Выбрать главу

А праз некалькі месяцаў калі ўжо золатам апалага лісця адгараў кастрычнік, Вольга разлічвалася з вадзіцелем таксі ў міжнародным аэрапорце «Мінск-2».

— Ну, шчаслівай дарогі! — сказаў таксіст,— Мо чамадан паднесці? Я магу.

— Ён не цяжкі,— адказала Вольга i, падхапіўшы чамадан, падала другую руку хлопчыку, што стаяў з ёю побач.

— Пайшлі, Віцька! Зараз убачыш, як самі перад намі расчыняцца дзверы.

Віцька паглядзеў на яе:

— А я, як вырасту, вярнуся сюды, каб знайсці маму Любу?

— Вядома... Захочаш, дык вернешся.

I, калі шкляныя электронныя дзверы перад імі рассунуліся, Вольга прыпынілася i на адно кароткае імгненне азірнулася назад.

Цямнеў лес за далёкім полем, вілася асфальтаваная дарога, a бліжэй стаялі рады прыпаркаваных машын... Вірыліся ў сваім клопаце людзі, i не было сярод ix нікога, хто б развітальна памахаў ім рукою.

1999

ТЫ, Я I ВАЛОДЗЯ

Яны вярнуліся пад вечар, загарэлыя, радасныя. Адпачынак на Браслаўскіх азёрах відавочна пайшоў ім на карысць. Дачка, крутнуўшыся туд-сюд, адразу пабегла да сябровак хваліцца загарам. Сын засеў за тэлефон... А муж пачаў распакоўваць чамаданы: гэта — памыць, гэта — у шафу. Пачыналася звыклая будзённасць.

— Ну, усё!.. Чамаданы можна на балкон.

— А гэта? — яна позіркам паказала на нешта грувасткае, абгорнутае шчыльнай шэрай паперай, перавязанае тоўстым шпагатам,— Што ў цябе там?

Муж марудзіў з адказам, потым нешта мармытнуў невыразнае, пачаў развязваць шпагат.

— Ты толькі не смейся, Надзя,— сказаў ён.— Я зусім нечакана адкрыў у сабе талент.

— Цікава! Што ж гэта за талент такі?

Ёй сапраўды стала весела. Ейны муж, Аляксандр Сямёнавіч Вячорка, быў даволі звычайным сухаватым чалавекам. Праўда, гэта не замiнала яму загадваць аддзелам у даследчым інстытуце, своечасова абараніць дысертацыю па нейкіх рэдкіх мінералах, i вось на табе... талент!

— Угу-у... На самай справе,— Аляксандр Сямёнавіч нібыта ў нечым апраўдваўся.— Нейкі ген ува мне ўзяў i выбухнуў! — Ён усё разгортваў i разгортваў паперу.— I ўяўляеш, атрымалася! Першы раз узяўся за пэндзаль, а такое адчуванне, быццам усё жыццё толькі гэтым i займаўся! Адным словам, глядзі i ацэньвай.

Ад нечаканасці яна адхінулася. З кучы папер вытыркалася блішчастая жоўтая рама, a ў раме... Так, гэта быў партрэт незнаёмага ёй чалавека на фоне невыразнага кустоўя, у поўны рост. I першае, што ёй кінулася,— вясёлы, нават гарэзлівы позірк незнаёмца, які нібыта казаў: «Ну вось ён я... Такі, які ёсць. Будзем знаёмыя!»

А муж удакладніў:

— У пансіянаце нашыя нумары былі побач. Ён, можна сказаць, мяне i падбухторыў паспрабаваць. Нават пагадзіўся пазіраваць! — i дадаў: — Табе гэта спадабалася? — ён не адважыўся тое, што было ў раме, назваць партрэтам. Хоць партрэт, як ні дзіўна, атрымаўся, i яна не пакрывіла душою.

— Вельмі сімпатычны твар... Думаю, гэтую раму трэба некуды павесіць.

— Давай у тваім пакоі,— радасна прапанаваў муж.— Калі табе спадабалася, хай гэта будзе маім падарункам.

...I вось ужо рама прымацавана да сцяны ў яе маленькім пакойчыку. Яна ўпісалася ў агульны інтэр'ер. Нават у позірку незнаёмца, які нібы толькі што выйшаў з-за кустоўя, як ёй здалося, заіграла штосьці ўхвальнае: «А нішто... Нішто... Мне тут, уявіце, вельмі падабаецца!» Але на раме асабліва не засяроджваліся: павесілі дый павесілі! Да таленту Аляксандра Сямёнавіча, які так нечакана раскрыўся ў ім, таксама больш не вярталіся. У іхняй кватэры запанаваў звычайны душны вечар яшчэ спякотнага жніўня, размяшаны з радасцю вяртання, сустрэчы, тых дробных прыемнасцей, якія ўсе спяшаліся выліць з сябе.

Надзея Паўлаўна Вячорка любіла сваю сям'ю, ганарылася дзецьмі i была даволі-такі прывязана да мужа. Таму, калі нарэшце апынулася ў сваім пакоі, адчувала сябе шчасліва-прытомленай. Першае, ад таго, што ўсе сабраліся дома, а другое... Прытомленасць нярэдка бывае прыемнай, тым больш калі ведаеш, што хутка забярэшся пад лёгкую коўдру, перагорнеш старонку-другую нейкага цікавага чытання. У ix з Аляксандрам Сямёнавічам ужо даўно не было той ранняй маладой жарсці, што ўкінула ix аднойчы ў гарачую бездань, з якой яны паступова вынырвалі. Пасля вячэры разыходзіліся па сваіх пакоях. I ўжо толькі час ад часу, звычайна пад раніцу, ён прыходзіў да яе. Без асаблівага палу цалаваў шчокі, плечы... Напэўна, так будзе i гэтай ноччу.

Яна нетаропка расшпільвала гузікі камізэлькі, i ў нейкі момант рука замерла... Ззаду пачуўся выразны шоргат i адразу лёгенькі стук, быццам хтосьці знекуль саскочыў. Потым — крокі: адзін, другі... Хутка азірнулася. ёй хацелася закрычаць дзіка, на ўвесь голас, але дух заняло. Павяла позіркам у бок рамы... Невыразнае кустоўе нагадвала пляму, якая выцягнулася, расплылася, а той, хто быў намаляваны на яго фоне, стаяў перад ёю. Ёй чамусьці схацелася ўпасці, уціснуцца ў мяккі пушысты дыванок на падлозе, каб толькі не бачыць гэтай збянтэжанай усмешкі. Але яна не ўпала, позіркі ix сустрэліся... Ну, вось зараз... Зараз ягонае аблічча зменіцца i яна ўбачыць штосьці такое, што можа ўявіць толькі нездаровая псіхіка. Але з псіхікай да гэтага моманту ў яе ўсё было нармальна, i ў абліччы незнаёмца нічога не мянялася. Ён толькі злёгку пасміхнуўся, як ёй здалося, вінаватай усмешкай.