Яна не любіла даваць інтэрв'ю. Заўсёды атрымлівалася не так, як хацелася, з-за таго, што не ўмела расказваць пра сябе, ды i не было асаблівай ахвоты рабіць гэта. Але голас быў такі малады. Ну вядома, сгудэнт-практыкант i, можа, гэтае інтэрв'ю першае ў ягоным жыцці.
— Мне хацелася б сустрэцца з вамі заўтра, калі можна. Вы не супраць? А якой гадзіне вам больш зручна?
— А дзевятай.— I дадала: — Прыязджайце да мяне дамоў. Думаю, што нейкую гадзіну мы зможам паразмаўляць. Пасля адзінаццатай я ўжо буду занята. У тэатры першая чытка п'есы. Адрас? Запісвайце...
I пасля, познім вечарам, калі ўжо ляжала ў ложку i амаль дачытвала п'есу, яна чамусьці ў думках вярнулася да гэтага хлопчыка-практыканта. Нешта ў ім кранула яе: зусім яшчэ хлапечы голас ці прызнанне, што яна ягоная любімая артыстка. Як тут можна было адмовіць, расчараваць у найлепшых парываннях?! «Ніколі не трэба расчароўваць людзей...» I бы спатыкнулася. Зноў Вадзім... Гэта ягоны выраз. Цікава, а што сталася з тою маленькаю шыльдачкай на дзвярах: «Вадзім Ізмайлаў»? Можа, яна i да гэтага часу знаходзіцца там, а гаспадары кватэры даўно іншыя? Не, Вадзім павінен быў адарваць яе, вырваць з дрэвам, каб ніякага следу... Штосьці тоненька зашчымела, насунулася. Перад ёю вымалёўваўся зноў той пакойчык...
— Я, відаць, усё-ткі з'еду. Мяне гатовы прыняць у Швецыі...
— Ты добра ўсё ўзважыў? — папыталася яна.
— У адказ мне хацелася б расказачь табе прытчу. Слухай. Да аднаго мудраца прыходзіць юнак i пытаецца: «Скажы мне, шаноўны, які ўрад самы лепшы?» Мудрэц трошкі падумаў i адказаў: «Той, што нічога не плаціць рознага кшталту творцам, пісьменнікам, мастакам, кампазітарам... за іхнюю працу». Юнак не зразумеў гэтых слоў, i мудрэц яму растлумачыў: «Іхнія творы бясцэнныя. Яны не маюць свайго сапраўднага кошту. Ix ацаніць можа толькі час»,— «Але ж творцы жывыя людзі,— запярэчыў юнак— Iм трэба нешта есці, купляць апратку i гэтак далей... Іншымі словамі, неяк жыць. Што ж рабіць у такім выпадку творцам?» Мудрэц падумаў i адказаў «Змагацца з урадам!» Але я... Асабіста я... Вадзім Ізмайлаў я ніякім чынам не змагаюся з ім! Гэта ўрад ca мною змагаецца: ён узяў i перакрыў мне кісларод... Апусціў перада мною чырвоны шлагбаум, які ўжо ніколі не падымецца. I гэты ўрад рады мяне выпусціць куды заўгодна, абы мяне не было тут!
— Чаму ты так думаеш?
— Я не думаю, я ведаю. Гэтаму ўраду не патрэбны таленавітыя людзі. Таленавіты чалавек неардынарны, ён нязручны ва ўсіх адносінах. Ён хоча рабіць тое, што яму хочацца, а не тое, што прадпісана аднекуль зверху. Яго не прымусіш, з ім трэба лічыцца, трэба няньчыцца. Я не ўпісваюся ў гэты лад. Я не ўмею расказваць на кухні анекдоты пра абвешанага ордэнамі старца i адначасова дзесьці там... на сваім службовым месцы выконваць ягоныя загады. А яшчэ лепш пад воплескі сабе падобных ствараць эпахальныя творы, за якія даюць ордэны, прэміі, пасады... Гэтыя людзі навучыліся прыстасоўвацца. Пабачыш, яны ўпішуцца ў любы час. Ген у ix такі, бальшавіцкі. Яны апраўдаюцца тымі анекдотамі: маўляў, мы ўсё разумелi, толькі чакалі зручнага моманту, каб усё перавярнуць з ног на галаву. Я іншы, даруй. У мяне адна магчымасць — з'ехаць! Пакуль яшчэ выпускаюць.
— А я? Вадзя, як жа я? — Яна нецярпліва камячыла краёк лёгкага халаціка.
Ён адказаў не адразу, але, несумненна, быў гатовы да такога яе пытання.
— Ты вернешся да сваіх...— Памаўчаў — У цябе ёсць маці, бацька, малодшыя браты. Я не маю ніякага права рызыкаваць табою, таму што не ведаю, што ў мяне будзе там. Я буду адно што вольны i не хачу ні ў чым падстаўляць цябе. Ты ж таленавітая, толькі трэба раскапаць гэты талент. Ты здолееш. Я не хачу, каб ты ахвяравала чымсьці, што дадзена табе Богам, дзеля мяне.— Ён зглынуў нейкі даўкі камяк,— Я сталы чалавек i ўсё гэта вельмі добра разумею.
Яна адчула, як падлога выслізгвае з-пад яе ног. Усё вакол бурылася, крышылася, правальвалася...
Але свет не згінуў. Раніца наступнага дня была лёгкай i прыўзнятай. Сын адмовіўся ад сняданку, папрасіў пяцьдзесят тысяч, якіх да нечага яму не хапала, i падаўся на працу. Дачка пайшла ў ліцэй. Муж абмежаваўся бутэрбродам i нечакана прапанаваў:
— У мяне сёння квартальная прэмія. У цябе роля ў новай п'есе, дык, можа, адзначым? Пасядзім вечарам у якім-небудзь прыгарадным рэстаране, трошкі расслабімся. Дзеці? Бог мой, яны дарослыя!
Сышліся на тым, што ён заедзе па яе ў тэатр. Прапанаваў падвезці у горад, але яна гэтай раніцай нікуды не спяшалася.
— Да мяне зараз прыйдуць браць інтэрв'ю. Студэнт-практыкант. Я чакаю...