А жыццё ў яго цікавае і разнастайнае, перанітаванае горкім і салодкім, трагічным і вясёлым… Аповедаў яго хапіла б на некалькі кніжак, і кожная з іх была б адметнай з’явай, якая б раскрывала сутнасць і непаўторнасць гэтага чалавека…
2.
Адпраўляюся зноў у Мазыр, каб пабачыцца і пачуць голас мазырскага чараўніка. Кліча да сябе ён часта, як і клікаў пры жыцці. То яму параіцца трэба пра нейкія гістарычныя факты, то ніяк не можа прыдумаць трапную назву свайму новаму твору, то проста сум узяў і хоча, каб пасядзеў побач, выслухаў яго, падзяліўся сваімі набалелымі думкамі…
Ведаю, што такой вуліцы няма (яшчэ няма!), але пытаюся ў людзей, якія спускаюцца пешшу з гары:
– Падкажыце, як прайсці на вуліцу Пушкара?
– Міколы Пушкара? – удакладняюць у мяне. – А што ўжо ёсць такая ў нашым горадзе вуліца? То, мусіць, тая, куды і вядзе да Пушкароўскага музея.
– Так, так, – згаджаюся радасна я, – але, на жаль, сапраўды такой вуліцы няма яшчэ, але яна можа быць у хуткім часе...
– Добра было б, – згаджаецца мазыранін, – Пушкар – гонар нашага горада.
Кіруюся вуліцай Якуба Коласа да мікрараёна Янкі Купалы, – дзе ў дамочку, побач з дзіцячым садком і знаходзіцца музей імя Міколы Пушкара... Дакладней, ужо майстэрня-музей Міколы Пушкара”. Але да гэтага...
О, які то час быў! Пушкар, прайшоўшы два канцлагеры, не страціў любові да жыцця, а з яго душы так і выпіралі дабрыня і пяшчота, духоўны талент і жаданне дзяліцца з людзьмі тым, чым узнагародзіў яго Бог…
А што талент у яго ад Бога, ён не адмаўляе, наадварот, кожны раз падкрэслівае гэта.
– У дзяцінстве яшчэ пачуў, – расказвае Мікола Пушкар, – ад бабулькі, калі яна чытала Святое Пісанне. “На пачатку стварыў Бог неба і зямлю… І стварыў Гасподзь Бог чалавека з пылу зямнога і ўдыхнуў у твар ягоны дыханне жыцця, і зрабіўся чалавек душою жывою…” Гэтыя словы мяне тады вельмі ўразілі. Я не ведаў, чаму, як і не ведаў, кім буду ў жыцці. То праз шмат год, калі я знаходзіўся ў канцлагеры і быў паміж жыццём і смерцю, пад рукі папаўся кавалак гліны… Я міжволі пачаў размінаць яго пальцамі, хаця ўжо не было ўва мне ніякай сілы, несвядома выштукоўваючы нешта… І мне тады пачуўся знекуль голас: “І стварыў Гасподзь Бог чалавека з пылу зямнога…” Помню, што я тады стварыў не вобраз чалавека, а нейкую невядомую птушку. І ў яе былі шырока раскінутыя крылы… Тады ж я адчуў, як гулкія ўдары сэрца пагналі кроў і яна балюча ўдарыла ў скроні. Боль адразу прайшоў і нарадзілася жаданне жыць, узняцца птушкай у неба і паляцець да зораў, пакінуць калючы дрот і ненавісныя выкрыкі фашысцкіх катаў… Я зразумеў тады, што Гасподзь тым кавалачкам гліны не толькі выратаваў мне жыццё, а і паказаў дарогу, па якой павінен кіравацца ў сваім жыцці…
Мікола, Мікола... Колькі год ужо, як яго няма сярод нас.
Гэта быў шчыры і даверлівы чалавек, таварыскі і заўсёды вясёлы...
Нарадзіўся Мікола Мікітавіч на мяжы Расіі і Украіны – паміж Белгарадам і Харкавам. А лёс закінуў яго вунь куды – на Палессе, у Мазыр.
– Бацькоў сваіх я не памятаю, – расказваў мне Мікола Мікітавіч. – Ведаў толькі, што бацька меў нейкае дачыненне да мастацтва – маляваў абразы, – як казалі ў народзе, быў богамазам...
Успамінаў Пушкар пра галодныя гады дзяцінства. Апынуўся ў калоніі Макаранкі.
Расказваў Мікола, як яму даручылі намаляваць партрэт пралетарскага пісьменніка Максіма Горкага. Які збіраўся прыехаць да іх у калонію. Партрэт пісьменніку спадабаўся. І ён нават папрасіў кіраўніцтва Харкаўскага мастацкага вучылішча, каб яго прынялі на вучобу, – хлапчуку не ставала год. Пасля вучылішча выкладаў маляванне ў школе...
Вайна... Кантузія... Канцлагер.
Цудам выжыў. Пасля вайны зноў канцлагер – цяпер ужо сталінскі. За тое, што быў у палоне...
Калінінград...
Першыя спробы нешта ляпіць з гліны. Прыехаў у Мазыр. Уладкаваўся мастаком на заводзе меліярацыйных машын.
Днём маляваў плакаты ці пісаў аб’явы, а вечарамі мясіў гліну і вылепліваў тое, што мроілася перад гэтым...
Аднаго разу мы разам з ім пайшлі на мазырскі рынак. Ён і без мяне туды заглядваў кожную нядзельку. Запаў у душу дзядок, які прадаваў з бочачкі мёд, а побач з ім сядзела каларытная маладзіца – цётка Тэкля – родам з-пад Лельчыцаў...
– Глянь, глянь, – шаптаў незаўважна мне Пушкар, паказваючы позіркам на сівога, мо за сто гадоў, дзядка – вясёлага, гаваркога, дасціпнага... Цэлыя вершы-паэмы чытаў пра сваю гліну, з якой вырабляў макітры і гладышы. – Гэта ж – фігура! Гэта ж – каларыт!