Ён зноў змоўк. Пронт запытаў насцярожана:
— Цябе гэта непакоіць?
— А цябе? — пытаннем на пытанне адказаў Крант i засмяяўся,— Ты не пасылаеш сігналаў... Экран засвечваецца...
Мікола стаяў ля кіёска. Тут ён заўсёды купляў вячэрнюю газету. Побач усё роўна як прытанцоўваў Чапец.
— Ну, не дуры, Мікола... Што ты адмоўчваешся?! Я сам з Колесенем перагаварыў бы, ды мы амаль незнаёмыя. Працавалі ў розных цэхах, a апошнія два гады дык i ўвогуле не сустракаліся. Ну скажы ты яму, што я мужык на ўсе сто! Я i ca сталяркай магу. I з цэглай...
Мікола скруціў трубачкай газету. Накіраваліся да перахода, пачалі спускацца ў тунель...
— Слухай, Косця,— Мікола прыпыніўся.— Што б ты зрабіў, каб знайшоў дваццаць тысяч?.. Ну во-о так... ішоў i знайшоў!
— Нічога...— Чапец спыніўся,— Грошы — вада...— Падумаў:— Дачу дабудаваў бы... Ну, можа, машыну...— I раптам весела: — А ты што, ужо знайшоў?!
Мікола збянтэжыўся.
— Ды ну цябе!.. Ты куды, у які бок зараз?
Потым, ужо развітаўшыся з Чапцом, Мікола зноў вярнуўся да сваіх ранейшых думак... Грошы! Усё роўна як дзіва якое, а гавораць, не бывае цудаў! I нейкі другі голас гаварыў у ім: ды што ты, на самай справе... Які цуд, якое дзіва! Ну, з'явіліся яны, i хай сабе з'явіліся... Ля прахадной на дошцы аб'яў паперка вісіць: тры турыстычныя пуцёўкі на Кубу! Вазьмі пуцёўку, паедзь... Ды што Куба?! У Ленінградзе ніколі не быў! I нейкі халадок не-не ды i варушыўся ў грудзях: i ўсё-такі адкуль? Адкуль яны?! Засунуў руку ў кішэню: ляжаць! Трэба хутчэй дадому, выкладу на стол, аддам Веры, хай разбіраецца, а мне што?! Вось толькі шкада, што i сёння Колесеня не пабачу... Ён ужо падыходзіў да свайго пад'езда і здаля заўважыў Веру. Яна пакалыхвала каляску з малым Уладзікам. Побач з дзіцячым вядзерцам у руках стаяла Ніначка...
— Вунь татка...-— нахілілася да яе Вера.
— Татка!.. Татка!..— закрычала Ніначка i кінулася яму насустрач
Мікола падхапіў на рукі малую, падышоў да Веры.
— Можа, адразу ў магазін сходзіш? — сказала яна.— У мяне тут i сетка ёсць... Сёння сястра забягала, на ўсялякі выпадак пазычыла ў яе дзесятку. Да тваіх адпускных дацягнем...
— Хадзем дадому,— i Мікола чамусьці азірнуўся,— У магазін потым схаджу...
У кватэры ён яшчэ хвіліну-другую вагаўся, чакаў, пакуль Вера пераклала Уладзіка з каляскі ў ложак. Потым паклікаў яе:
— Вера, зайдзі на кухню!
— Есці!.. Ты хочаш есці?! — заспяшалася да яго Вера і спынілася на паўдарозе, убачыўшы на стале пачкі,— Мікола, гэта што?
— Грошы...— з нейкай бязглуздай усмешкаю адказаў ён — Дваццаць тысяч...
Вера маўчала. Толькі вочы ў яе цямнелі i цямнелі. Потым як выдыхнула:
— Украў!.. А я, дурніца, усё думала, дзе ж ён затрымліваецца ўчора?.. Я непакоілася... А ён...— Яна ўсхліпнула, але голас быў цвёрды.— Чаго ж табе не хапала?! Кватэра... Кааператыў купілі... I выкручваемся... Выплочваем... Маці мая дапамагае... I не адмаўляецца ж! Ды i дапамога на дзіця ёсць... Мікола,— неяк спалохана ўскрыкнула яна,— цябе ж знойдуць! Цябе, напэўна, ужо шукаюць...— Яна ўсхліпвала i ўсхліпвала.
I нейкі голас у ім заглушаў гэтыя ейныя ўсхліпы: чаго ж ты стаіш, хутчэй супакой яе... Кажы, кажы, што ты не краў гэтых грошай, што яны даліся табе самі. I ён сказаў:
— Ты дарэмна гэта ўсё... Як жа ты магла падумаць такое! Калі папраўдзе, дык я i не ведаю, адкуль яны ў мяне? Палез у кішэню ключы пакласці яшчэ ўчора, а там нешта цвёрдае... Пабег у ванную, гляджу — грошы! У другой кішэні таксама...
Вера прайшла на кухню. Села. Твар яе рабіўся жорсткім.
— I што ты мне тут байкі расказваеш! Грошы! У кішэнях... Самі па сабе! Ці многа ты чуў, каб во так было ў каго: палез у кішэню ключ пакласці, а там тысячы-ы!
Мікола спрабаваў яе абняць, яна адштурхнула яго:
— Ідзі ў міліцыю... Кайся!.. Гады два скінуць!.. А дзеці?! Вернешся, Уладзіку гадоў дзесяць будзе. I што я з імі зраблю? — i яна заплакала ўголас.
— Ды не краў я!— крыкнуў Мікола.— Што ты мяне ў турму садзіш?!
I гэта падзейнічала. Вера ўжо больш спакойна сказала:
— Ды ты разумееш, што ты такое кажаш? Як маглі апынуцца ў тваіх кішэнях грошы, калі ты не клаў ix туды?!
— He клаў! — хуценька адазваўся Мікола.
— Дык, можа, у транспарце? Можа, хто выпадкова...— Яна пляснула далонямі,— Але ж у дзве кішэні адразу...— Вера ўжо нібыта хацела апраўдаць яго.— Можа, некага лавілі з грашыма i ён упіхнуў табе, каб чыстым быць. Успомні!
— У аўтобусе нікога не было. Толькі дзве жанчыны на пярэднім сядзенні. А да таго як я сеў у аўтобус, у кішэнях дакладна было пуста... Я даставаў цыгарэты... Яшчэ i пачак выкінуў закурыў апошнюю.
Ніначка прыбегла на кухню, пацягнула Веру за руку