Выбрать главу

Нялёгкім быў час Кіеўскай Русі на Мазыршчыне.

Горад і навакольныя вёскі знішчаліся неаднаразова.

Лепшае жыццё стала, калі насельніцтва было ўключана ў склад Вялікага Княства Літоўскага, дзе дзяржаўная мова стала беларускай. Створаны узорныя Статуты права, якія сталі падставай для напісання Законаў Пятром Першым... І нават у савецкія часы шмат якіх артыкулаў перайшло у сучасныя законы...

На пачатку ХV стагоддзя тэрыторыя ВКЛ пашырылася ад Жмудзі (Жэмайціі – заходняй часткі сучаснай Літвы) і Падляшша на поўначы да прычарнаморскіх стэпаў на поўдні. Калі ж правіў Вялікі Князь Вітаўт, то межы пашырыліся яшчэ больш – паміж вусцем Дняпра і Днястра, ваяры Княства на сваіх конях выйшлі да берагоў Чорнага мора...

Мазыр у складзе ВКЛ працягваў ужо развівацца як гандлёва-рамеснае пасяленне, статус якога ўжо быў – “гаспадарскі горад”. А гэта ўжо азначала, што Мазыр з’яўляўся маёмасцю дзяржавы.

У пісьмовых крыніцах ХІІІ стагоддзя ўпершыню упамінаюцца назвы вёсак – Скрыгалава, пазней – Міхалкі, Барбароў, Мялешкавічы, а яшчэ пазней – Прудок...

Зноў новая паваротка ў жыцці мазыран. У 1413 годзе на Гарадзенскім сейме ў Літве былі створаны ваяводствы – па польскім узоры. Мазыр і наваколіцы былі аднесены да Мінскага ваяводства, якое ў сваю чаргу падзялялася на тры паветы – Мінскі, Рэчыцкі і Мазырскі.

Але, на жаль, літоўскі князь не мог абараніць горад і навакольныя вёскі ад частых набегаў крымскіх і нагайскіх татараў. А яны былі ў 1497, 1521 і пазней – у 1534 гадах.

Акрамя нашэсцяў ворага, здараліся і іншыя няшчасці ў мазыранаў – голад. Крыніцы сведчаць, што з таго часу, як пачаў правіць Жыгімонт, усё часцей і часцей перакопскія татары пачалі трывожыць Мазыр. Горад стаў адзін з першых ахвярай заваёўнікаў.

Татарскія набегі на Мазыр, змаганне з ворагам, геройскія учынкі людзей, – гэта ўсё і нарадзіла імёны герояў, барацьбітоў за незалежнасць роднага краю. Складаліся народныя песні, а ў іх праслаўлялася храбрасць бясстрашнага Базара, які быў родам з Грэцыі. Базар не аднойчы граміў татараў, разбіваў іх ушчэнт.

За гэта герой атрымаў ад Жыгімонта маёнтак Іпагор – непадалёк ад Мазыра. Праз два гады татары захапілі Базара ў палон і забілі... Іпагор стаў належаць другому храбраму ваяру – Дзям’яну Ленку, якога ў народзе звалі Ленка Іпагорскі.

Пазней імя Ленка стала – Лянкевіч, вядомае пазней на Мазыршчыне... Адзін з Лянкевічаў быў першым мазырскім старастам...

Мазырскія гандляры па Прыпяці траплялі ў Кіеў і Брэст, Пінск і – у Масковію, Прыбалтыку і Польшчу... Будаваліся замкі, узводзіліся каменныя умацаванні, – але і яны, на жаль, не ратавалі ад ворагаў...

1534 год – страшны і крывавы...

Татары зноў напалі на горад, перарэзалі ўсіх жыхароў, – і як горад Мазыр перастаў існаваць амаль стагоддзе – аж да 1609 года...

28 студзеня 1577 года кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый падпісаў грамату, згоднай якой Мазыр займеў самастойнасць ў кіраванні – яму было нададзена Магдэбурскае права...

А войнаў тых на долю мазыран выпала столькі, што і не пералічыць...

Напалеонаўскае нашэсце, барацьба з кайзераўскімі ордамі... Першая сусветная. Другая сусветная... Ні ў якае параўнанне не ішлі з тымі, калі прымяняліся палашы, лукі і дзіды...

Колькі загублена жыццяў!

Колькі не стала беларусаў!..

На гэтым можна спыніць экскурс у гісторыю.

Меў рацыю Іван Мележ, калі казаў, што багатая, вельмі багатая гісторыя ў горада. Шмат чаго не даследавана. Сёння шмат гістарычных крыніц, дзе можна пазнаёміцца з тымі падзеямі, якія адбываліся ў Мазыры, у навакольных вёсках. Я толькі прыадчыніў дзверы таго часу, за парогам якіх віравала жыццё, узбагачаліся народныя традыцыі; нараджаўся вызвольны рух; нараджаліся паўстанні і яны нараджалі сваіх герояў...

Той, хто захоча, адкрые для сябе тыя старонкі, якія зацікавяць. А калі яшчэ глыбей захочацца дакапацца да сівой мінуўшчыны, ёсць бібліятэкі, – і ў сваёй краіне, і за яе межамі...

Мы ж з вамі вернемся ў нас час, у мінулае, – і цяперашняе стагоддзе. Яно па-свойму цікавае, разнастайнае і непаўторнае...

Ды і мая задача – не даследваць, а расказаць пра свае ўражанні ад майго роднага горада, расказаць пра тых людзей, пра якіх я ведаў, а яшчэ пазней, з якімі пазнаёміўся, якія мне і расказалі пра сённяшні сучасны горад і раён...

Сустрэчы, знаёмствы, уражанні...

Кожны раз, калі прыязджаю ў Мазыр, у мяне нараджаецца дваякае ўражанне: быццам бы ў знаёмы горад прыехаў, і быццам бы ў зусім іншы... Напачатку не магу зразумець, ад чаго такое можа быць, а пасля адкрываю для сябе адну простую ісціну: то ж мы старэем, робімся іншымі, і жывем тым часам, які пражылі, а горад мае адваротную градацыю – ён маладзее, помніць сівыя стагоддзі, і верыць у сваё будучае... Ён толькі нам пра тое сказаць не ўмее, а так бы мы пачулі ад яго шмат чаго цікавага і дзівоснага... Але, веру, што некалі ён раскажа пра сябе ўсю праўду, адкрые таямніцы свайго мінулага, сучаснага і – будучага... Так, так, і – будучага...