А што бульдазерыст не разлічыў там нейкія сантыметры і залішне пасунуў тую пліту, – як яму давесці тую інструкцыю?
У сям’і няшчасце – не стала кармільца. Хаця той жа кармілец і быў здадзены роднай жонкай у тую ўстанову, якая быццам бы вылечвае ад алкагалізму… Спадзявалася, канечне ж, што адвучаць ад гарэлкі і ён стане нармальным чалавекам у яе, жончыным, уяўленні. Але ж яна хоць нейкую помач мела ад яго, а цяпер?
І хто заменіць дзецям бацьку? Ды хоць і апраўдаюць яго на судзе, дык ці сам сябе апраўдае Васіль перад сваім жа сумленнем?..
Хадзіў Васіль да жонкі – Аксаны.
Не для таго, каб прасіць яе аб нечым, умольваць, даказваць сваю невінаватасць, не. Набраў дзецям ласункаў – цукерак і апельсінаў, паклаў на стол. Верка і Андрэй стаялі маўкліва каля акна, не падходзілі да стала. Было ім па сем-восем гадоў…
Аксана працавала прыбіральшчыцай у інтэрнаце будаўнікоў.
– Сам не ведаю, чаго прыйшоў, але не прыйсці не мог, – уздыхнуў Васіль, седзячы за сталом.
Аксана сядзела насупраць. Маладая яшчэ, але з-за жыццёвай неўладкаванасці і нечаканых удараў лёсу, неяк сагнулася, пастарэла, і голас яе, і позірк гаварылі пра тое, што яна шмат нацярпелася, і што ёй вельмі нялёгка…
– З ім жыла – было невыносна, а цяпер і яшчэ горш… Але неяк жа выблытаемся, станем на ногі… А вы, Васіль Андрэевіч, не перажывайце – вы ж тут ні пры чым… І бульдазерыст таксама ні пры чым. Быў і ён у мяне… Я ж пра ўсё ведаю. Сам жа і вінаваты, што палез туды, нікому не сказаўшы пра тое… Такі ўжо, відаць, у яго лёс…
Гэта Аксана пра мужа ўжо сказала – як абвінавачвала яго.
– Ды ўсе мы разам вінаватыя.
Жанчына ўздыхнула, больш нічога не гаварыла, і ў яе вачах не было ні скрушнасці, ні болю, ні шкадавання…
...Аднойчы, на чацвёртай ці пятай сустрэчы, не вытрымаў прараб Зубрыцкі, сарваўся, здалі нервы, выпаліў, як з дзвюхстволкі бабахнуў:
– Ды канчайце вы з усім гэтым! Вінаваты я, прызнаю, не адмаўляю, чаго яшчэ мучаеце? Жыцця няма – ноччу сон не бярэ, на рабоце не магу працаваць… Звар’яцець можна. Аддавайце пад суд!
Зінчук як бы нешта хаваў у сабе, не адказваў Зубрыцкаму на яго выбрыкі. Бачыў ён і не такое. Ён як і не чуў пытання, ніводная жылка не ўздрыгнула, толькі ўсмешка слабая нарадзілася.
– Не магу зразумець – чаго так доўга цягнецца расследванне?
Следчы ўздыхнуў, сашчаміў пальцы на стале:
– Зразумець хачу, Васіль Андрэевіч. А хутка толькі каты нараджаюцца… А вам бы параіў трошкі цярпення. І мне нялёгка з гэтай справай. Так што не будзем… Добра?
Паціснуў няўцямна плячыма, гледзячы на следчага.
Вось і зразумей яго – здзекваецца ці ўсур’ёз гаворыць. Але ж і на першае і другое нешта непадобна. Як гульня якая ў марскі бой…
За акном гайдаліся пад ветрам галінкі вішанніку, амаль спелыя цёмна-чырвоныя ягадзіны стукаліся ў непамытую шыбку.Размова на гэты раз ішла не ў кабінеце следчага, а ў вагончыку прараба.
І Зінчук сядзеў не за сталом, а каля яго – як наведвальнік ці хлопец з брыгады, каб папрасіць пару рукавіц замест дзіравых і адслужыўшых свой час…
І быў у следчага выхадны дзень.
“Самае паскуднае – гэта невядомасць, – думаў прараб, рыхтуючыся да новай гаворкі, невядома якой ужо па ліку, – але каб хацеў мяне адправіць за краты, то тое мог зрабіць даўным-даўно... Зноў чакаць, зноў спадзявацца, зноў гадаць...”
11.
– Дзед, а дзед, прадай мне стрэльбу, – у каторы раз прыходзіць Васілёк да старога Міхася і паўтарае адну і тую ж просьбу. – Вельмі трэба.
Дзед хітра страляе прыжмураным вокам у яго бок, крэкча, дакранаецца рукой да спіны, як хоча выпраміцца, цікавіцца:
– А навошта яна табе? Па варонах страляць? Ты ж яшчэ малеча – не паложана па гадах табе са стрэльбай хадзіць.
Стары, відаць па ўсім, злуецца, бо гаворка зноў пацякла ў непрыемнае для дзеда рэчышча – пра дубэльтку. Васіль ведае, здагадваецца, што дзед не хоча аддаваць яе, а мо і хоча, ды расцягвае торг. А з трэцяга боку, калі разважыць, каб нічога не “выгарала”, каб дзядуля, узяўшы строгі тон, даўно прапёр бы яго з трэскам дадому.
– Дзед, а дзед, а ў цябе ж і ногі не бегаюць – як будзеш па лесе даганяць таго ж зайца ці лісу?
– А навошта мне, ёлкі-палкі, бегаць? Сучка дагоніць, калі што якое. Альбо драбінка-шрацінка.
– Дык жа ў цябе і сучкі няма, дзед Міхась.