Выбрать главу

— Кацярына Міхайлаўна, я ж казала... Я сапраўды казала, што не трэба хаваць чалавека, калі няма ўпэўненасці...— яна прыцішыла голас,— Я твайго Аляксея бачыла. Стаяў на балконе. I так ужо на неба глядзеў так глядзеў! Гэта ж ледзь не тыдзень пад зямлёю чалавек праляжаў, свету белага не бачыў. І, дзякуй Богу, вярнуўся, знайшоўся твой гаротнічак!

— Знайшоўся,— суха адказала Каця,— Толькі ж ненармальны ён. З галавою не ўсё добра ў яго. Бог розум адняў

У касіркі перахапіла дыханне.

— Няўжо?! He гняві Бога, Міхайлаўна. Цяпер гэта па-культурнаму... стрэсам завуць. А стрэс здымаецца. Ты падлабунься да яго ноччу з ласкаю... I ўсё да нормы прыйдзе.

«А i сапраўды,— думала пасля Каця, калі ўжо прыйшла дамоў.— Ну няхай сабе ён усё стаіць на балконе. Няхай сам з сабою размаўляе i не адзываецца да яе, калі яна спрабуе загаварыць з ім. Але надыдзе ноч, i трэба будзе паспрабаваць пагаварыць з ім па-іншаму...» I калі нарэшце тая ноч надышла, Каця паспрабавала.

...Яны ляжалі ў ложку. Каця ўсё прыслухоўвалася да ягонага дыхання, спіць ці не спіць? Ён уздыхнуў, i Каця прытулілася да яго, абняла, зашаптала:

— Алёшачка... Мой ты Алёшачка! Ногі ў цябе халодныя. Я ix сваімі сагрэю. Я шэсць ночак без цябе тут, на гэтым ложку. Ну, шчытней прытуліся... Усё нармальна ў нас будзе.

— Не будзе,— адазваўся ён.— Я — ненармальны, ужо не такі, якім быў раней. Я ўжо без гэтага... Без жывёльнага. Усё грахоўнае ў мяне выдалілі,— i дадаў — Гэта што-о-о! Гэта легка! А з галавою ніяк... Тут ужо нічога не зменіш. Якая ёсць галава, такою i будзе.

Ён яшчэ штосьці казаў, але Каця не слухала. Затаілася ўся, а потым ціхенька павяла рукою туды, дзе ў яго было самае далікатнае інтымнае месца, i... бы апяклася — гола, пуста... «З кім жа гэта я тут ляжу?!» — скаланула ўсю яе шалёная думка.

I ўсё... З той начы ўжо нічога больш не злучала ix. Каця хадзіла на працу, займалася хатнімі справамі. Ён жа адно: стаяў на балконе. Было, што яе шкадавалі, маўляў, здала б ты яго куды, да дактароў завезла б, жыць жа табе трэба. Вядома, трэба! І праз колькі дзён яна сказала яму:

— Алёша, ты не супраць, калі да нас сёння Міша Салівончык зазірне. Ну той, што жонка залетась памерла. Вагонкаю пярэдні пакой трэба абабіць, дык ён прыйдзе, замерае.

— Я не супраць,— адказаў Аляксей.

I Міша Салівончык тым днём прыйшоў. Доўга абмерваў рулеткаю сцены ў пярэднім пакоі. Рабіў фламастарам нейкія свае адзнакі на ix. А Каця штосьці смажыла, варыла, гатавала на кухні. Ён жа, ейны Аляксей, як заўсёды, стаяў на балконе, i ў нейкі момант Міша крыкнуў ёй:

— Каця, хутчэй! Ідзі да яго... Нешта з ім робіцца!

Калі Каця выйшла на балкон, Аляксей перакінуў ужо нагу цераз парэнчу. A рукі свае ён узняў раскінуў шырока над галавою, нібы хацеў, наколькі гэта магчыма, даткнуцца i абняць як мага больш неба... Але грэшнае цела пераважыла. Зямля прыцягнула яго да сябе, каб ужо праз дзень прыняць у сваю цяжкую, халодную вільгаць.

A дзесьці праз тыдзень пасля ўсяго, што здарылася, Каця несла ў слоіку белыя астры. Ішла на тыя самыя могілкі, дзе ўжо не два рукавы ад Аляксеевай кашулі, што толькі i знайшлі ў шахце пасля выбуху, a быў пахаваны сам Аляксей. Звярнула на сцежку, якая вяла да брамы, i тут адкуль i ўзялася бухгалтарка, што жыла ў іхнім доме, у суседнім пад'ездзе. Абедзве спыніліся, i бухгалтарка сказала ціха:

— Табе не трэба ісці туды, Кацечка. Не паверыш... Дзіва нейкае ці насланнё? Гэта ж я стаю ля цётчынай магілы, а тут фугас нейкі зверху, блішчасты, агромністы, як шугане! I раскрыўся, i адтуль штосьці кульнулася... Гляджу, жанчына! Ва ўсім блакітным, ну, чыстае неба! I ўжо стаіць яна ля магілкі твайго Аляксея... I ўпала яна на магілку. I плакала... Як жа яна плакала, проста білася ўся! Ты не думай... Я не з п'яных вачэй. Што ты на гэта скажаш?

I ў Каці не знайшлося слоў, каб штосьці сказаць ёй у адказ.

1999

ЛЯ БЕРАГОЎ АЎСТРАЛІІ

Званок быў нечаканы, доўгі i нецярплівы. Ігар Апанасавіч нават не адразу зразумеў, што звоняць у дзверы. «Хм-м,— зірнуў на гадзіннік,— хтосьці пазнавата, ды i не чакаю нікога». Але пайшоў да дзвярэй, выціраючы даволі далікатныя рукі аб хвартух, якім быў падперазаны. Ён меў звычку адключаць хатні тэлефон, i сябры нярэдка пасылалі яму тэлеграмы-маланкі тэрмінова падключыцца. Не, сёння тэлефона не адключаў, пра што ўспомніў ужо адчыняючы дзверы.

— Вам ка...г...го? — літара «г» нібыта засела ў горле.