Выбрать главу

Чые ж гэта дзеці будуць? Ён зірнуў на Далінку. Пецька ўжо быў дзесьці па-за ягоным зрокам, а дзяўчынку бачыў. Ішла назад, пабліскваючы аголенымі нагамі. Фу-у, бессаромніца! Штосьці пра ферму казала. Мабыць, Лявонкава. Bo i зразумела. Лявончыха калісьці сама добраю круткай была, такою i дачку выгадавала. Э-э, ядры твой корань! Крутка круткаю, а семдзесят тысяч... Што ж яна там, у Антопалі, будзе купляць такое?! За такія грошы Антопаль увесь скупіць можна. От як разжыліся! Яму хацелася плакаць ад нейкай сваёй безвыходнасці. Ды за такія грошы!.. «Жыгуль» можна, як ахнуць, адхапіць! Колькі ж гэта ён каштаваў? Шэсць-сем тысяч... А тут семдзесят! Семдзесят тысяч! О, які дастатак амерыканцы далі. Ей жа бог, Лявончыха ўвесь Антопаль скупіць. Ну, a Віцька мой? Што ж там у маіх?

Э-э, неяк бачыў тут яго, на Далінцы. Пакутаваў тады надта. Віцька налізаўся недзе, як цуцык. Ног не чуў сваіх. Ішоў, бы кашалі плёў. А пасярод Далінкі i зваліўся. Уткнуўся галавою ў крапіўнік. Ды якая там галава ў п'янтоса! Квач нейкі. Во-о, дык тым квачом дзёўб зямлю. Як жа яму хацелася тады курыцу Іванішыну ўгледзець. Ён бы такія штукі паказаў Віцьку, што таго назаўжды ад пітва адвярнула б! Шкада, не было тады курыцы на Далінцы. Толькі праз які час Каця з'явілася, гэта значыць нявестка ягоная, жонка Віцькава. З калёскамі нейкімі. Усцягнула Віцьку на драбінкі i паперла тыя калёскі паперад сябе. Каб на тым свеце быў дальбог, лейцы ў рукі ўзяў бы... Сам во, з-за той, другой, чаркі ў Мікіткі Кульгавага... Га-а, а мо i не п'е Віцька. З чаго гэта ён так вырашыў? Ці ж бы пёрла Каця з тымі калёскамі. На п'янюгу рукой махнула б! Ляжыш i ляжы сабе да сканання. Цікава, семдзесят тысяч! Mo i Віцька таксама такімі грашамі варочае?

Яму стала чамусьці непамерна шкада сябе. За што Бог так скараў яго, век кароткі адмераў? Галенка ж ягоная шчэ жыве. A дзесьці ж пад восемдзесят. Ёй заўсёды больш шэнціла. Бывала, як парсючкоў купіць, дык i вяліся... Рука лёгкая ў Галенкі. У яго цяжэйшая была, не ў руку ўсё ішло. Але хату сам ставіў. Не-е, гаспадар ён быў неблагі. Бог за іншае нешта скараў! Хм-м, семдзесят тысяч!

О-о, як шпарыць!.. Хто ж та такая? Манька Васіля Каморніка. Яна ўсё хустку набакер завязвала.

— Манька!

Ага-а... Іваніха, цяпер ужо не з гароду, з хаты выйшла.

— Ма-анечка,— даганяе Васіліху— Ты мо ў канторы была?

— Якраз адтуль іду, цётка!— прыпынілася Маня — І вы не марудзьце... Грошы прывезлі. Толькі мала. Наўрад ці касірка на ўсіх расцягне. Мне во толькі сто дваццаць тысяч дала. Астатнія невядома калі.

Ён ажно затрапятаў увесь. Ды ці не здурнела Манька? Бач, ёй ужо сто дваццаць тысяч мала. Куды ж яны там дзяюць грошы гэтыя? Па выгляду, дык жа i у шаўках не ходзяць. Боты нейкія на Маньцы. гумовікі. А сонца ж во як жарыць... Прыслухаўся.

— Вы б, цётка Ганна, транты якія глянулі. Mo што ад вашых хлопцаў засталося? — казала Васіліха.— Мой малодшанькі школу во закончыў... Дарэшты штанцы дадраў! А мо ў пэтэвэ якое падасца, дык жа зад прыкрыць трэба. У мястэчку як глянула, па сто тысяч штаны каштуюць!

— Я пагляджу, Маня,— запэўніла Іваніха i параіла: — А ты б мо ў Антопалі прадала што з харчу.

— Што? Што прадасі, цётачка?! Я раней i прадавала. Яшчэ за тымі часамі, ранейшымі. Бывала, дзесятак яечак прадам, во вам i рубель сорак. Два кілі хеку марожанага можна было купіць. А цяперака... Ну, прадам я дзесятак за дзесяць тысяч... A кіле таго самага хеку ўсе трыццаць каштуе! Дык ці варта прадаваць тыя яйкі, цётачка? Жыццё такое, што i не прадаць, i не купіць!.. Да згубы нейкай усе ідзём!..

На яго бы праясненне якое найшло пры гэтых Маньчыных словах. Здалося, нешта кальнула, запякло, як тады пад лапаткаю, пасля той, другой, чаркі ў Мікіткі Кульгавага. Унізе, на Далінцы, сакатала Іванішына курыца. I, доўга не думаючы, ён рынуўся ўніз, на яе... Курыца страпянулася. I, накульгваючы, пабегла да дарогі, да Іваніхі, да Манькі. Спынілася. Трапятнула крылом. I з нейкай незямною горыччу, з вялікім адчаем мацюкнулася!.. Бабы атарапелі i тут жа заенчылі. Кінуліся прэч, як мага далей ад гэтай курыцы, ад Далінкі...

Ружовы паўкруг лянотнага ранішняга сонца павольна выкочваўся з-за далягляду. А ля вясковага калодзежа ўжо бразгалі ланцугом. Старая Мікіціха выцягвала вядро. Азірнулася. Да калодзежа падыходзіла яшчэ заспаная Лявончыха.