Пушкароўскія вобразы...
Пушкароўская гліна...
Адухоўленая і ажыўленая. Ды не знойдзем мы з вамі канкрэтнага вызначэння, як ні стараліся б. Бо сам Майстра на такое пытанне адказваў няўцямна:
– Як назваць? Аніяк... Гліна, вынятая з печы... Як спечаны бохан хлеба.
Майстар ніколі не задумваўся над гэтым – не меў часу траціць на вызначэнні…
Бо не тое было галоўным, а тое, што выштукоўвалі яго чуйныя пальцы...
4.
Але зноў вернемся да твораў.
Возьмем “Гліна спявае”. Бадай, і без подпісу можна зразумець, што хацеў паказаць нам мастак. Ганчар сядзіць каля сваіх гладышоў і макітраў, прыставіў да вуха, як марскую ракавіну гаршчэчак, і слухае… Услухоўваецца ў час, у стагоддзі, у гісторыю і нараджэнне зямлі… А на твары такое замілаванне, такая радасць, такая ўзнёсласць, што і нам робіцца радасна за яго… Так можа толькі радавацца толькі творца, які дасягнуў духоўных і творчых вяршынь. І мы разам з керамістам чуем, як спявае гліна. У ракавіне можа спяваць марскі прыбой, а ў горшчыку…
О, гэта дзівосны і казачны свет, чароўны і непаўторны, Боскі і чалавечы! Мы можам здагадацца нават і пра тое, якая гучыць мелодыя – яна абавязкова мажорная, і пераклікаецца з ноткамі жарту, гумару; гэта своеасаблівы гімн працы, гімн стваральніку-чалавеку. Вось так камернасць можа перарастаць у нешта больш значнае і ўстойлівае, і тады мы ўжо міжволі, зразумеўшы ўсё, адносімся да дробнай пластыкі як да глыбіннага, гістарычнага пласта.
Недзе ў тыя ж гады нарадзіўся і “Ярыла”. Быў такі божышча сонца і ўрадлівасці ў язычніцкай міфалогіі ўсходніх славянаў. Назва пайшла ад старажытна-рускага “яр” – вясна, святло, жар – той, хто грэе, росціць, апладняе. Ярыла ўяўляўся прыгожым хлопцам, які штораніцы аб’язджаў на белым кані палеткі, і пасля гэтага ажывала ніва, ішлі ў рост пасевы.
Мікола Пушкар адышоў ад раней створанага. Ён вынайшаў сваё! Замест белага каня увёў нейкіх міфічных звяроў: яны нясуць падобнага да сонейка Ярылу, і яно, Ярыла-сонейка, нейкае бязважкае, здаецца, вісіць у паветры. Правая рука выцягнута ўздоўж тулава, а левая як бы робіць рух развітання з язычніцтвам і абяцання хуткай, ужо абноўленай сустрэчы. Увесь матыў – вогнены колер, быццам і сонца, і міфічныя звяры на самай справе вылецелі з нейкага казачнага агню. А раніцай узыйдзе сонейка, аздобіць цёплымі праменнямі наваколле – і зноўку наступіць Божы дзень. Ярыла – гэта жыццё, жыццё з мірным сонцам, папярэднік хрысціянства на паляшуцкай зямлі…
Майстра валодае яшчэ вялікім і фантастычным дарам – адчувае пульс не толькі сённяшняга дня, а і сівой мінуўшчыны. Ён умее бачыць, вылучаць галоўнае з мноства падзей, фактаў і з’яваў.
Тое прыйшло не адразу, а на працягу многіх і многіх гадоў, у выніку настойлівай працы. У майстра выпрацаваўся свой непаўторны, адмысловы стыль, вызначаліся “пушкароўскія” тэмы і сюжэты.
Калі я спытаў, якія задачы стаяць перад кожным творцам, Мікола адказаў:
– Вылучаць адметнае і цікавае, што здараецца ў нашым жыцці. Вылучаць, апрацаваць, стварыць, а потым убачаным падзяліцца з людзьмі… Наша задача звярнуць увагу людзей на простыя рэчы, здзівіць іх, каб яны ў нейкі момант абрадавана ўскрыкнулі: “Божа, як прыгожа і цікава! А мы кожны дзень праходзілі паўз гэта і не заўважалі…” Жыццё наша складаецца з мноства дробязяў – смешных і трагічных, вясёлых і сумных. Часта мы не заўважаем гэтага. Кажуць, што смех прадаўжае наша жыццё… Бязмежна быў бы шчаслівы, каб у гэтым хоць крышачку памагла мая гліна… Калі пісьменнік піша кароценькае апавяданне, то ён як праз павелічальнае шкло даследуе нейкі канкрэтны эпізод героя ў найвышэйшым яго праяўленне. Тое ж раблю і я – і ў мяне такое шкло…”
Я дадаў: чароўнае шкло. На гэта ён толькі смяяўся.
Творчасць мастака нельга ўкласці ў нейкія традыцыйныя рамкі. Ён быў заўсёды ў пастаянным пошуку. Яго цікавіла тэма працы – “Каваль”, “Паляшук-дрывасек”, “Мазырскі рыбак”, – захапляў вясковы побыт – “На кірмаш”, “Беларуская бульба”, “Каравай”, “Прымак”, “Снежань”, “У госці”.
А колькі сюжэтаў створана пра палешукоў-музыкаў! “Гусляр”, “Лірнік”, “Каляды”, “Барабаншчык”, “Палескія музыкі”, “Мелодыі Палесся”, “Дудар”, “Балалаечнік”. А то і цэлыя этапы вяселляў захопліваюць Пушкара – меднае, бронзавае, срэбнае, залатое, плацінавае, брыльянтавае. У кожнай працы – адкрыццё, нечаканасць, арыгінальнасць.
Валеры Жук падрабязна разбіраў творчасць Міколы Пушкара ў сваёй кніжцы “Сучасная беларуская кераміка” (Мінск, “Навука і тэхніка” 1984). У прыватнасці ён адзначаў: