— Хачу на ручкі!
Ён нахіліўся, паднімаючы яе, каленам адчуў пругкасць аднаго з пачкаў... «Расказаць пра такое каму, дык i не павераць!» Але нешта супакойвалася ў ім, нешта адпускала, таму, ідучы з садзіка да аўтобуснага прыпынку, ён ужо не адчуваў ліхаманкавасці ў думках... «Галоўнае не нервавацца! Ну грошы i грошы...» Ён нават дастаў з кішэні пачак, перакінуў з рукі на руку. «Чаму я павінен думаць, адкуль яны ўзяліся, знайшоў у кішэні, ну i знайшоў у чужую я не залазіў...» І ўжо, калі ехаў у перапоўненым аўтобусе, нават стала весела. «Стаю, таўкуся, а мог бы i на таксі праехацца, пад'ехаў бы да самай прахадной... Выняў бы сторублёвую паперку, сказаў бы таксісту: «Здачы не трэба!» Што б ён сказаў цікава... Узрадаваўся б! Гледзячы які, іншы б i здачу мог вярнуць, палічыўшы за ненармальнага, не стаў бы звязвацца!.. А можна было б i адпрасіцца на дзень у майстра... Кветак купіў бы Веры, i не нейкія там тры гваздзікі, а во-о столькі ружаў!.. Веры дваццаць восем гадоў я ўзяў бы ружаў у тры, у пяць разоў больш... Зноў тое самае таксі... Пад'ехаў бы да пад'езда... Уварваўся б у кватэру з кветкамі i рассыпаў бы каля Веры па ўсёй падлозе... «Збірайся, таксі ўнізе...» — «Куды збірацца?» — «У оперу!..» Вера яго завяла туды аднойчы, сказала, які ж ты гараджанін, калі ніколі не быў?! I пайшоў... I ўсё было добра: відовішча, потым буфет... У оперу!.. «Дзе пакінуць дзяцей?» — спыталася б Вера. «У Валянціны Сямёнаўны, на шостым паверсе...» Яны ўжо неаднойчы пакідалі на яе! Давалі па тры рублі за вечар, i была задаволеная, казала, от добра, дзве каробкі мармеладу куплю... Дык сёння можна было б i пяцьдзесят даць! Хай бы на усе купляла свой мармелад! «Еш, Валянціна Сямёнаўна, ад душы!» Але галоўнае кветкі... Пунсовыя ружы, а можа, лепш белыя?! I многа... многа, каб па ўсёй кватэры водар...»
Мікола саскочыў з аўтобуса, нехта прывітаўся з ім, ён, нават не зірнуўшы, кіўнуў у адказ, думаў пра сваё: «Дурань, як жа я ўчора напалохаўся!.. А чаго?! Яшчэ i Веры сказаць баяўся! А мог бы i выкласці на стол! Вось табе дваццаць тысяч! Дзе ўзяў? Няхай застанецца маёй тайнай, галоўнае, я прынёс... аддаў!»
— Гэ-эй, Мікола, чакай!..
Ён азірнуўся. Даганяў Косця Чапец.
— Чуў ад хлопцаў, што ты з Колесенем у прырабаткі хочаш падацца! Гэта праўда? Можа, i мне аформіцца з вамі? Га-а?! Будыніну сваю трэцяе лета дабудаваць не магу... Ужо не рады, што i ўзяў гэты ўчастак, a ўсё жонка!.. Як уперлася: дача, дача!.. Дзецям будзе. Ну, i што тут зробіш?! Улез! — як гакнуў Чапец.
Мікола ўздыхнуў:
— От гаваркі ты... Узяўся б перагаварыць, не перагаварыў бы!
Чапец зарагатаў...
У прахадной Мікола схіліўся, каб паказаць пропуск, локцем адчуў пругкасць аднаго з пачкаў... «А можа, не трэба было браць грошы з сабою?» — чамусьці падумалася... Куртку ён скіне, а раптам нехта выпадкова пачне шукаць у ягоных кішэнях запалкі ці цыгарэты? I нешта зноў непрыемна варухнулася ў грудзях, нібыта ўжо нехта іншы пытаўся ў яго: «Дык адкуль жа ў цябе такія грошы?! Дзе ж гэта ты ix змог узяць?» «Не буду скідаць куртку,— цвёрда вырашыў ён,— Халат апрану на яе». I, не чакаючы Чапца, пайшоў да свайго цэха...
Крант штосьці прыкідваў. Засяроджана паглядаў на экран... Пронт перахопліваў гэтыя позіркі, потым асцярожна спытаў
— Табе нецікава, Крант? Мы ўжо восем гадзін з ім у кантакце, i ў мяне такое адчуванне, што ў яго шок! Думкі скачуць з крайнасці ў крайнасць, мы не супакоілі яго, a ўсялілі трывогу. Паніку!.. Сумняваюся, што да яго даходзяць мае сігналы. Iм цяжка кіраваць...
Крант адвёў вочы ад экрана.
— Я ўжо казаў гэтая цывілізацыя на нізкім узроўні!.. Калісьці таго, хто першы з'явіўся на Зямлі, выпхнулі з Эдэма. Цяпер у кожным з насельнікаў — ген выгнанніка. Няшчасныя... Пякельнае жыццё! Грошы для ix як узнагароджанне, скажам, за працу...
— Атрымліваецца, што мы яго ўзнагародзілі за кантакт з намі?! — Пронт засмяяўся.
— Так, але я думаю пра іншае... Мы займаемся Сусветам, а яны — сабою. Разумееш? Тым, чым займаюцца ў нас робаты: будуюць дамы, гадуюць наглых дзяцей, кожную раніцу прыносяць нашым жанчынам кветкі...— твар яго перасмыкнуўся,— Пронт, чуеш... Апошнія два разы, калі я выходзіў на сувязь, у мяне было адчуванне, пгго я гавару не з Мілтам, а з некім іншым, хто капіруе голас Мілта.
Пронт паглядзеў запытальна:
— Думаеш, робат?
Крант памаўчаў...
— Усё можа быць... У мяне нярэдка з'яўляецца думка, што ўжо невядома, хто кім кіруе: яны намі ці мы...