— Я вас напалохаў? Далібог, не хацеў гэтага,— ён гаварыў пранікнёна, прыемным мужчынскім голасам,— Не трэба мяне баяцца, вам нічога не пагражае. Мне чамусьці захацелася прадставіцца,— i ён зрабіў яшчэ адзін крок — Валодзя... Для вас проста Валодзя.
У яе не было слоў Але першае здранцвенне прайшло, i яна захінула твар рукамі. Ну вось зараз... Зараз... ён накінецца на яе. У тым, што пад гэтым прыемным абліччам была пачвара, монстр не з гэтага свету, яна не сумнявалася. Ён лёгенька ўздыхнуў:
— Даруйце... Мне не трэба было сыходзіць з рамы... Я... Я... Добрай ночы.
Калі яна адняла далоні ад твару, яго ўжо не было перад ёю. Хутка зірнула на раму... Незнаёмец быў там на фоне невыразнага кустоўя, як i некалькі хвілін да гэтага. I тут яна закрычала, на злом галавы кінулася з пакоя і, калі ўжо ляжала побач з мужам, думала... думала... «А можа, яно i добра, што Саша не пачуў гэтага ейнага крыку. Што б яна сказала яму?! Хіба можна паверыць у такое? I ўсё ж гэта было не насланнё. Пакуль я тут, з Сашам, ён, той, у раме, зусім не страшны,— запэўнівала яна сябе,— Ён не пасмее з'явіцца сюды. Ну, а заўтра... Заўтра яны з Сашам выкінуць гэтую раму, раструшчаць, парвуць на шматкі...»
I вось прыйшло тое заўтра. Яшчэ па-летняму ясна заднела ў акне. Яны трошкі заспалі, a ў Аляксандра Сямёнавіча быў першы пасля адпачынку працоўны дзень. Ён мітусіўся, насіўся з пакоя ў пакой, ляпаў нейкімі дзверцамі, шумеў, патрабаваў: «Дзе дэзадарант? Падай кашулю ў сінюю палоску! Чаму так кепска адпрасаваны каўнерык?! Не бачу свайго сіняга гальштука! Занадта многа цукру ў каве! Колькі разоў казаць, не рабі бутэрбродаў з сырам!» A ў ейнай галаве ўсё круцілася i круцілася злашчасная рама. I нарэшце яна ўсё-такі вынайшла паўзу:
— Саша, а Саш... Учора кінула вокам... Далібог, не ўпісваецца гэтая рама ў маім пакоі. Муляе позірк.
Аляксандр Сямёнавіч зморшчыўся, адмахнуўся:
— Бач, рама ёй муляе! Ды кінь ты... Мяне распірае талент! I першае, што паспрабаваў зрабіць, я падарыў табе...— Падумаў— Ты сёння ў якую змену?
— У другую.
Надзея Паўлаўна працавала пазменна тэхнолагам на заводзе медыцынскіх прэпаратаў.
— Тады пакуль! Пабег... Хацеў цябе падвезці.
Яна прысела да століка на кухні. Па целе ўжо блукаў страх, a калі раздумацца, чаго яна баіцца? Магчыма, гэта была проста гульня ўяўлення?! Нейкая падсвядомая фантазія. Зусім побач у сваім пакоі спяць дзеці. За акном — людзі. Вось спыніўся на іхнім паверсе ліфт. Усё нармальна, а яна штосьці сабе прыдумала. Трэба паставіць чайнік ды нечым заняцца. Устала, падышла да пліты, але за чайнік узяцца не паспела. Па спіне прабег халадок. Яна выразна чула лёгкія, асцярожныя крокі. Вось яны зусім побач. Патыліцай адчула гарачае дыханне. Адхінулася. Божа, які кашмар! Зноў ён... з рамы i ўжо ставіў на пліту чайнік, паварочваўся да яе:
— Будзеце каву ці чай? Даўно не падносіў жанчыне кавы. Ну ідзіце... Сядайце за стол.
Яна не магла выціснуць з сябе ні слоўка, толькі калі пачула ад яго: «I як вы яму такое дазваляеце?! Ён тут усю раніцу раздаваў свае загады, быццам вы за наймічку ў яго! Проста не муж, монстр нейкі. Я ледзь сябе стрымліваў! Хацелася выскачыць з рамы i даць яму па мордзе!» (Ну, ці ж магчыма гэта?!) — ёй захацелася разрагатацца вар'яцкім смехам ці, наадварот, зайсціся ў плачы, адчайным i нястрымным. Але такая ўжо істота чалавек, ён вельмі хутка да ўсяго прывыкае, з усім звыкаецца. Надзея Паўлаўна не была выключэннем.
Праз некалькі тыдняў яна не зайшла, a ўляцела ў свой пакой i не паверыла вачам: на тумбе ў агромністай керамічнай вазе стаялі астры. Колькі ж ix, гэтых махрыстых цудаў ужо прывялага верасня?! У позірку іграла такая радасць, што яна й не пачула лёгкага шоргату. А потым быў дотык, бы хтосьці цалаваў закручаную ў завіток пасмачку. «Валодзя!» — затрапятала дыханне.
— Адкуль астры? — яна павярнулася да яго.
— Гэта ўсё, пра што табе хочацца запытацца? — Ён узяў яе рукі ў свае.— Я сумаваў... Чакаў i чакаў цябе.
— Надзя-я-я! Надзя-я-я!
Гэта быў голас Аляксандра Сямёнавіча, i калі б Валодзя імкліва не адскочыў за дзверы, Аляксандр Сямёнавіч перажыў бы не найлепшы момант свайго жыцця.