3.
У Міколы Пушкара праявіўся арыгінальны і своеасаблівы талент. Ён асвоіў і працуе у тэракоце, рэдка калі – за выключэннем адной-дзвюх прац – у шамоце, выкарыстоўвае найбольш простыя прыёмы ганчарнай тэхнікі. І заўсёды пры гэтым імкнецца захаваць непарыўную сувязь з народным побытам, творчасцю і духоўным талентам.
З гэтага, напэўна, і нараджаецца тое ўнікальнае падабенства і пачуццё вобразнасці пластычнага ладу народнага ганчарства, унікальнага, непаўторнага па сваёй пластыцы, характары і тэхніцы апрацоўкі.
Цікава заўсёды назіраць у яго працы адну акалічнасць – звычайная чырвоная гліна, якой на паляшуцкіх прасторах залежы і залежы, пабываўшы ў руках чараўніка-казачніка, ператварыўшыся ў нейкія нечаканыя і дзівосныя вобразы, прайшоўшы працэс абпальвання, нечакана набывае новыя рысы: ад вобразаў выпраменьваецца цяпло і душэўная шчодрасць таго, хто і стварыў гэты цуд. З’яўляецца жаданне да той гліны дакрануцца, адчуць яе не толькі цяпло як матэрыялу для стварэння мастацкага вобраза, а і духоўную цеплыню, міжволі паверыць у тое, што перад табой жывы вобраз, у якога ёсць сэрца і душа.
Кераміст набыў свой выразны і індывідуальны почырк. Творы ў яго атрымліваюцца абагульненыя, часцей тыпізаваныя, але жыццёва праўдзівыя, жывыя. Пластыка і дэкаратыўнасць супадаюць і ствараюць неразрыўны сплаў таленту і творчай фантазіі, пачуццё гумару і ўнутранай дасціпнай абаяльнасці.
Па аб’ёме працы невялікія, памерам з кулак, і могуць змяшчацца на далоні, – але колькі ў іх жыцця, напружанасці, дынамікі, каларыту, дзівоснай і непадробленай выразнасці. Глядзеў бы і глядзеў на вобразы палешукоў – касцоў, ганчароў, цырульнікаў, печнікоў, сейбітаў, – глядзеў бы і не адрываўся, адчуваючы праз хвіліну, як яны пачынаюць гаварыць з табой, пытацца пра нешта, расказваць пра сябе нешта смешнае і адметнае… Вы не адчувалі гэтага? А паспрабуйце паклікаць на дапамогу сваю фантазію і дзіцячае захапленне – абвязкова пачуеце голас глінянага чалавечка!
Параўноўваючы творы Міколы Пушкара розных гадоў, можна лёгка прасачыць і адзначыць характэрную асаблівасць – мастак рос ад адной працы да другой, сталеў, набываў сілу яго талент і, цяпер можна гаварыць смела, нават геніяльнасць. Геніяльнасць у стварэнні гліняных вобразаў. Бо і па сёння ніхто не можа зрабіць мацней і цікавей такія працы. Падробка ёсць, перайманне, але ўзняцца вышэй – над вобразамі, над пластыкай і глыбінным характарам, – ніхто не здолеў.
Возьмем хаця б раннія працы – “Паляўнічы”, “Ветэран”, “Дудар”… Аўтар апрацаваў кожную дэтальку вобраза, кожны нязначны штрышок, ледзь не фатаграфічна перадае падабенства. А потым пазней прызнаецца мне Пушкар:
– З’явілася памылка, нават недахоп у маёй працы… Чаму? Растлумачу. Гэта як і ў тваёй працы – пісьменніка. Пішаш словы, радкі, але ж галоўнае, што паміж радкоў… Прастор для думкі, для фантазіі, для вобразаў, якія ўзнікаюць у кожнага чалавека. Так і тут трэба: не сляпое капіраванне, а ўдыханне ў кожную працу біцця сэрца, яго духоўнасць, характар, паводзіны… Вобраз сам пра сабе нічога не скажа, мы павінны сказаць пра яго, бо ўбачым, адчуем, дакранемся да яго душы…
І потым мастак, жорстка крытыкуючы сябе за трафарэтнасць ці безжыццёвасць вобразаў, ператвараецца ў творцу, у стваральніка, помнячы словы – “і ўдыхнуў у твар ягоны дыханне жыцця” – самога сябе перасяляе ў той вобраз, пакутліва і балюча перажываючы той працэс. Але і радасць апаноўвае яго, бо ўжо адчуваў сябе не пачаткоўцам, а майстрам.
Вобразы пачалі набываць выразнасць, жыццёвасць, яны пачынаюць вырывацца “з няволі” запраграмаванасці і зададзенасці, у рухах з’яўляецца смеласць і гнуткасць. Нават непакорнасць. Прызнаваўся пазней Мікола, што не ён ляпіў вобразы, а самі вобразы ляпілі сябе. Ён і сам не разумеў тое, здзіўляўся, радаваўся, але слухаўся тых, хто ажываў пад яго рукамі.
У новым творчым узлёце майстра можна пераканацца, паглядзеўшы яго наступныя творы. Гляньце на “Палешука”. Што адчуваеце? Так, так, што ён вось-вось павітаецца з вамі і раскажа такую смешную гісторыю, што вы за жываты будзеце брацца. А пластыка ж простая, ніякай стлыізацыі. Толькі хітрыя вочы, гумарны пагляд, на языку вострае слоўца…
А “Лірнік”… Праз імгненне ўбачыце, як закруцілася ручка ліры, і мелодыя пацякла-палілася, быццам набірае моц разліў Прыпяці… Шчымлівая мелодыя, глыбокая, не адысці, не адарвацца… Чараўнік Пушкар, няйначай!