Настаўнік убачыў яго, радасна праказаў:
– Васілёк, скажы заўтра Леакадзіі Гаўрылаўне, каб яна падмяніла мае ўрокі. А вучням скажы, што я ні ў чым не вінаваты. Тут нешта не так, нейкая памылка…
– Добра, Міхась Пятровіч, скажу! – праз слёзы вымавіў вучань, адчуўшы, як сціскаецца ў яго горла, як быццам хто ўчапіўся ў яго іржавымі абцугамі – ці не Рафаіл Рукан? – Дзякуй вам за ўсё… За урокі жыцця, што вы вучылі. Яны мне на ўсё жыццё!
Прамовіў, і тут жа злавіў сябе на тым, што і ён як развітваецца з ім, як і яго жонка, як быццам ведае, як усё роўна ўпэўнен, што яны ніколі-ніколі не пабачацца больш… І ад таго яшчэ больш стала балюча на душы.
– Не разговаривать, паршивец, кому сказано?! – раз’ятрыўся энкэвусавец. – Кому сказано?!
“Рукан, гад, яго работа, – здагадаўся нечакана Васілёк, успомніўшы, як той хвілін колькі назад назіраў з цемры за арыштам дырэктара школы і задаволена паціраў рукі, пераканаўшыся, што яго чорная справа знайшла свой працяг і ўвушшу стаялі помслівыя словы: “Будзеш знаць, як быць разумнейшым за ўсіх…” Так, ён, і толькі ён… Заб’ю гада паўзучага, хаця ж не ўсе гады, хто поўзае… Куплю ў дзеда Міхася стрэльбу, і калі праз тыдзень-два не вернецца дырэктар дадому, упалюю дзе ў лесе – і заб’ю, як гада, як нелюдзя, як вырадка… Такога чалавека аддаў у лапы груганоў. Ці ж вінаваты Крупа, што ён нашмат разумнейшы за Рукана, ды і не толькі за яго. Ці ж за тое караюць? А раз за тое караюць, то ці ведае пра тое Сталін?”
10.
“Крумкач” развярнуўся і, выключыўшы фары, пакаціў, пагойдваючыся і натужна равучы на калюжынах, па вуліцы Крушнікаў.
Роспачна плакала ў цемры дырэктарыха. Яе супакойвалі дочкі – Рыта і Марынка.
Пачуў, як плакала Рыта, – і ў самога зайшлося сэрца болем – пра яе ён заўсёды думаў з пяшчотай і цеплынёй. Гарнулася сэрца да дзяўчыны, хаця ў гэтым ён баяўся ёй прызнацца, нават і позіркам баяўся выдаць сябе…
Ні ў адной хаце не гарэла святло.
Але з кожнага акна зіркалі на вуліцу людзі і з трывогай углядаліся і ўслухоўваліся ў цемру – ці не да іх падрульвае смерць, ці не з іх хаты выхапіць чыё-небудзь жыццё “крумкач”…
Маці таксама не спала – сядзела, не запальваючы лямпы, каля акна, маўчала. І яна ведала пра ўсё, перажывала па-свойму…
Васіль, не распранаючыся, паваліўся на ложак – яго ўжо не трымалі ногі. Усё цела пранізваў нясцерпны боль, выкручвала рукі і ногі, плечы,
расколвалася галава.Ён не чуў, як пачаў стагнаць, пасля трызніць. Не чуў, як маці дакранулася да ілба, як успляснула рукамі і забожкала, потым давала піць нешта гарачае і горкае…Ён адразу заснуў, праваліўся ў нешта цёплае і ўтульнае, ад чаго яму зрабілася хораша і спакойна.
І сніўся яму Міхась Пятровіч.
Бачылася, быццам трымаў ён у руках вялізны клубок шэрых і чорных вужоў, гаварыў, як пераконваў, як сцвярджаў: “З іх вось і робяць тыя вяроўкі, на якіх вешаюць людзей…” А потым, адкінуўшы ад сябе вужоў, хітра міргануўшы яму, Васільку, весела заспяваў:
Як і памятае Васілёк Зубрыцкі, дырэктар школы ніколі не спяваў.
Голасу не было ў яго – у дзяцінстве, як ён расказваў, хвароба пашкодзіла горла.
... Дні цягнуліся нудна і прыкра.
Ніякай пэўнасці не было ў яго справе. А хаця і была, дык пра тое ніхто і не казаў. Следчы выклікаў яшчэ раз, але распытваў ужо не пра здарэнне, а пра жыццё – адкуль родам, калі пачаў працаваць…
Зінчук прызначыў ужо трэцюю тэхнічную экспертызу – нешта яму не спадабалася ў папярэдніх, за што ад пракурора атрымаў вуснае папярджанне за доўгі разгляд. Так і паехаў пракурор у адпачынак, не давёўшы справу да суда. Следчы раз, і другі, і трэці гаварыў з людзьмі, не будаўнікамі, а хворымі, якія бачылі з вокан таракальнага аддзялення – да яго і рабілі прыбудоўку, – выпытваў, удакладняў…
Сам не ведаў чаго, але хацелася дакапацца да канкрэтнай прычыны, хаця яна і дужа выпірала сярод дзесятка фактаў: можна было закрыць справу і потым перадаць яе ў суд…
І Зубрыцкі нічога не мог зразумець, бо падрыхтаваўся да самага страшнага. Здавалася б, усё вядома, а следчы ўсё дакопваецца і дакопваецца, гуляецца як той кот з паўжывой мышшу. “А мо выцягнуць хоча з багны?” “Ці – утапіць?!” І не папытаешся, не разведаеш – хіба ж пра такое можна ўведаць?
Ішоў трэці, чацвёрты, ужо і пяты месяц расследавання справы.
І чым марудней поўз час, тым больш упэўнена і жорстка ўсялялася
ў яго адчуванне, што ён падобны на зацкаванага звера, што трапіў у нябачную пастку ці сіло, і да яго свядомасці прыйшло перакананне, што ніколі яму не выбрацца з тых цянётаў, з таго палону. Бо і вінаваты, і невінаваты ў гэтай гісторыі – не так арганізаваў працу на аб’екце, не правёў інструктаж, не давёў да кожнага рабочага правілы бяспекі…