Выбрать главу

… Выпісаўся Мікола з бальніцы.

Дома радаваўся жыццю, хатняй утульнасці, якую стварала Ганна, а рука міжволі цягнулася да алоўка – рабіў і рабіў накіды, абрысы новых вобразаў, сюжэтаў, падзей…

Трагічная вестка адшукала мяне позна, калі са сталіцы перад Новым годам не выбрацца, ніпрабіцца ні ў адну касу. Не здагадаўся ўзяць квіток загадзя, яшчэ ў Гомелі, на зваротны шлях – не ведаў, за колькі дзён павырашаю свае клопаты. Вось і не паспеў на пахаванне. Адно хіба ўсцешвала: разам з Ганнай Міхайлаўнай і мазыранамі Міколу ў апошні шлях праводзіла і мая жонка – Насця.

Прыкра ад другога: не знайшлі для яго гарадскія ўлады месцейка непадалёк ад горада, а выдзелілі далёка за Мазыром – пад Драздамі, куды і дабрацца не заўсёды зможа Ганна Міхайлаўна па сённяшнім часе. Як выкінулі ўсё роўна з гарадской рысы, як “аддзячылі” за тое, што надакучваў пры жыцці, абіваючы іх парогі. Ні з вобласці, ні з Мінску на пахаванні не было нікога. І слоў тых, што ён заслужыў, не было сказана. А калі і сказалі, дык тыя, якія ён не хацеў чуць пры жыцці…

Няўжо мы аказаліся акурат такімі ж, якімі ён і выставіў нас усяму беламу свету напаказ – з нейкім вывіхам, бяздушнымі і аморфнымі, глухімі да чужога болю і гора, без Бога і веры ў душы? ..

Некалі, як пройдзе час, яго творчасць, яго самабытнае мастацтва прыцягне ўвагу даследчыкаў, яны будуць дакопвацца да сакрэтаў і тайнаў прастаты – і ў той жа час геніяльнасці – яго вобразаў. Тады мы спахопімся, тады адчуем страту, але не сёння. І тады яна будзе ў тысячу разоў цяжэйшая, чымся цяпер.

Асірацеў музей Міколы Пушкара. Нават шыльда на сцяне – яшчэ пад грыфам Міністэрства культуры БССР і яшчэ ў дадатак на расейскай мове. Пушкар даўно прасіў, каб зрабілі людскую, каб прыезджыя бачылі, што ідуць наведаць менавіта наш, беларускі музей, ды не дапрасіўся… Адфутболілі і з гэтай просьбай.

Памятаю, што Мікола хацеў вылепіць-стварыць-нарадзіць невялічкую скульптуру “Падкова Палешука”. Сюжэт просьценькі: босы і галодны паляшук трымае на кійку за спіной знойдзеную падкову. І – радуецца бязмежна, смяецца так, што, здаецца, чуваць яго па ўсім зямным шары. Ніякае гора яго не возьме цяпер, калі ён з падковай. Бо, як вядома, знойдзеная падкова заўсёды прыносіла шчасце. Ён шчыра верыў у тое.

Як і верыў, дарэчы, сам Мікола Пушкар.

Не паспеў стварыць, як не паспеў стварыць і сотні іншых вобразаў – нас з вамі.

Кажуць, калі чалавек памірае раніцай, то яму яшчэ належала пражыць шмат гадоў. Мікола памёр ранічкай, сказаўшы перад гэтым сваёй жонцы:

– Ганна, людзі пайшлі на працу, а нам з табою ўжо нікуды не трэба спяшацца…

Яму пражыць бы яшчэ хаця б з гадочкаў пяць – Божа, колькі ён стварыў бы за гэты час!

Божачка! Як бы пабагацела нашае нацыянальнае мастацтва!

Побач з маім рабочым сталом на паліцы стаяць гліняныя Ясь і Яніна. Паглядаюць адно на аднаго. На плячы ў хлопца-зуха – востра адкляпаная каса, у руках дзяўчыны – васілёк. Раней, колькі месяцаў назад, у іх вачах я бачыў радасць і ўзнёсласць, настрой кахання і неўміручасці.

Сёння ў вачах – боль і страта, скруха і маўчанне.

Ные, баліць, заходзіцца ад шчымлівага болю і непапраўнай страты сэрца – у ім вялікае месца займаў казачнік-бай, сябар і дарадчык, перасмешнік, Брэйгель у гліне мой настаўнік Мікола Мікітавіч Пушкар…

Зіма… 1994 год…

P.S. Сёння на базе майстэрні Міколы Пушкара створаны “Музей-майстэрня М.М. Пушкара”.

Яго вучні і паслядоўнікі доўжаць яго справуу, здзіўляюць гледачоў сваім майстэрствам і талентам.

І тое радуе.

Зерне творчасці майстра ўкінуў ва ўрадлівую глебу.