Выбрать главу

– Радуе мяне і ўсцешвае, што сёння маладыя ідуць у царкву. І не проста ідуць, а і ўдзельнічаюць у богаслужэнні. Значыць, людзі знаходзяць дарогу да Бога. А, значыць, такіх людзей Бог не пакіне без сваёй апекі... Радуе і тое, што ідуць на споведзь не толькі людзі сталага ўзросту, а і дзеці, юнакі і дзяўчаты... Я слухаю іх споведзі, адпускаю ад імя Госпада грахі, і радуюся за іх, бласлаўляю на добрыя будучыя справы...

Такога раней не назіралася. Раней шмат на што было накладзена забаронаў. А сёння адкрыта ідзе хрышчэнне немаўлятак, урачыста і ўзнёсла праходзіць вянчанне маладых. Усе ад Бога, усё праз Бога...

Сам я нарадзіўся пад Буда-Кашалёвам, былым Уваравіцкім раёнам. Адслужыў армію і паступіў вучыцца ў духоўную семінарыю. Сёння ўжо сорак пяць гадоў, як я служу Богу. Сёння мой прыход у вёсцы Васькаўка.

Мы разам з вернікамі пабудавалі царкву ў вёсцы, і молімся ў ёй. Царкву пабудавалі на тым месцы, дзе ў трыццаць восьмым яе разбурылі атэісты... Нам памагалі і фундатары, збіралі грошы і самі вернікі... Працуе сёння царква, радуе сэрца веруючых. Але акрамя нас адрадзілася царква і ў вёсцы Скрыгалаў...

Мяне часта запрашаюць у школу нашай вёскі і ў суседнія, дзе я вяду гутаркі пра веру, пра Бога, тлумачу Новы і Стары запавет. Мне задаюць шмат пытанняў. І я з радасцю на іх адказваю.

У сям”і ў нас вырасла трое сыноў. Усе яны пайшлі па маёй сцежцы – усе святары. Я зжыўся з гэтай зямлёй, зжыўся з людзьмі, і ніколі не стамляюся памагаць людзям. Бо мы ўсе належым Богу, які вядзе нас да праўды, шчырасці і дабрыні.

... Падзякаваўшы за сказаныя словы, развітаўшыся, я адчуў, як яшчэ доўга мяне не пакідала духоўнае цяпло, якое перадаў мне айцец Васіль. Падумалася – значыць, кожнаму верніку, які прыходзіць да яго, ён дорыць часцінку свайго душэўнага і духоўнага цяпла.

“Ойча наш, існы ў нябёсах!..”

Вуліцай Міколы Пушкара

“На пачатку стварыў Бог неба і зямлю…

І стварыў Гасподзь Бог чалавека з пылу зямнога

і ўдыхнуў у твар ягоны дыханне жыцця,

і зрабіўся чалавек душою жывою…”

Быццё. Раздз. 1 (1), 2 (7)

1.

Жыў у Мазыры чараўнік. Разумеў мову птушак і звяроў, ведаў, пра што шапоча лістота ў яго пад вокнамі, чуў паданні і паэмы, якія шапталі прыбрэжныя хвалі плыткай Прыпяці, – а яна яму была бачна з яго балкона; калі прыкладаў вуха да зямлі, то да яго даносіліся водгукі часоў Княства Літоўскага, звон дзідаў Грунвальдскай бітвы, у якой удзельнічалі ваяры Мазыра…

Усё чуў, разумеў і ведаў казачнік-бай Мікола Пушкар.

Прыходзілі да яго дзеці ў майстэрню, з цікавасцю аглядалі экспанаты – андаракі і прасы, прасніцы і калаўроты, гладышы і вышыванкі… На яго маленькім століку, які ад дотыку рукі мог круціцца, ляжаў кавалак чырвона-шэрай гліны…

– Дзед Мікола, а што гэта такое? – паказвае пальцам хлапчук на шэрае месіва.

– Гэта я… – усміхаецца казачнік. – Не верыце?

– Не, – адмоўна круціць галавой дзетсадавец (майстэрня знаходзіцца на тэрыторыі дзіцячага садочка), – ты – во, перад намі, а гэта… мусіць, зямля…

– Э, не, – круціць адмоўна галавой дзядуля Мікола, грозна насупліваецца, рукі прыпадымае над глінай, водзіць над ёю, нешта шэпча…

Хлапчукі пераглядваюцца, не разумеюць дзеянняў чараўніка, чакаюць, што вось-вось павінен адбыцца нейкі цуд. Тады рукі Пушкара сціскаюць гліну, робяць з яе нейкі клубок-балабушку. Потым клубок ператвараецца ў незразумелую істоту – ні чалавек і не звер. А праз нейкі момант хлапчукі ўбачылі, што з’явіліся ногі, рукі, галава… Пушкар яшчэ трошкі пачараваў над чалавечкам і адзін з хлапчукоў усклікнуў:

– Дык гэта ж ты, дзед Мікола!

Усміхаецца Мікола Пушкар, глядзіць вясёлымі вачыма на іх, рады, што даў ім першы ўрок мастацтва ў сваёй майстэрні.

– А нам так можна? – асцярожна пытаецца Міхаська, не адводзячы позірку ад толькі што створанага вобраза.

– Можна, – адказвае казачнік, – але не сёння… Бо вы вунь якія чысценькія і акуратненькія, а выпэцкаецеся ў гліне, і на мяне будуць сварыцца і вашы выхавацелькі, і бацькі. Таму прыходзьце заўтра. А дома скажыце, каб далі вам з сабою ношанае адзенне. Дамовіліся?

– Дамовіліся, дзядуля Мікола!

Дзеці пакідаюць майстэрню, а Пушкар з акна праводзіць іх цёплым позіркам. У яго на душы радасна і светла. Бо любіць, калі да яго прыходзяць людзі, цікавяцца тым, што ён робіць, як працуе… А потым незаўважна разгаворацца, і Мікола Пушкар без стомы будзе расказваць і расказваць, апавядаць пра сябе, пра свой час, як стаў мастаком…