Выбрать главу

Аднойчы забалеў зуб. Пайшоў у стаматпаліклініку (яна была тады на беразе Прыпяці, каля маста) да свайго знаёмага зубнога доктара Анатоля Філісьева. Ён зняў гіпсавы адбітак, сказаў:

– Калі хочаш, каб раней зрабілі каронку, то ідзі і папрасі вунь тую дзяўчыну – Насцю Алесяюк.

Я і падышоў нясмела да яе, зірнуў у вочы, і нешта працяло мяне ўсяго, як не здранцвеў перад ёю. Яна зірнула на мяне, усміхнулася, – і я зразумеў, што гэта... проста мая будучая жонка...

Дык што азначае для мяне Мазыр?

Калі сказаць, што горад увайшоў у маё сэрца назаўсёды, на ўсё жыццё, – дык гэта мала што гаворыць. Ды тое, мусіць, і не выкажаш словамі. Проста магу сказаць – мой Мазыр. Як усё роўна – мой бацька, мая маці...

Як і для Уладзіміра Верамейчыка, які быў таксама ўлюблёны ў Мазыр і Прыпяць, як і я, у сэрцы і ў душы назаўсёды... Валодзя нават і зборнік вершаў назваў “Клянуся Прыпяццю”. Не магу не прывесці хоць колькі радкоў з яго цудоўнага верша “Мазырскі кірмаш”:

Пахне сырадоем і цыбуляю, Агуркамі з роснае грады. Ліпай і калодкавымі вуллямі Пахнуць наздраватыя мяды. На бязмене з гіраю-цаглінаю Важыць сала хітраваты дзед. Сонна водзяць выгнутымі спінамі Шчупакі ў калодзежнай вадзе... Тут патэльні з жоўтаю яечняю. Дудкі, капялюх на галаву. У кашах лазовых рэжуць клешнямі Ракі вірлавокую траву...

У радках – подых Мазыра, характары палешукоў, жывое, вірлівае жыццё. І чуваць, як ад Прыпяці патыхае бурштынавы подых стагоддзяў...

Ніхто лепш і больш, на мой погляд, не здолеў апець у сваіх творах Мазыр, так пранікнёна, так шчыра і ўзнёсла, як ён, Паэт Валодзя Верамейчык...

Калі жывеш у Мазыры, калі ідзеш па яго вуліцы, калі зліваешся з ім душою і сэрцам, то табе абавязкова падасца, – што і дзяўчаты-мазыранкі самыя прыгажэйшыя ў свеце, і усмешкі на тварах паляшучак і палешукоў самыя гожыя; і што горад сам – тварэнне непаўторнае, бо, здаецца, нідзе ў свеце няма такога горада, як Мазыр... Нехта параўноўвае яго са Швейцарыяй, з іншымі краінамі, а я не хачу гэтага рабіць – ён адзін на свеце такі, і не трэба, каб ён у нечым быў падобны да іншых... Бо ён – унікальны. Бо Мазыр – гэта Мазыр. І Прыпяць – гэта Прыпяць. Гаворыш Прыпяць, а чуецца – “тры”-“пяць”... Як дзве чароўныя лічбы, як кароценькая малітва да Вышняга...

Слова святара Васіля

Заходжу ў Свята-Міхайлаўскі сабор, які, – як сведчаць дакументы, пабудаваны ў ХVІІІ стагоддзі...

Ідзе служба – літургія. Разам з усімі накладаю крыж і ўголас гаворым-спяваем “Ойча наш, існы ў нябёсах. Ды свяціцца імя Тваё...” Святар вядзе службу на расейскай мове, малітвы чытае на стараславянскай. У мяне ж малітоўнік і Біблія на роднай мове. І я чытаю, стараючыся папасці ў рытм, на мове продкаў Вялікага Княства Літоўскага...

У храме шмат людзей. Побач стаіць матуля, побач з ёю дачушка. Як і маці, чытае малітву і перажагнае сябе рукой. У дачушкі асветлены таямнічым святлом тварык, засяроджанасць... Нас усіх аб”ядноўвае нябачная аўра, Божае бласлаўленне. Мы – адзіны арганізм, які імкнецца быць чысцейшым, удасканаленым, адухоўленым...

А некалі Міхайлаўскі сабор, які быў заснаваны ў 1645 годзе, быў бернардзінскім манастыром. І сёння захаваліся ў ім манастырскія келлі, а ў склепе пакояцца целы набожчыкаў. Патаемны ход ад храма цягнуўся да Кімбараўкі, дзе былі два жаночыя манастыры – ордэна цыстэрсак і ордэна марнавітак. Казалі людзі, што ў гады рэпрэсій з тых сутарэнняў чуваць былі жудасныя крыкі – там наладжвалі катаванні “інквізітары ХХ стагоддзя”, – энкавусаўцы... І сёння некаторыя сцвярджаюць, што па начах калі-нікалі можна пачуць жудасныя плачы жанчын, крыкі, што раздзіраюць душу, мужчын... То чалавечыя душы ніяк не могуць супакоіцца ад несправядлівасці, не могуць папасці на неба...

Міхал Капач, які доўгія гады працуе ў райвыканкаме (быў сакратаром райкама партыі), які працаваў над кнігай “Памяць” і выдаў яе, і ў дадатак сабраў звесткі пра ўсе вёскі Мазыршчыны, сказаў мне:

– Айцец Васіль прымае самы актыўны ўдзел у нашых мерапрыемствах, часта выступае перад ветэранамі працы і вайны, – слухаюць яго з вялікай цікавасцю. А так ён – Васіль Нікіфаравіч Тур.

Матухна Вера адказала мне:

– А айцец Васілій дровы на дрывотні коле.

Праз нейкі час святар вызваліўся ад мірской працы. Памыўшыся, выйшаў насустрач. Такім і ўяўляў яго – у вачах свецяцца агеньчыкі, сам увесь выпраменьвае дабрыню і Боскую ласкавасць.