— Чым тут можна займацца?! Няўжо нельга пачуць?
Яна міжволі заступіла яму дарогу.
— Ты некуды сабраўся? Зноў нацягнуў гэты жахлівы берэт!
Выгляд у Аляксандра Сямёнавіча быў няшчасны. I чорны берэт, які бліном трымаўся на ягонай галаве, толькі падкрэсліваў гэта.
— Паспрабую заняцца пейзажам... Трэба ўзяць некалькі ўрокаў. Мяне пазнаёмілі з мастаком-прафесіяналам.— I дадаў кісла: — З партрэтам Міхейчыка ў мяне нічога не атрымалася.
Міхейчык быў супрацоўнікам аддзела, якім загадваў Аляксандр Сямёнавіч. У той дзень, калі муж сказаў ёй, што бярэцца за ягоны партрэт, яна не без іроніі падумала: «Што будзе, калі яшчэ адна рама з'явіцца ў кватэры i, чаго добрага, яшчэ i Міхейчык пачне выходзіць з яе?!» I вось, дзякуй Богу, партрэта не атрымалася, ад чаго Аляксандр Сямёнавіч i пакутаваў цяпер.
— Вярнуся позна,— сказаў ён.— На вячэру згатуй што-небудзь, каб было легка разагрэць.
Яна згодна кіўнула, i ён пайшоў. Крокі Аляксандра Сямёнавіча былі цяжкімі i нервовымі. Надзея Паўлаўна з радасцю павярнулася да Валодзі.
— Ніякай яму вячэры! — у Валодзевым голасе трымцела раздражненне.— Мы таксама куды-небудзь сыдзем. У нас вольны вечар!
Яна сама падумала пра гэта, як толькі за Александрам Сямёнавічам зачыніліся дзверы.
— Мастак ...уеў! — Валодзя не мог супакоіцца.— Ты паглядзі на мае рукі. У мяне ж пальцы піяніста! А ён што намаляваў? Сасіскі нейкія. Калі я залажу ў гэтую раму, у мяне такое адчуванне, быццам нацягваю на рукі баксёрскія пальчаткі!
Надзея Паўлаўна засмяялася, бо й сама не верыла ў здольнасці Аляксандра Сямёнавіча. Ну, а што да Валодзі, да ягонага партрэта... тут проста, што называецца, шчаслівая выпадковасць.
— Дык я пайшоў?
— Куды? — здзівілася яна.
— У раму! Ты ж будзеш займацца макіяжам, будзеш пераапранацца... Потым вырашым, куды нам з'ехаць.
А яна ўжо вырашыла. Яны паедуць да ейнай сяброўкі. Вось толькі б не заспелі ix на выхадзе дзеці, што разышліся пасля школы па нейкіх сваіх справах.
Праз якую гадзіну яны ўжо ехалі ў гарадскім таксі. Надзея Паўлаўна пазірала на прыгожыя Валодзевы рукі i думала пра мужа. «Які ўсё-ткі ён няўважлівы! Зазірнуў у пакой i нават не заўважыў букета астраў. Ды што астры? Ужо колькі часу яна матыльком лётае па кватэры ў кароценькім шаўковым самым што ні ёсць сапраўдным японскім кімано з жоўценькім дракончыкам на спіне, а ён нават не запытаўся, дзеля чаго такі экстравагантны ўбор?! A мяккія атласныя пантофлікі на абцасіках? А гэтая прычоска «пад хлопчыка», што так удала падкрэслівае прыгажосць плячэй i шыі? Не, Аляксандр Сямёнавіч ніколі не зможа стаць мастаком,— заключыла яна.— Поўная адсутнасць усялякай назіральнасці!» І больш да думак пра мужа яна ўжо не вярталася ўвесь вечар. А вось пра Валодзю думала... Сяброўка адразу ў першы зручны момант шапнула ёй на вушка: «Дзе ты яго падчапіла? Такі абаяльны i рэспектабельны!»
Валодзя сядзеў у крэсле, час ад часу браў у рукі тонкі кілішак, адпіваў маленькімі глыточкамі духмяны напой. «Яму можна даць i трыццаць, i сорак пяць гадоў,— думала яна.— Выключна няпэўны ўзрост. I чымсьці няўлоўным нагадвае ён Дзіна Рыда, калісьці вядомага спевака, якога яшчэ памятае яе пакаленне. A ўвогуле ў ім штосьці ёсць ад мексіканца». Яна ўпершыню бачыла, каб так грацыёзна, на адлёце мужчына трымаў руку з цыгарэтай, над якой у лёгкія кольцы збіраўся дым. Яна сачыла за гэтым дымком, прымружвала вочы, i бы выстрэльвала даль з бясконцасцю апаленых сонцам прэрый. З іржаннем наравістых гарачых скакуноў, дзе грывы пераблытваліся з фалдамі чагосьці паветрана-празрыстага. Ідыётка! Як ні старалася, позірк увесь час цягнуўся да Валодзі. Згадалася ягонае частае: «Ну, я пайшоў!..» — «Куды?» — «У раму!»
Яна абагаўляла i разам з тым ненавідзела гэтую раму. З часоў егіпецкіх пірамід фараоны, цэзары, князі, паны, рознага роду падпанкі ды простыя рабацягі, увесь гэты так званы дужы пол... Як яны здзекаваліся, у які шалёны вір укідвалі жанчыну, якія неймаверныя пакуты... Слёзы, бяссонныя ночы, адчай, рэўнасць, а то i халодная палонка ці кропелька атруты. A ўсё аказваецца так проста... Узяць у раму! Хм-м... Цэзар у раме! А разам з тым... Ну, рама... Блішчастая, жоўтая вісіць у яе на сцяне, а потым лёгенькі шоргат... Пацалунак крадком... I кожны раз боязь, што вось-вось пачуецца ненавісна-патрабавальнае: «Надзея-я-я!» I Аляксандр Сямёнавіч нагадае аб сваёй прысутнасці цяжкімі нервовымі крокамі. «Божа, хоць бы яго захапіў пейзаж, хаця б у яго штосьці атрымалася, каб ён цалюткімі вечарамі карпеў над нейкімі там сваімі накідамі!»