— Ты толькі ўспрымай усё правільна,— казаў ён.— Гэта нават не алкагольны запой, а хвароба...
Даўняя хвароба нашай інтэлігенцыі. У Вадзіма яна асаблівая.
Яна кіўнула галавой:
— Угу-у... За пяць дзён дзевятнаццаць пляшак вермуту.— Узяла з падлогі пляшку,— «Ружовы. Адзін рубель трыццаць пяць капеек».,. Вадзя зусім слабы, ужо i ўстаць сам не можа.
— Я сёння ўкалю яму што-небудзь сардэчнае. Слухай, а ты кепска выглядаеш. Бледная. Магла б пакінуць яго аднаго на дзве гадзіны. Тут дзесьці паблізу кінатэатр... Паўсюдна ідзе прэм'ерны фільм «Белае сонца пустыні».
З пакоя пачуўся лёгкі шоргат, рыпенне канапы i хрыплае, ледзь чутнае, амаль неразборлівае:
Девять граммов в сердце
постой — не зови...
Не везет мне в смерти,
повезет в любви!
— Прачнуўся! Я найду да яго.
— Чакай... Калі б ты змагла ўгаварыць яго хоць што-небудзь з'есці, усё пайшло б на спад. Паспрабуй, га-а? Ну, хоць некалькі лыжак булёну.
— Зараз звару...
Потым яна сядзела перад Вадзем на старэнькай, ледзь не праваленай канапе з міскай булёну. Каб яго не раздражняла святло, зацягнула акно цяжкой шторай i ўключыла маленькі цьмяны начнічок, падарунак польскага пісьменніка, што адзін з першых у тыя далёкія шасцідзесятыя выехаў у Ізраіль. Яна сама прывезла гэты начнічок з Варшавы.
— Вадзя... Вадзечка... Я ж адчуваю, ты не спіш. Расплюшчы вочы. Я табе булёну прынесла. Паеш. Прашу цябе.
Ён нязгодна паматаў галавой:
— Бр-р-р...
— Вадзя, ну давай, зусім трошкі. Адну лыжачку. Тады я скажу табе, хто самы мудры, самы разумны.
Ён прыўзняў галаву, падаўся да яе. Булён праліваўся, але нешта ён праглынуў.
— Во-о i добра. А самы мудры, самы разумны ў нас Вадзя. Вадзім Ізмайлаў. Цяпер яшчэ адну лыжачку, i я скажу табе, хто самы таленавіты. Вадзя... Вадзечка самы таленавіты. А самы прыгожы? Ну... Ну яшчэ лыжачку!
Яна адставіла міску. На донцы засталося толькі трошкі варыва. На ягоным ілбе выступілі кропелькі поту, але твар памякчэў разгладзіўся... Ён зноў спаў. I сон гэты быў доўгі. Але вось страпянуўся, уздрыгнуў...
— Што? — схілілася над ім,— Табе кепска?
— Прыбяры пляшку,— нечакана сказаў ён роўным ціхім голасам.— У мяне пачынаюцца кашмары. У сне. Ляж да мяне i раскажы што-небудзь цікавае, каб я не спаў.
— Я не ведаю, што расказаць.
— Што-небудзь. Можаш са свайго дзяцінства. Раскажы пра горад, дзе ты жыла раней. Я баюся заснуць...
Яна лягла побач i пачала расказваць, пакуль яе не змарыў глыбокі сон. Але i праз сон адчула ягоны позірк на сваім твары. Расплюшчыла вочы.
— Які сёння будзе дзень? — папытаўся ён.— Чацвер? Зразумела. А дванаццатай калегія. Я павінен быць на студыі. Апошні шанц, што разгледзяць маю заяўку.
— Ты зможаш паехаць?
— Паспрабую,— I праз паўзу пацікавіўся: — Чым ты туг харчавалася?
— Ела катлеты...
— Я ж цябе прасіў... Гэты васьмікапеечны паўфабрыкат мне падыходзіць. А ты жанчына. Табе трэба есці натуральны прадукт. Нармальнае мяса, каб захаваць колер скуры на твары.
Яна паціснула плячамі, расшмаргнула штору, расчыніла фортку. Даўкае цяжкое паветра пачаў свідраваць скразняк. Досвітак толькі займаўся. Адзін за адным ішлі першыя тралейбусы.
— Навошта я табе? — пачула ягоны голас.— Я нічога не магу табе даць. Мне ўжо амаль сорак. Пакінь мяне. Я хачу, каб ты мяне пакінула.
— Ты кажаш няпраўду,— падышла да яго. Абняла. Ён разняў яе рукі.
— Мне трэба памыцца. Цела бы пераехалі. Ты зможаш мяне пагаліць?
— Думаю, што змагу
Ён раптам заплакаў...
— Вадзя... Вадзечка...
— Я нават жанчыны ў табе не адчуваю. Ты — святая... Ты — больш чым дачка,— i ён неяк няўклюдна ўкленчыў перад ёю, абняў яе калені,- Ты сапраўды мяне не пакінеш? Ніколі-ніколі?
...Яна чула, як у пярэднім пакоі звоніць тэлефон. Апошнім часам нічога яе так не раздражняла, як тэлефонныя званкі. Але ўсё-ткі пайшла на званок. Трубку падняла дачка.
— Ты ўжо вярнулася з шэйпінгу?
— Як бачыш. Толькі што. Яшчэ не паспела зняць абутак,— i зноў загаварыла да некага ў трубку. Яна прайшла на кухню. Ну, усё! Хопіць. Пракляты фотаздымак! Трэба ж было заснуць на нейкія паўгадзіны, каб пачуць гэтую недарэчную фразу! П'еса не чытаная. Халадзільнік пусты.
— Ліна, мо збегаеш у магазін?
— Я званіла бацьку. Ён прынясе прадукты,— адазвалася дачка.
Потым прыйшоў з працы сын, папрасіў памыць кашулю. Да яе дадалося яшчэ нешта, i вось ужо ванны пакой ператварыўся ў пральны.
— Ma, цябе да тэлефона! — зазірнула дачка.
— Хто?
— Не ведаю. Не назвалі сябе.
...Голас у трубцы сапраўды быў незнаемы.
— Алена Хведараўна, прашу прабачэння, што турбую. Хацеў бы ўзяць у вас інтэрв'ю. Я яшчэ студэнт. Праходжу практыку ў штотыднёвіку «Культура». Шмат разоў бачыў вас у розных спектаклях. Вы мая любімая артыстка.