Усё ж выпадалі ніштаватыя дні, калі не вуркатаў страўнік, калі на галодны дзень быў прыхаваны ладны кавалак сала…
Цэнтральная вуліца Гомеля – гэта яго дамы.
Ён клаў сваімі рукамі цэглу, узводзячы сцены тых дамоў. Бальніца, гасцініца, жыллё...Ці ўспомніць яго хто-небудзь калі добрым словам? Ці падзякуе? Наўрад ці… Але ці трэба яму тое? Пэўна ж, не, ні ў героі, ні і ў вядомыя асобы ён не імкнуўся, – проста выконваў сваю работу, каб выжыць, не памерці з голаду, і болей ні пра што не думаў… Як і не думалі сотні і тысячы такіх жа хлапцоў і дзяўчат, якія ніколі не выстаўлялі сябе – усе яны былі грамадой, безаблічнай масай, якой кіравалі, загадвалі, якую каралі, прыгняталі… Яны былі працоўным калектывам, і кожны з іх згодна маральнага кодэксу будаўніка камунізму будаваў той камунізм – савецка-бальшавіцкі рай…
Калі ж стрэлкі наблізіліся жа апошняй лічбы і павінны былі вось-вось ударыць куранты крамлёўскага гадзінніка, ён пацалаваў жонку, усміхнуўся:
– За цябе. Каб здароўе было. Каб радасць у сэрцы не гасла. Шчасця табе, Марына, і каб ты не насіла перадачы свайму мужу…
Яна засмуцілася і абрадавалася адначасова. Ён напомніў пра яго, іхні агульны боль, але сказаў тое голасам павесялелым, не прыгнечаным, ад чаго адразу знялося даўкае напружанне, і ён, Васіль, стаў ранейшы – уважлівы і чулы, упэўнены і спакойны, таму радасна прамовіла:
– Дзякую, Васіль. І за цябе, мой дарагі. Каб усё было добра ў тваім жыцці.
– У нашым жыцці, – паправіў ён яе.
– Ну, хай будзе так…
А праз тры дні яму неабходна было з’явіцца ў пракуратуру – выклікаў следчы на “сяброўскую сустрэчу”.
Па факце смерці рабочага брыгады ўжо афіцыйна была заведзена крымінальная справа.Наперадзе была поўная невядомасць. І – цемра…
... У той дзень пагубляліся каровы.
Ён і не заўважыў, як яны адна за адной распаўзліся ў розныя бакі – такога яшчэ не было ніводнага разу. Адчуваў ён сябе блага – нудзіла цэлы дзень, ногі былі як ватныя, іх курчыла, ламала, як хто шпыраў іх тоўстай іголкай.
Паводзіў гэтак жа сябе і вужык, сцішыўшыся пад сарочкай.
Васільку здавалася, што яго абклалі з усіх бакоў ільдом. Таму ён дастаў вужыка і паклаў у кішэню – вужык і там не варушыўся.
Зразумеў – застудзіўся. Бо пачалі біць дрыжыкі, рабілася горача. Было вялікае жаданне прылегчы, скурчыўшыся, суняць прастудную трасучку… Але дзе там – статак трэ пільнаваць, махаць ды махаць пугай, каб каровы баяліся яго…
То перад яго вачыма ўсплываў вобраз бацькі, які мерыўся ўзяць на рукі і несці далей, каб аблегчыць сынавы пакуты, то дарогу пераходзіў Рафал – скаліў нечага зубы, як радаваўся нечаму, то здавалася, што вужык крычаў і папярэджваў пра нешта…З вялікімі намаганнямі сагнаў у адзін гурт статак. Для парадку нават пералічыў кароў. Усё сыходзілася, на душы зрабілася трошкі лягчэй… Ледзьве дацярпеў да вечара.
Вужыка паклаў на яго месца. Там жа, побач з пнём, пакінуў і пугу – не было ўжо сілаў трымаць яе. Адно што прыкрыў яе ламаччам, схаваў ад чужога вока…
Да вёскі падыходзіў, ледзьве перастаўляючы ногі. Гайдалася зямля, здавалася, што перад ім ідуць не каровы, – авечкі, і што яны не ідуць, а плывуць па нейкай рацэ…
– А дзе ж мая кароўка, Васілько? – прыбегла дахаты цётка Панцэсіха – жанчына-балаболка, сто слоў у секунду выпаліць, нагаворыць сто бочак брахнёў, хаця голас у яе ласкавы, бяскрыўдны, што і крыўдзіцца на яе не выпадала. – І Міхалавай кароўкі не прыгнаў, і дырэктаравай, і бабы Міхаліны…
– Ды што ж гэта такое, сынок? – устрывожана паглядзела на яго маці, на Панцэсіху позірк перавяла, якая на дзіва спакойна стаяла і маўчала, чакала, што адкажа пастушок. – Ты ж ніколі і не губляў статак…
Васілёк без ахвоты зачарпнуў колькі лыжак баршчу, выцер губы і рукавом узмакрэлы твар – лоб аж гарэў, – калі б маці дакранулася да яго, то жахнулася б.
– Ведаю – на Бобрыку каровы, – прамовіў ён, падумаўшы. – Пайду прыганю…
– Сынок, ты ж ледзьве на нагах стаіш, – апамяталася запознена маці, скрушна паківала галавой. – Мо я прыганю іх, га?
– Нічога. Вытрываю…
Ён гаварыў ужо як дарослы. Як мужчына. Як гаспадар. Адчуваючы, які клопат ляжыць на яго плячах.
Да Бобрыка было з кіламетраў пяць.
– Прыгані, Васілёк, прыгані, – абрадвалася, памякчэла цётка Панцэсіха, заўсміхалася абрадавана, што хлопчык верне дадому астатні статак, – я ж нічога не кажу, ведаю, што мая карова шкадлівая, і другіх магла ў шкоду завесці…
– То ж і з дарослым магло быць такое… Прыгані, прыгані, Васілько… Ой, горачка ты маё, што ж тут паробіш… Ноч наперадзе…