“Фальклорная тэматыка асабліва ярка адлюстроўвалася ў дробнай керамічнай пластыцы. Адзін са старэйшых беларускіх керамістаў М. Пушкар – тыповы прадстаўнік гэтага накірунку, якое прасочваецца ў яго творчасці з канца 60-х гадоў. Яго працы клічуць гледачоў на Мазырскае Палессе, у непаўторны свет паданняў, песень, казак, звычаяў і ўвасабляў мінулае ў чалавечых характарах. Вобразы жыхароў гэтага краю з усімі неверагоднасцямі іх існавання, часам смешнага, а часам сумнага, стварае мастак у сваіх кампазіцыях.
Творы Міколы Пушкара часцей за ўсё камерныя па характары. Дакладна знойдзены памер, прыцягненне да чалавека прыдаюць лепшым яго скульптурам цэльнасць. Адзінства вобраза і стылю, характэрныя для яго працаў дазваляюць лёгка размясціць іх у інтэр’еры. Па-рознаму трактуецца мастаком пластычная форма. У адным выпадку гэта агульна выразная маса, адзіны аб’ём і толькі самыя неабходныя дэталі: “Мы з табою, як рыбка з вадою”. (1975, тэракота), у другім – форма больш рытмізаваная і дынамічная (“Хатняя баталія”, “Хворы Мацей” і іншыя...”
Аўтар даследвання творчасці мастака спыняецца на двухфігурная кампазіцыі “Печаная бульба”: “Замкнуты аб’ём як бы “выцясняе” прастору, падкрэслівае тую роднасць душаў, якая аб’ядноўвае двух сімпатычных старых, створаных мастаком. Плаўныя, акруглыя аб’ёмы мякка лепяць форму, ствараюць выразныя святлоценявыя эфекты.
Святло слізгае па паверхні без рэзкіх акцэнтаў, дэталі не здрабняюць пластычную форму. Скульптурны аб’ём узбагачаны лінейнай фактурнай апрацоўкай паверхні арнаментальнымі матывамі. Натуральны колер матэрыялу ўдала дапаўняе агульную цеплавую танальнасць у вырашэнні вобразаў...
Тыя ж пластычныя задачы вырашае мастак і ў шэразе аднафігурных керамічных кампазіцый. “Паляшук-пясняр” вырашаны ў мяккіх, акруглых формах. Замілаваны, захоплены музыкай твар селяніна-палешука, схіленая ў такт музыкі галава перадаюць ціхую напеўнасць мелодыі. Удала акцэнтаваны жэст рукі, паднятай для ўдара па струнах. Ён узмацняе ўражанне захопленасці песняй – музыка як бы замёр, уражаны прыгажосцю мелодыі, і ў той жа час дапамагае зрабіць працу цэльнай, пластычна завершанай, пазбегнуць кампазіцыйнай неўраўнаважнасці...”
“Не здзіўляе тое, – апавядае далей В. Жук, – што М. Пушкар стварыў у Мазыры, сваім родным горадзе, музей народнай творчасці, экспанаты для якога збіраў сам. Гэта таксама аказала дабратворны ўплыў на яго творчасць, на адлюстраванні ў ёй нацыянальнай непаўторнасці. Жыццёвы матэрыял, кампазіцыя, пластыка, дэкор у творах Пушкара выяўляюць адметнасць беларускай мастацкай культуры. Кожны персанаж нацыянальна самабытны. Вобраз арганічна звязаны з кампазіцыяй і пластыкай, і таму нацыянальныя рысы не падаюцца нам чужымі і штучнымі.
Любоў да працы, дабрыня, аптымізм, радушша і дружалюбства – гэтыя рысы беларускага народа знаходзяць адлюстраванне ў працах арыгінальнага мазырскага мастака Міколы Пушкара”.
Калі вы завітаеце ў мазырскую кавярню пры гасцініцы “Прыпяць”, альбо ў гарадскую паліклініку, альбо будзеце ісці па вуліцы каля бібліятэкі імя Веры Харужай, ці завітаеце ў гомельскі “Залаты пеўнік”, – вы сустрэнеце працы Міколы Пушкара – “Дзед і баба”, “Сымон-музыка”, “Хворы сімулянт”, “Певень”, які з сакавіцкай калюжыны ваду п’е, – і ў вас радасна ёкне сэрца: “Гэта ж ён, Пушкар, казачнік-бай і чараўнік, які сагравае цеплынёй нашыя сэрцы!..” І добры настрой вас не пакіне цэлы дзень, і доўга яшчэ на вашым твары будзе блукаць добрая ўсмешка…
Жыў мастак на Палессі…
Сустрэцца з ім – заўсёды радасна, пагаварыць з ім – задавальненне.
Я мог бы расказваць і расказваць пра творчую дзейнасць і жыццё цудоўнага майстра і чалавека Міколу Мікітавіча Пушкара. Пра тое, як ён арганізаваў у Мазыры музей народнай творчасці; як перадаваў свае паэтычныя сакрэты малодшаму пакаленню; пра добрую і спагадлівую спадарожніцу яго – Ганну Міхайлаўну, якая заўсёды была побач з ім, натхняла на творчасць; пра тое, як ён аб’ездзіў сотні паляшуцкіх вёсак і за свае грошы купляў андаракі і спадніцы, рушнікі і каптуры, прасніцы і жорны, самапрадкі і кросны, – і ўсё для таго ж музея...
Але лепш за мяне раскажуць пра мастака яго творы.
Асобная тэма – прадаўжальнікі керамічнай творчасці Міколы Мікітавіча Пушкара. Бо верыцца, што не растворыцца ў часе тое, што ён зрабіў. Сёння Янка Кашаед, яго вучань, ужо сам настаўнік, перадае сакрэты і майстэрства ў стварэнні керамічных – гліняных – вобразаў сваім вучням – навучэнцам будаўнічага вучылішча № 131.