранаў: перемаглі іх. Быў спалены горад, ваколіцы. Пасля гэтага пра заваёўнікаў не было чуваць болей, чым дзесяць гадоў...

Унук Чынгісхана Батый у 1241 годзе пасля захопу Кіева накіраваў шматтысячную арду на захад – у Венгерскую даліну, адначасова даўшы адпачыць воінам, забяспечыць корм коням. Адзін з атрадаў пад камандваннем Койдана і Каюна – пляменніка Батыя – у студзені падышоў да Мазыра.

Зноў пажары, забойствы, рабаванні...

Не хутка горад стаў на ногі...

Насельніцтва, напалохаўшыся жорсткасцю заваёўнікаў, паўцякала ў палескія лясы, у балоты.

Але літоўска-беларускія дружыны не маглі дараваць ворагу такога здзеку над сабой. Яны аб’ядналіся, згрупаваліся, вынайшлі сваю тактыку барацьбы з ворагам. Яны падкрадваліся начамі і днём незаўважна, нечакана нападалі на татара-манголаў і знішчалі іх. Такі ж лёс чакаў і іншыя атрады рабаўнікоў. Рабаўніцтва было спынена, а вораг выгнаны. Але крымскія татары не маглі змірыцца з паразай – не-не ды і зробяць набег на каляпрыпяцкія землі... Праўда, літоўска-беларускія дружыны давалі ім добры адпор...

Калі ж не ўспыхвалі набегі, калі надараліся вольныя перадышкі, жыхары Мазыра падымалі яго з попелу, – не шкадуючы сіл, адбудоўвалі, вярталі гораду былую славу і прыгажосць.

ХІV стагоддзе, саракавыя гады... Мазыр і навакольныя паселішчы канчаткова ўвайшлі ў склад Вялікага Княства Літоўскага... Развіццё культуры старажытнай Русі, у склад якой у ХІ–ХІІІ стагоддзях уваходзіў Мазыр,здзяйснялася на аснове традыцый папярэдняга перыяду.

Значнае, амаль галоўнае месца, у духоўным і культурным жыцці нашых продкаў займала рэлігія. Пасля пераходу – у канцы Х стагоддзя – ад язычніцтва да хрысціянства афіцыйнай рэлігіяй пануючага класа феадалаў становіцца праваслаўе.

Быў значны ўплыў праваслаўнай царквы на жыццё народа, таму ў гэты ж час на Русі з’яўляюцца школы. Пагэтаму першыя школы на Мазыршчыне і ствараліся пры цэрквах, а іх з”яўленне можна аднесці да часу старажытнай Тураўскай епархіі, якая ўзнікла (паводле І.Зяленскага), у пачатку ХІІ стагоддзя. Але Мікола Ермаловіч стварэнне епіскапата ў Тураве адносіць да 991-992 гадоў, што пацвярджае, што ён быў адзін з першых на беларускай зямлі...У школах тады выкладалася чытанне, пісьмо, першапачатковыя дагматы рэлігіі на славянскай мове, распачыналася катэхізацыя.

Пісьменнік, публіцыст і царкоўна-палітычны дзяяч Кірыла Тураўскі (каля 1130-1182 гг) і паклаў цвёрды падмурак у зараджэнне і развіццё культурных і асветніцкіх пачаткаў на Мазыршчыне. Пазней ён стаў епіскапам Тураўскім.