— Ну, чакай, чакай,— сказаў муж на выхадзе.— Да вечара!
Праўда, чакаць ёй доўга не давялося. Яшчэ не паспела як след прывесці сябе ў належны выгляд, a ў дзверы ўжо званілі...
— Праходзьце...
Студэнт-практыкант быў падобны на падлетка, i яна перайшла на «ты». Запыталася:
— Мінчанін?
— Не, з раёна. Жыву ў інтэрнаце.
— Значыцца, галодны. Здымай куртку, ідзі вунь у той пакой, а я прыгатую чай з бутэрбродам.
Ён не адмовіўся, толькі папрасіў:
— Учора вы сказалі, што ў нас будзе адна гадзіна на размову, дык, можа, каб не траціць часу, пакуль вы будзеце заняты, я выберу нейкі ваш фотаздымак. Інтэрв'ю звычайна друкуецца з фота.
— Ніякай праблемы! Ты сядай... Зараз прынясу табе некалькі альбомаў. Выбірай на свой густ.
...З ім было легка, з гэтым студэнтам-практыкантам. I пытанні ён задаваў простыя, не заганяў яе ў кут.
— Вы шчаслівая?
А як жа іначай? Несумненна! У яе добрыя дзеці, цудоўны муж, пра якога ён нават мог дзесьці чуць. Прозвішча вядомае — Дзяніс Лінчук, галоўны архітэктар горада. У ix трывалая сям'я. Усё астатняе дадаецца.
— Што б вам хацелася вярнуць з мінулага?
Як ні дзіўна, дзяцінства. Цёплую руку мамы, стрыманую пяшчоту бацькі.
— Муж — гэта вашае першае каханне?
Тут трошкі задумалася... Было, што ёй падабаліся хлопчыкі ў школе. A ўвогуле, яна не падзяляе каханне на першае, другое, трэцяе... Дзяніс — той мужчына, які ва ўсіх адносінах яе задавальняе. Яна яго цэніць, па-свойму захапляецца ім i, вядома ж, любіць.
Яшчэ трошкі пагаварылі пра тэатр, трошкі ўвогуле пра жыццё... I студэнт-практыкант сказаў ёй: «Вялікі дзякуй!» Паабяцаў пазваніць, як толькі інтэрв'ю з'явіцца ў штотыднёвіку.
Потым яна была на першай чытцы п'есы ў тэатры, куды па яе, як i дамовіліся, своечасова заехаў Дзяніс. Яны правялі някепскі вечар у рэстаране з заманлівай назвай «Качка з яблыкамі ў Антона». I тыя «антонаўскія» яблыкі з чарачкай каньяку дадалі прыемнага настрою, які ўжо не пакідаў яе да позняй ночы.
— Не заводзь будзільніка, паспі раніцай лішнюю гадзіну,— сказаў ёй Дзяніс, калі яна ўжо ляжала ў ложку,— Я сам пабуджу дзяцей. Ну, спакойнага сну...
I сон яе сапраўды быў спакойным ажно да раніцы. Яна ўжо гатова была прачнуцца, ужо чула голас Дзяніса з суседняга пакоя, i на кухні чайнік адзываўся свістком, мабыць, дзеці пачыналі снедаць. А пасля — бы правалілася некуды. Ненадоўга, але гэтага было дастаткова, каб вымалевалася аблічча, пра якое яна ўжо паспела забыцца. Вадзім Ізмайлаў... Ён неяк нязвыкла загадкава пасміхаўся. У вачах паблісквалі хітрынкі, маўляў a ў мяне сакрэт! Які? «Я ўсё-ткі забраў у цябе свой фотаздымак!»
Яна падхапілася імгненна. Ну ці не насланнё?! Але якая паслядоўнасць! «Раней ноччу ён мне сказаў, што забярэ сваё фота, а сёння, аказваецца, ужо i забраў!» Э-э, не! З ёю ў такія гульні не пагуляеш. Зараз жа яна знойдзе гэтае фота... Дзе тыя альбомы, што давала студэнту-практыканту? Тут яны... Так i засталіся ляжаць на стале... I, здаецца, вось у гэтым бачыла яна Вадзеў фотаздымак. Перагарнула старонку за старонкай — няма! Значыцца, памылілася. Узяла другі альбом, але i там толькі сямейныя здымкі. Яшчэ раз пагартала старонкі... Ягонага фота i сапраўды не было. I раптам узарвалася ў думках: «Пракляты студэнт!.. Ну, вядома, гэта ён... Ён узяў Вадзева фота! А чаму б i не? Славуты кінарэжысёр. Вадзю ведаюць i ў Нью-Йорку, i ў Парыжы, i ў Лондане... Пра ягоныя фільмы апошняе дзесяцігоддзе гаворыць увесь свет. Як было не спакусіцца?! I ўсё-ткі яна пакажа гэтаму студэнту... Практыканту няшчаснаму. Яна пазвоніць галоўнаму рэдактару «Культуры», i ён прымусіць яго вярнуць ёй гэты фотаздымак!»
Пайшла на голас дачкі... У пярэднім пакоі тая раскручвала бігудзі i штосьці гаварыла бацьку. Узрадавалася, убачыўшы яе:
— Ма-а, я пазнюся! Пачысці мае туфлі.
— Яшчэ чаго не хапала! Чым ты займалася ўчора?! Вось трэба было i пачысціць!
— Я ж па-добраму, ма-а, а ты крычыш.
— Не чапай маці,— адазваўся з кухні Дзяніс,— У яе пачынаюцца творчыя пакуты, уваходзіць у новую ролю,— I ўжо да яе: — Лена, каву будзеш?!
Кавы яна выпіла, i гэта яе трошкі супакоіла, але ідэя пазваніць галоўнаму рэдактару засталася. I як толькі дачка з Дзянісам сышлі з дому, узялася шукаць старыя нумары «Культуры», дзе ўжо раней пісалі пра яе. Там жа, на апошняй старонцы, павінен быць тэлефон рэдактара. Адразу i набрала ягоны нумар.
— Алё-ё... Вам тэлефануе Алена Лінчук. Добрай раніцы... Тут у мяне такая справа. Учора заходзіў да мяне ваш студэнт-практыкант... Пагутарылі... Дала яму альбомы, каб выбраў мае фота, а ён знёс яшчэ адно... Чаго вы не разумееце?! Ваш... Ваш студэнт-практыкант прыходзіў браць інтэрв'ю. Як гэта — няма ў вас ніякага практыканта?! А хто ж тады прыходзіў?..— паспешліва пачала развітвацца, хоць рэдактар гатовы быў да доўгай размовы. Калі яшчэ пазвоніць вядомая артыстка!