Мастак ужо не звяртае аніякай увагі на правільную прапарцыянальнасць усяго цела, самой паставы, памеры рукі ці ног, – не гэта галоўнае! – галоўнае – паказаць унутранае святло душы, чалавечыя эмоцыі – радасць і гумар, дасціпнасць і мудрасць, перажыванне за нейкую няўдачу і ўсплеск шчаслівых хвілінаў… А дабіцца гэтай непасільнай задачы дапамагаюць, здавалася б, на першы погляд, ненатуральныя рукі і ногі, шаржыраваны твар, пастава. Але, як ні парадаксальна, нам гэтае нават не кідаецца ў вочы, мы гэтага зусім не заўважаем, а скіроўваем усю сваю ўвагу ў тое, што не відаць, у тое, што нам чуецца, у тое, што схавана ў душы…
Адсюль можа і скласціся ў каго ўражанне, што працы Пушкару даваліся лёгка і хутка.
– А што, – хітра ўсміхаецца Пушкар, і яго ўсмешка падобна на “Палешука”, – яны не памыляюцца… Сапраўды, – лёгка і хутка… Некаторыя вобразы мне ўдаюцца за некалькі гадзінаў, а то і меней. Але гэта ўжо канчатковы працэс – працэс увасаблення. А ніхто ж не ведае, колькі часу ішоў да гэтага вобраза, колькі перадумаў, колькі перажыў… На гэта можа пайсці і месяц, і паўгода, а то і год…
Таму, калі Мікола ўзяўся за стварэнне сваіх “Вячорак”, мастаку прыйшлося паездзіць па Палессі, пераначаваць не ў адной хаце, дзе збіраліся вечарамі людзі каля печы. І занатоўваў, занатоўваў ў сшытку і ў сваёй памяці тое, што кідалася ў вочы, што было адметным і вобразным. Знаходзіў людзей, “будаваў” сваю печ з засланкай і гаршкамі на прыпечку. Але ніяк усё гэта не мог скампанаваць, стварыць адзіны зліты вобраз, сабраны ў адну ідэю, у адзіны настрой. Праходзіў і адзін месяц, і другі…
А аднойчы “дзед Цімох» папрасіўся на печ, нават папрасіў мастака, каб той падсадзіў яго”… Захацелася старому пагрэць косці. Падсадзіў. Той усеўся на чарэнь, ды яшчэ нагу за нагу закінуў, патыліцу пачасаў, нешта яшчэ хацеў сказаць, ды Пушкар ужо не чуў яго, пачаў рассаджваць астатніх людзей вакол печы. Знайшоў сабе месца дудар, побач з ім, упобачкі, усеўся барабаншчык, ля яго – балалаечнік. Але хлопцы яшчэ не іграюць, яны толькі настройваюць свае музычныя струманты, каб потым ужо, як дзяўчаты папрадуць кужаль і вышыюць ручнікі, распачнуць скокі ў хаце. Тут жа ў юнака каля ног – жорны, у другога – ступа, а маладыя закаханыя прыхінуліся адно да аднаго і, шчаслівыя, думаюць і мараць пра нешта сваё. Якая гама пачуццяў! Якія галасы ў людзей, які смех, якая гамонка! І мы чуем іх, здзіўляемся, радуемся”
Людзі размясціліся вакол печы. А мастак доўга думаў, як сумясціць печ і людзей. У гэтай кампазіцыі ўжо ясна праглядваецца заканамернасць – нічога пабочнага, што магло б перашкодзіць успрыняццю створанага. Глядач можа хадзіць бясконца вакол печы, углядацца ў кожны твар і адзначаць, што ён адкрывае і адкрывае кожны раз нанова.
І кожны раз падтэкст новы, і каларыт новы. То ў печы бліскае святло – нехта падпаліў лучыну, то дудар спрабуе сваю дуду, то маладыя пачалі цалавацца… Тут табе і вясковы побыт, і жартаўлівы дзед, які пачынае смяшыць сваімі аповядамі вячоркаўцаў, то песня палілася ад жанчыны, што сядзіць каля прасніцы… Героі весела размаўляюць між сабой. Іх аб’яднаў вольны вечаровы час і агульны бытавы інтарэс…
“Вячоркі” – адна з цікавейшых прац Міколы Пушкара. Яна яшчэ раз даказвае і пераконвае, што мастаку падуладны самыя складаныя кампазіцыйныя вырашэнні.
Да любімага матыву майстра звяртаецца не адзін раз, але ніколі не паўтараецца. Кожная новая праца на гэтую тэму вылучаецца глыбіннай навізной, арыгінальнасцю і пластычнасцю.
Апошняя праца “Ганчар” – гэта ўжо не скульптура малой формы, а рэльефнае пано. Зроблена яно з гліны, прысутнічае бліскучая паліва з цёмна-сінім адценнем. Што найбольш уражвае ў гэтым творы? Пранізлівы позірк ганчара і яго рукі – загрубелыя, спрацаваныя, парэзаныя баразёнкамі зморшчынаў, моцныя і адначасова пяшчотныя, ад якіх сыходзіць цеплыня. Бачна, як яны дакранаюцца да гладыша, што круціцца на крузе. Ганчар крыху згорблены – гады працы наклалі свой адбітак на яго паставу, ногі з шырокімі ступакамі ўпэўнена круцяць кола. Гладыш і рукі – аднаго колеру. Можна толькі здагадацца, што не так яны даўно выняты з печы, і гладыш яшчэ ўтрымлівае цяпло. Ганчар грэецца гэтым цяплом, убірае яго ў сябе, – і яны ўжо як быццам зліліся ў адно цэлае, у адну песню, у адну мелодыю.
У нейкім сэнсе гэта жартоўны аўтапартрэт. Герой быццам гаворыць нам, што толькі сапраўдны майстар, які раскрыў сакрэты і таямніцы керамікі – старажытнага спалучэння агню, вады і зямлі, – здольны стварыць такі твор мастацтва.
Можна вельмі шмат казаць і пра тое, што “Ганчар” – гэта дасканаласць і ўзлёт да вяршынь майстэрства, пра яго выяўленчую дасканаласць і творчы прафесіяналізм, можна нават і знайсці нейкія недахопы, але мы разам з вамі павінны паверыць у адно – калі хто хоць раз сустрэнецца з гэтым рэльефным пано, дакранецца да яго душой, то наўрад ці хутка забудзе пра яго. “Ганчар” будзе доўга яшчэ непакоіць, па-добраму турбаваць, напамінаць пра сябе, нават прымушаць задумацца над сваім жыццём, над тым, што вы стварылі адметнае і цікавае…