— Мікола, ты? — жонка яго чакала i цяпер не хавала раздражнёнасці,— Толькі прашу, не палі святла! Зараз пачнеш бразгаць на кухні... Калі ж нарэшце можна будзе заснуць спакойна?!
I Мікола гатовы быў адказаць ёй: «А што ж, мне галоднаму класціся?! Вядома, пайду на кухню i, калі трэба, буду бразгаць, ды i не так часта я прыходжу дадому позна». Але нейкі голас гаварыў яму адваротнае: ты — вінаваты, ты не папярэдзіў яе, што вернешся позна, яна стамілася, яна мае права на любы папрок, таму супакой яе, ціхенька прайдзі на кухню. I Мікола, паддаючыся гэтаму голасу, сказаў амаль шэптам:
— Cпi... не звяртай на мяне ўвагі, я i есці не хачу, чаго мне ісці на кухню, толькі распрануся.
Ён сцягнуў з плячэй куртку, павесіў на вешалку, засунуў у кішэню ключ і... здзівіўся. Ён яшчэ не ведаў што там, але рука ўперлася ў нешта даволі цяжкое i цвёрдае: нейкі брусок, ці што? I Мікола выцягнуў тое, што здалося бруском, але, напэўна, не было ім. Каб не паліць святла ў вітальні, пайшоу у ванную, запаліў святло і... разгубіўся. У руцэ ён трымаў пачак... сторублёвак, шчытна сцягнуты паперкамі. Такія пачкі ён бачыў у ашчаднай касе. На паперыне, якая абкручвала пачак, значылася: 10 000! Мікола не верыў сваім вачам: адкуль у кішэні гэтыя грошы? Можа, не сваю куртку апрануў? Кінуўся ў вітальню, схапіў куртку, вярнуўся ў ванную... Куртка была яго. Яго куртка! Вывернуў кішэню, палез у другую, стала горача... Адтуль таксама выцягнуў пачак... яшчэ 10 000! У скронях загуло... Мікола не быў сквапным чалавекам, i цяпер усяго яго працінала адна думка: адкуль узяліся яны?! Дзіва дзівам, як нейкае ачмурэнне! Ён абапёрся аб вушак, ліхаманкава думаў... Выйшаў з тралейбуса, перасек вуліцу, каб перасесці ў аўтобус... Даставаў цыгарэты з кішэні, ніякіх грошай не было, нават пачак цыгарэтны выкінуў узяўшы апошнюю цыгарэту... А запалкі вось яны, у гэтай кішэні, i тут таксама было пуста... А можа, мне толькі так здаецца?! Ён намацаў пальцамі, грошы аддавалі халадком. Трэба сказаць Веры, трэба паказаць ёй, але нейкае сумненне варухнулася ў ім: навошта табе трывожыць яе? Пра гэтыя пачкі ты зможаш сказаць ёй i заўтра, лепш ідзі спаць, a раніцай на свежую галаву, можа, нешта праясніцца. Хоць падсвядома ведаў, што ніякага праяснення не будзе... Як не сваімі рукамі паклаў пачкі ў кішэні, павесіў куртку на ранейшае месца i пачаў ціхенька распранацца...
Ужо калі ляжаў у ложку, зноў нешта затрымцела, запякло: «Што ж гэта? Адкуль узяліся пачкі?.. Гэтыя тысячы?!» Ён быў рэалістам, добра ведаў што грошы не знаходзяць у кішэнях, калі ix туды не кладуць, i тут жа гэтыя думкі змяніліся іншымі: ну што ты марна пакутуеш?! Што ты ўсё думаеш пра ix, калі не можаш знайсці адказу? Забудзь! Выкінь з галавы! Побач — Вера, у яе цёплае-цёплае плячо... Яна не спіць, ну вядома ж, не спіць, толькі робіць выгляд, што заснула. У яе доўгія-доўгія валасы... I ўсё цела тоненькае-тоненькае, нягледзячы на нядаўнія роды... Ён прытуліўся вуснамі да яе пляча...
Калі заснуў, не помніў. Поўня ўжо выплывала з акна, ён i праваліўся, нібыта ў цемру аконнага праёма. A прачнуўся, як i не спаў. Плакаў Уладзік. Вера трэсла яго за плячо:
— Коля, уставай! Будзі Ніначку... Апрані i вядзі ў садзік! Нешта робіцца з малым, на момант суцішыцца i зноў, i зноў плача... Mo доктара трэба, ты як думаеш?
— Ён i ўчора плакаў— адказаў Іванёнак — А потым суцішыўся i нічога... Навошта спяшацца з доктарам?
Ён прыўзняўся на канапе, адкінуў коўдру:
— Колькі часу?
— Ды кажу табе, уставай,— Вера калыхала Уладзіка на руках.— Ніначку не паспееш сабраць...
Мікола ўстаў, пацягнуўся, з суседняга, другога пакоя адазвалася сонным голасам Ніначка:
— Мама, хачу пііць!..
— Зараз... Зараз, дачушка!..— Вера пайшла на кухню.
Уладзік плакаў, i Мікола падумаў, што ён правільна вырашыў адвезці Веру да сваіх бацькоў, там ёй дапаможа маці, i раптам успомніў грошы! Як ён можа спакойиа думаць пра Веру, пра Уладзіка, пра бацькоў, калі з ім здарылася такая неверагоднасць?! А можа, ніякіх грошай i няма?! Можа, учора ад тлуму, ад стомы нешта ўявілася?! Ён хуценька выйшаў у вітальню, падышоў да вешалкі, тыцнуў рукою ў кішэню: грошы былі там! Хацелася плюнуць.
Вера з кухні ішла ў пакой, дзе гукала i гукала яе Ніначка, несла кубак i ўсё калыхала i калыхала Уладзіка.
— Дай кубак, я сам яе напаю... Ты ідзі ў той пакой, суцяшай малога...
Вера аддала яму кубак, i потым, праз хвілін двадцать, сыходзячы з Ніначкай з ганка, ён нават неяк заспакоена падумаў: куды спяшацца, пра грошы можна расказачь Веры i вечарам, яна пачала б распытваць, i што сказаў бы ён... Сапраўды, што ён ёй сказаў бы?! Палез у кішэню пакласці ключ, а там — дзесяць тысяч, i ў другой — таксама столькі! Нешта заныла, заварочалася ў грудзях: а можа, усё гэта сон?! Ніначка тузанула яго за рукаў: