Выбрать главу

У сэрцы маім – Мазыр

Што для мяне Мазыр?

Адказаць проста і цяжка. Бо нарадзіўся пад час вайны – у 1943 годзе – пад Ельскам. Але бацька, Мікола Сямёнавіч, маці – Ганна Іванаўна, альбо як яе у Крушніках называлі Яня, – зрабілі так, каб я на год “памаладзеў”, -– і ў пасведчанні аб нараджэнні стаяў ужо 1942 год... Зразумела, бацька хацеў паказаць, што мяне “пачалі шукаць” яшчэ да вайны...

І запісалі, што я нарадзіўся не пад Ельскам, у вёсачцы, а ў Крушніках. Яшчэ расказвала маці, што бацька пад час вайны вучыў дзяцей, што ў клас да бацькі заходзіў Ян Налепка... Праз нейкі час бацька падаўся да партызан, а пазней уліўся у рэгулярныя войскі...

Пасля вайны бацьку чамусьці перакідвалі настаўнічаць з адной вёскі ў другую, і мы, як тыя цыганы, праз год-тры пераязджалі з месца на месца. А мне даводзілася вучыцца то ў беларускай школе, то ў расейскай, то зноў наадварот...

А пераезд з Бабруйска ў Крушнікі быў апошні. Бацькі разышліся, а я з малодшым братам Міколам, жылі з маці ў бабулі – бабы Анастасіі, па-вясковаму – Настазі. Тры гады за сем кіламетраў хадзіў у Асавецкую школу. Але найбольш ездзіў на веласіпедзе – за хвілін дваццаць дапінаў да школы.

Крушнікі раней належалі да Петрыкаўскага раёна. А потым былі далучаны да Мазырскага. Так я і стаў мазыранінам...

Адразу паля школы працаваў настаўнікам пачатковых класаў – у Турбінцы. Потым паступаў на завочнае у педінстытут – і не паступіў. Здаў зноў экзамены і пачаў вучыцца стацыянарна. На 8-е сакавіка наступнага года нечакана забралі ў войска... Калі вярнуўся, то мае ўжо былі на апошнім курсе...

Перавёўся на завочнае, бо не было магчымасці вучыцца – дапамогі ад маці не было.

І вось тут пачынаецца маё жыццё, так бы мовіць, у поўным аб’ёме. Надрукаваў нарыс у газеце “Чырвоная змена” пад загалоўкам “Хлопцы з нашага пакоя”. А яго прачытаў рэдактар газеты “Камуніст Палесся” Іван Анкудовіч. Запрасіў у газету. На пасаду... карэктара. Але я быў літсупрацоўнікам.

Тады ж і пазнаёміўся з карэспандэнтам рэспубліканскага радыё Міколам Рэентам і таленавітым паэтам і цікавым хлопцам Валодзем Отчыкам. Прайшоў я пешшу, здаецца, увесь Мазырскі раён... І сёння, калі пачую назвы вёсак ці мясцін, да сэрца падступае салодкі успамін сваіх вандровак – Кімбараўка, Скрыгалаў, Мялешкавічы. Зялёны Мох (адкуль бацька родам), Раманаўка, Бярозаўка, дзе нарадзіўся пазней таленавіты празаік Андрэй Федарэнка, адкуль браты Мікола і Віктар Дубровы – таленавітыя мастакі, Балажэвічы, дзе пачынала працаваць настаўніцай Святлана Алексіевіч, Міхалкі, дзе настаўнічаў Уладзімір Верамейчык, скончыўшы Мазырскае педвучылішча, дзе настаўнічаў Усевалад Краўчанка, Слабада...

Дарэчы, пра Слабаду. З арміі я прыйшоў ужо спрактыкаваным журналістам – служыў у ГСВГ: у Нямеччыне. У армейскай газеце “Савецкая армія” у конкурсе на лепшы нарыс займаў трэцяе і другое месца. А ў райгазеце што ні напішу, “таленавітыя” старэйшыя раёншчыкі Вайнбранд, Гаравы, Кулыба, Гутэрман скарачалі матэрыялы да непазнавальнасці.

І вось аднойчы я з той жа Слабады напісаў артыкул на тэмы маралі “Здрада клятве Гіпакрата”. Пра галоўрача слабадской бальніцы, які не вылучаўся маральнымі якасцямі...

Напісаў і аддаў рэдактару Івану Анкудовічу. А другі паасобнік ( як і параіў мне зрабіць Валодзя Отчык) адаслаў у “Чырвонку”. У раённай выйшаў праз дзён шэсць, на трэць скарочаны, а рэспубліканская газета праз два тры дні пасля іх дала “падвал” – ніводнай коскі, як кажуць, не было выкінута.

Я і паказаў вялізны матэрыял сваім праўшчыкам. Сямён Гутэрман скрывіўся, не здаючыся, прамовіў толькі:

– Ну, то ж рэспубліканская, а мы – раённая...

Але пасля таго рэдка калі хто з іх умешваўся ў мой тэкст.

Дарэчы, тую “школу” з “таленавітымі праўшчыкамі” прайшоў і Мікола Рэент, які напачатку працаваў у той жа газеце. Толькі ён копіі сваіх артыкулаў адпраўляў у “Сельскую газету”. І яго там друкавалі без правак. І былі прысаромлены мясцовыя карыфеі і зубры ад журналістыкі. Каб жа сапраўды правілі, вучылі, як пісаць, дык не, толькі падножкі ставілі, стараючыся прынізіць, даказаць бяздарнасць пачынаючых...