Выбрать главу

...Яны вярталіся дадому позна. Валодзя нячутна праслізнуў у яе пакой, а яна, ужо распрануўшыся, мімаходзь зазірнула да мужа. З густога змроку цягнула такім жа густым пахам алейных фарбаў i ацэтону. Ляснула дзвярыма, маўляў, хоць задушыся ў гэтым паху! А за акном дзесьці ўжо зусім блізка завязваліся дні кароткага i асляпляльна бліскучага бабінага лета. Яна купіла дачцэ ролікі, сына ўладкавала на нейкія камп'ютэрныя курсы, а Аляксандр Сямёнавіч, сапраўды не на жарт захапіўшыся пейзажам, адразу пасля працы ехаў за горад з эцюднікам на эцюды. Яна ж з Валодзем... О, гэтыя дзве-тры гадзіны на ўтульным балкончыку, дзе яшчэ не адцвілі пасаджаныя вясною настуркі i чарнабрыўцы. Далека ўнізе ў нейкай здранцвелай нерухомасці дрэвы дазвалялі сонцу кранаць свае кроны вясёлымі блікамі, магчыма, яны лавілі i пах кавы, што расплываўся пa балконе. Надзея Паўлаўна церлася шчакою аб Валодзева плячо, расшпільвала верхні гузік ягонай кашулі, губамі прыціскалася да ледзь прыкметнай жылкі на ягонай шыі... Ён любіў падстаўляць ёй сваё каленка. Яна садзілася на яго, сціскалася ў камячок i замірала...

Там, унізе, напружваўся, дыхаў жыццёвы хаос... Левыя, правыя, камуністы, цэнтрысты, лібералы, радыкалы, Народны фронт, пікеты, мітынгі... A ў яе — Валодзя! Маленечкая радасць маленькай жанчыны ў кароценькім шаўковым кімано. Аўторак змяняла серада, сераду — чацвер... Дні наскоквалі адзін на адзін, пакуль нечакана не ўперліся ў дажджысты ветраны адвячорак. Надзея Паўлаўна, якім ужо разам, натхнёна заварвала каву на кухні, звінела посудам...

— Ну колькі можна заварваць гэтую каву! — Аляксандр Сямёнавіч выглянуў са свайго пакоя.— Ты што там, аппіваешся ёю ў сваім пакоі?!

— Ты... Ты дома? — яна нібыта толькі цяпер успомніла пра існаванне мужа i пайшла на ягоны голас, дзеля цікавасці зазірнула ў пакой.— А як жа твае эцюды?

— Ага-а, эцюды! Ты паглядзі, што ўсчалося ў прыродзе! У мяне рукі калеюць...

Ёй здалося, што ён вось-вось расплачацца. Але Аляксандр Сямёнавіч не расплакаўся, наадварот, падхапіў з падлогі нейкі мазаны-перамазаны ватман i пачаў ca злосцю рваць яго на дробныя кавалачкі i шпурляць ix проста ў ейны твар...

— На!.. На!.. Мае эцюды!.. Любуйся!..

Іншым разам яна, несумненна, пакрыўдзілася б на яго, цяпер жа, наадварот, захацелася суцешыць, i гэтае суцяшэнне з'явілася вельмі хутка, бы хтосьці падказаў ёй.

— Саша... Што ты так распаляешся! — нават ласкава сказала яна.— Бывае... Не атрымаўся ў цябе пейзаж, паспрабуй узяцца за нацюрморт!.. I нікуды ехаць не трэба з эцюднікам, галоўнае, скампанаваць удалую кампазіцыю.

Твар Аляксандра Сямёнавіча засвяціўся.

— А што ты думаеш...— з радасцю ўхапіўся ён за ідэю.

I вось прайшло некалькі дзён. Надзея Паўлаўна вярталася з першай змены, i адна-адзіная думка трывожыла яе. У тым, што Аляксандр Сямёнавіч возьмецца за нацюрморты, яна не сумнявалася, а вось дзе ён засядзе за ix? Хоць ты вазьмі ды здымі яму нейкі пакойчык, каб ён i начаваў там! З гэтай сваей трывогай яна i ўвайшла ў кватэру i як жа была здзіўлена, убачыўшы Аляксандра Сямёнавіча, які з ліхаманкавым бляскам у вачах кінуўся да яе.

— Узяў адгул! — на вялікім уздыме паведаміў ён.— Ты мела рацыю... Цудоўны нацюрморт атрымаўся!

— Ну i дзе ж ён, твой нацюрморт? — Яна чамусьці падумала пра Валодзю: «Бедны мой! Калі Аляксандр Сямёнавіч увесь гэты час быў дома, у Валодзі не было ніякай магчымасці вылезці ca сваей рамы...»

Аляксандр Сямёнавіч падхапіў яе плашч:

— Уяўляеш, выпадкова зайшоў у твой пакой. Падышоў да акна, а там сцяна... Сцяна суседняга дома. Астатняе я дадумаў!

— Ты не расказвай! — у ёй закіпела незадаволенасць.— Проста вазьмі i пакажы мне.

— Тады пойдзем... Нацюрморт там... У тваім пакоі.

I яны пайшлі ў яе пакой... Аляксандр Сямёнавіч павёў рукою ў бок рамы:

— Вось... Нічога больш не знайшлося, дык я...

Надзея Паўлаўна ашаломлена глядзела на раму, у якой яна раненька пакідала Валодзю. Цяпер жа ў ёй быў шэры квадрат сцяны з мёртвым аранжавым матыльком i нейкім цьмяна-жоўгым акраўкам накшталт кляновага лістка.

— Дзе партрэт?! — яна яшчэ не зусім усвядоміла, што адбылося, але ў горле перасохла да хрыпення i слабасць разлівалася па целе.

— Я... Я замаляваў яго! Ты ж сама казала: «Не ўпісваецца!.. Муляе...»

Надзея Паўлаўна яшчэ раз зірнула на раму... ёй раптам захацелася накінуцца на Аляксандра Сямёнавіча з кулакамі i біць, біць, біць яго, але замест гэтага яна, як падкошаная, упала на канапу i разрыдалася па-жаночы няўцешна i горка.

1997

ПАМЫЛКА МАЛОЙ ГАЛАКТЫКІ

Ён маўчаў. А яна ўсё гаварыла i гаварыла, амаль галасіла: