Надоўга запомняцца вочы, рукі і ногі старога, і народзіцца сама па сабе выснова – такое мастацтва неабходна людзям, бо яно старажытнае, як свет і зямля. Хаця трэба і прызнаць, што на сёння рэдкая прафесія. І ад таго крыху сумныя вочы ў ганчара, бо ён пытаецца ў нас: “Ці будуць у мяне паслядоўнікі? Хачу, каб былі… Я хачу перадаць таямніцы свайго таленту наступным пакаленням. ..”
Здзіўляўся: як глыбока і дасканала ведае майстра беларускі побыт і звычаі, фальклор і народнае мастацтва, традыцыі і ўклад жыцця. Яму заўсёды ўдавалася адшукаць у жыцці палешука адметныя нацыянальныя асаблівасці, уласцівыя толькі беларускаму народу.
З глыбінь Палесся, з сівой даўніны цякуць тыя нябачныя рэчкі-рачулкі, якія нясуць творчую даніну мастаку, баюць яму казкі і паданні, песні, – заставалася толькі пачуць іх і перанесці на мову гліны… І не толькі пачуць, а і адчуць чалавечы характар.
Вось менавіта характар чалавека і стараўся паказаць мастак у сваіх працах. Таму і нараджалася тады выснова – тое і з’яўлялася галоўнай лініяй і галоўным крэда яго творчасці.
У Міколы Пушкара я заўсёды вылучаў сваё, асабістае бачанне жыцця, свае перажыванні, эмоцыі. Ён пераўвасабляўся, калі знаходзіўся ў сваёй майстэрні. Не заўсёды ён любіў і размаўляць, калі паглыбляўся ў працу...
Мастак ствараў шэдэўры, адметныя яркай своеасаблівасцю творы, вылучаўся непаўторнасцю выканання, унутранай псіхалагічнай глыбінёй. Яго працам уласцівы рысы нацыянальнага характару – мяккі гумар, разважлівасць, жарт, летуценнасць, гратэск…
Кожны твор кераміста-майстра – гэта глыбінны фальклорны пласт, неспатольная крыніца мудрасці і радасці, узнёсласці і радасці жыцця. У кожным узоры вылучаецца асабістая рыса характару Міколы Пушкара – любоў да чалавечай працы.
У сціплай паставе апусціў натруджаныя рукі сейбіт – адна выцягнута ўздоўж цела, а другая абаперлася на сявеньку. А вочы… Вочы скіраваны некуды ў неба і з такой умольнасцю і надзеяй просяць:
– Я адсеяўся, Божа, дзякуй Табе! Я аддаў раллі апошняе зярнятка і хачу сабраць восенню ўраджай, каб пракарміць сям’ю. Не падвядзі, дожджык, пралі сваю жыццядайную сілу на пасевы, а я ўжо не пашкадую сваіх сілаў для матухны-зямелькі…
Вось такія прыблізна словы я чуў і чую сёння, калі сустракаюся з “Сейбітам”. І таму мы шчыра верым, што той дожджык, якога так чакае паляшук з сявенькай, абавязкова абрынецца на поле, на яго соткі.
Я б асабіста вылучыў гэтую працу, як найвышэйшы апафеоз таленту мастака, яго філасофска-духоўны ўзлёт, як спадзяванне на разуменне намі яго творчасці. Ён і сёння, калі яго няма сярод нас, чакае дажджу – нашых адносін і ацэнкі яго творчасці. У гэтай працы праяўляецца найвышэйшая дасканаласць – нічога пабочнага і лішняга, што б адцягвала нашу ўвагу ад галоўнага, кожная рысачка дапаможна працуе на тое, каб мы раскрылі прапанаваны унутраны свет і мастака, і яго герояў…
Тыя ж натруджаныя рукі, і моцна, трывала стаіць паляшук на сваёй роднай зямельцы, якая ўскарміла яго, якой ён аддае ўсе свае сілы і мары. Чалавек жыве, калі працуе. З такімі словамі звяртаецца майстра да нас.
У клопатах простага палешука, у яго неспакойным жыцці і сумненнях, у жартах і весялосці б’ецца сэрца нашага народа, яго паэтычнасць і духоўны рост, нескаронасць, мяккасць і ўпэўненасць у сабе, годнасць і гонар.
Мастак працаваў пераважна ў жанры дробнай пластыкі, таму і творы яго носяць адбітак камернасці і мініяцюрнасці. Але гэта надае творам духоўную вагу, ідэйнасць і сілу.
Яшчэ спецыялісты ад мастацтва называюць яго творы скульптурамі малых формаў. Я ж асабіста з гэтым пагадзіцца не магу. І вось чаму... Скульптура – гэта адлюстраванне нейкага канкэтнага чалавека, асобы, справа іншая пры жыцці ці не пры жыцці ўзводзяць тыя скульптуры, а тут абагульнены беларускі характар... І мастак не капіруе нейкага аднаго, а збірае ўсё ў адзін мех, кошык, кашэль (каробка, зробленая з сасновай дранкі, пераважна на Палессі). Брэйгель таксама не капіраваў сваіх людзей з некага аднаго.
Таму ў Міколы Пушкара не скульптуры і не скульптуркі, – Асобы, Характары, – са сваімі заганамі і недахопамі, анекдатычнасцю і прастатой, у чым мы не можам самі сабе прызнацца, што гэты мы ў паасобку...