Выбрать главу

...Потым яна доўга сядзела ў крэсле. «Сапраўды, чаго я крычала на Ліну? Хай бы ўзяла i пачысціла яе туфлікі». Яна нават не падумала пра тое, што адбылася нейкая неверагоднасць. Нешта ўціскала i ўціскала ў крэсла. Было такое адчуванне, нібыта калісьці, даўно ёй далі алмаз i яна схавала яго. А цяпер вось разгарнула той схоў а там... шчопаць попелу.

«Чаго ж я сяджу? Трэба збірацца ў тэатр. Не, спачатку памыю посуд». Але замест гэтага падышла да тэлефона, набрала нумар і, калі ў трубцы папула голас, запыталася:

— Дзяніс, ты не шкадуеш, што пражыў ca мною ўсе гэтыя гады?..

1997

ПЕРАКРЫЖАВАННЕ-777

...І пайшоў Ён на крыжавыя дарогі у глухую ноч, i выйшаў да яго Д'ябал, i сказаў: «Распішыся крывёю, таму што за усё, што я табе дам, трэба заплаціць душою...»

З народнага павер'я

Пронт пацягнуўся ў крэсле, яму здавалася, ён задрамаў, але крою Кранта прымусілі хутка азірнуцца:

— Ну, што Цэнтр? Сувязь была чыстай?

Крант пасміхнуўся. Гэта быў высокі чалавек, а можа, толькі выгляд чалавека, пра гэта нікому не дадзена ведаць, i сказаў проста, звычайна, як гавораць на Зямлі:

— Трэба вяртацца! Цэнтр незадаволены i мяркуе, што мы марна трацім час...— Ён падумаў: — А можа, ёсць новы маршрут?..

— Наконт часу ты дарэмна,— нібыта спрабаваў апраўдацца Пронт.— Успомні тую дзяўчыну... Яна ўжо гатова была пайсці на кантакт!

— Глупства! — Крант сеў у суседняе крэсла.— Кантакту не атрымалася... Мы вярнулі ёй каханага, i яна стала непрабіўной сцяною. Яе мозг не ўспрымаў нашых сігналаў. Яна слухалася толькі яго!.. Дык навошта нам вісець над гэтым клятым перакрыжаваннем! Цэнтр мае рацыю!.. Мы павінны вярнуцца на Цнуну.

Ён узяў карту i там, дзе стаялі тры лічбы «777», паставіў крыж. Потым павярнуўся да Пронта:

— Трэба зрабіць кантрольную праверку на караблі, i, калі ўсё будзе ў норме, рушым да Цнуны!

— Чакай... Зірні на экран!.. Гэтаму няшчаснаму, напэўна, патрэбна дапамога.

Экран быў насупраць, i калі б гэта было ў кватэры, на Зямлі, дык можна было б падумаць, што пачынаецца фільм. Вось ён, галоўны герой, спыняецца на перакрыжаванні, выцягвае з кішэні лёгкай курткі цыгарэты, потым запалкі... Цемра ўспыхвае яркім агеньчыкам... Чатыры вуліцы разбягаюцца ў розныя бакі, і, закурыўшы, чалавек ідзе па адной з ix... Зусім недалёка лавачка. Там аўтобусны прыпынак Чалавек садзіцца на лавачку. Курыць... Чакае аўтобуса...

Крант узіраецца ў твар чалавека:

— Ты сказаў праўду. Яго нешта гняце...— Ён яшчэ падумаў, потым дадаў:— Гэта нас доўга не затрымае... Паспрабуй падключыцца...

Пронт засмяяўся. Так смяюцца, калі прадчуваюць удачу. Лёгкім рухам ён націснуў на кнопку побач з экранам. У кабіне карабля пачуліся ціхія роўныя сігналы...

— Ніякіх высокіх матэрый... Гэты няшчасны думае пра адпачынак. Але ён адпачываць не будзе. Жонку з дзецьмі завязе да сваіх бацькоў, а сам паспрабуе пад-хал-турыць...

Цяпер ужо засмяяўся Крант:

— Яму патрэбны грошы!.. Мяне заўсёды палохалі цывілізацыі з нізкім узроўнем. З дробязнымі запатрабаваннямі. Быт перашкаджае прагрэсу... Гэта вядома кожнаму на Цнуне з часоў старажытнасці.

— Не разважай... Ён паддаецца кантакту. I мы дамо яму тое, што ён хоча!

Пронт хутка падняўся з крэсла, падышоў да сцяны, якая нагадвала электроннае табло, i націснуў на чырвоную кнопку...

Крант глядзеў на экран. Да лавачкі, на якой сядзеў чалавек, пад'ехаў аўтобус, i той ускочыў у яго, радуючыся, што паспеў на гэты, напэўна, апошні рэйс...

Мікола Іванёнак вяртаўся дадому позна. У гэтым годзе яму далі адпачынак летам, i, каб не малы Уладзік, можна было б паехаць куды-небудзь на поўдзень, неяк бы выкруціліся з выдаткамі, ды куды ж тут паедзеш! Малому толькі тры месяцы, ды i старэйшай чацвёрты годзік... Пра поўдзень няма чаго i думаць, а вось у маіх бацькоў з дзецьмі будзе самы раз! «Хай пажывуць месяц у вёсцы,— разважаў Мікола,— а я далучуся да Колесеня, той набірае брыгаду, i папрацую ў калгасе, на будоўлі» (хоць што там будуецца, ён i сам яшчэ добра не ведаў). Галоўнае, Колесень сказаў. «Рыхтуйся. Ёсць работа!» Сёння вечарам ён i паехаў да яго, каб усё высветліць. Тры гадзіны чакаў а Колесень дома так i не з'явіўся. Жонка адно адказвала: «Недзе бадзяецца!» I нейкае сумненне ўзяло Іванёнка, можа, дарэмна ўвязаўся ў гэту справу, але ж, наколькі ён ведаў Колесеня, не такі той чалавек, каб гаварыць пустое... Напэўна, таксама недзе па справе адлучыўся, як i ён у гэты вечар. Мікола падыходзіў да дома, у якім жыў. Правёў вачыма па вокнах сваёй кватэры: там было цёмна, напэўна, спяць, i прыспешыў крок, таму, калі ўвайшоў у кватэру, трошкі пастаяў у парозе, каб аддыхацца.