А мне камандзіроўка выпала, ад якой нельга было адмовіцца, запланавана была мая справаздача аб працы. Нешта строга да мяне падыходзіла начальства Гомельскага выканкама, калі быў далучаны да выпуску кнігі «Памяць».
Я – ў сталіцу рэспублікі, а сябры – у сталіцу Палесся...
Дзяжурная дакторка здымаць на стужку дазволіла, але сказала са шкадаваннем:
– Позна ж вы прыехалі, хлопцы... Асцярожна з ім, асцярожна...
А Пушкар вясёлы, як заўсёды жартаваў, пасміхаўся са сваёй нечаканай незразумелай хваробы, – гаварыў, расказваў, нават распытваў пра сталічнае жыццё...
А камера працавала і дзесяць хвілін, і пятнаццаць, і сорак – з перапынкамі, вядома ж... А Юры Марухін марыў перад гэтым, што Пушкар пройдзецца перад камерай па сваёй знакамітай металічнай лесвіцы здароўя – ад Прыпяці на гару мікрараёна Якуба Коласа – па якой штодня збягаў і падымаўся па некалькі разоў, адольваючы больш як дзвесце прыступак... І пры гэтым яшчэ пасмейваўся з маладых, якія, задыхаўшыся, падымаліся ўгару:
– Абленаваліся вы, да цывілізацыі прывыклі. Рух – гэта жыццё! Прыходзьце раніцай, разам будзем спускацца-падымацца...
– Добра, Мікола Мікітавіч, прыйдзем, – адказвалі вядомаму мастаку, – ранічкай прыдзем...
Я так расказваў Марухіну пра фізкультуру Міколы, пра тое, што людзі празвалі тую лесвіцу «пушкароўскай»...
Думалася і пра тое, каб папрасціць Пушкара прайсціся хоць бы сярод восеньскага жаўталісця і паляшуцкай цішыні, альбо зазняць яго за працай – выпэцканага ў гліне, у палоне творчага натхнення...
Ды куды там – хаця б пратрымаўся ў крэсле, хаця б не перанапружыўся! Голас слабы, рухі павольныя...
Плакала душа ў Віці Казько, які вёў замест мяне размову з мастаком. Пісьменнік за кароткі час паспеў захапіцца ім, пераканацца, што гэта незвычайная асоба, высокай душы Чалавек. Дакрануўшыся да хворага сэрца Творцы, сам адчуў незвычайны боль у левым баку.
І доўга маўчаў у гасцінічным нумары, нахмурыўшыся, перабіраючы ў памяці кожнае слова, сказанае і ім, і мастаком... Варылі сабе бульбу, смажылі яечню – выехалі без грошай, на сваю рызыку, бо не маглі ўжо больш адкладваць прыезд. Як што штурхала іх у спіну, як хто прымушаў, нябачны, кінуць усё і здзейсніць задуманае...
Мікола Пушкар нарадзіўся ў Барысаўцы паміж Белгарадам і Харкавам 8 траўня 1919 года. Але гэтая дата прыблізная, бо адкуль было ведаць былому беспрытульніку, выхаванцу калоніі Макаранкі, бязбацькавічу, дакладны год і дзень свайго нараджэння? Як напісалі ў метрыках, так з тым і згадзіўся.
У кароткай энцыклапедыі Беларусскай ССР за 1982 год у пятым томе пра яго павдамляецца:
«Бел. сов.художник-керамист. Чл. КПСС с 1963 г. Окончил Харьковское художеств. уч-ще (1937). Участник Отечеств. войны. Живёт и работает в Мозыре. Работы в области мелкой терракотовой пластики. Осн. тема произведений – фольк. мотивы и этногр. сценки, отличающиеся юмором, психологич. остротой характеристики персонажей, хорошим знанием нар. обычаев...»
Калі ў міністэрстве культуры віншавалі яго з нагоды прысваення звання заслужанага дзеяча мастацтваў, то выказалі яму шчырую падзяку за... стварэнне смешных чалавечкаў. І ўсё! Нібы адзначылі і аднесліся да аматара-пачаткоўца. Смешна і горка. Дзіўна, што чыноўнікі ад культуры не ўбачылі ў ім адмысловага майстра, таленавітага мастака, творчую асобу.
Ён страшэнна не любіў сустракацца з чыноўнікамі. Яшчэ больш з журналістамі. Асабліва калі прыязджалі з газеты – няхай раённай ці сталічнай. Два словы ім скажаш, бо не было ў яго часу на тыя размовы, а яны выдавалі цэлыя нарысы пра самабытнага кераміста на Палессі. які ўдала вылепвае з гліны смешных чалавечкаў...
Прыязджаў аднойчы да яго надакучлівы і пісучы журналіст з абласной газеты. Прыстаў з адным пытаннем – каб прызнаўся, ці стойкім камуністам быў, раз аднавіўся ў камуністычнай партыі. Яго ж выключылі, калі ў ім убачылі ворага народа і кінулі за калючы дрот...
Ну, і Мікола, каб адчапіцца хутчэй, і выдаў яму:
– Быў я, браце, такім адданым камуністам, што нават калі адправілі ў ГУЛАГ, то партыйны білет з профілем Ільіча ў боце хаваў...
– У якім? – удакладніў газетчык, каб усё «праўдзіва» напісаць у сваім нарысе.
– Што – « ў якім»?
– Ну, у якім боце хавалі білет – у левым, ці ў правым?..
– А, у правым, так, так, у правым... Бо дзела нашае правае – мы пера-можам...
Сказаў – і не ўсміхнуўся нават, уздыхнуў толькі, быццам успамінаў той жахлівы час.