Відаць, ён бачыў гэтае маё «прыпудрыванне». Таму што, калі аўтобус зноў зрушыўся з месца, сказаў:
— Вось паспрабуй разабрацца, што нам падабаецца ў жанчынах. Знешнасць, душа, інтэлект, манера трымаць сябе? Думаю, не тое, не другое i не трэцяе. А нейкая «зачэпка», маленечкая-маленечкая адметнасць, чаго няма ні ў якай іншай жанчыны. Злавіў, заўважыў гэтую адметнасць i прыкіпеў, i ўжо сыходзіцца свет клінам... Эротыка, секс, на чым любіць засяроджвацца людства,— гэта ўсё ад нявыхаванасці нораваў. Вазьміце летні пляж, дзе ўжо такая адкрытасць усіх жаночых прывабнасцей! I ніякага пачуцця яны не выклікаюць, вельмі звыклая карціна. A калі раптам дзесьці на мосце паперадзе цябе ідзе жанчына i свавольны ветрык вышэй дазволенага прыўзніме краёк яе сукенкі, якое пачуццё можа ўскалыхнуцца! Прыадхінецца не сукенка, а нейкая таемнасць, якая i чаруе спрадвек у жанчыне.
«Божа, якая банальнасць!» — не без іроніі думалася мне, i было радасна адчуваць, што аўтобус рухаецца, а наперадзе кіламетры i кіламетры... Але, як вядома, у кожнай дарогі ёсць свой канец. Таму, калі аўтобус спыніўся ля вакзальчыка, дзе мяне ўжо чакаў сваяк, хоць i не хацелася, а давялося развітацца.
— Мяне таксама чакаюць сваякі,— сказаў мой спадарожнік.— I, дальбог, зачакаліся.— I тут жа запытаўся: — А што ў вас у Мінску? Дом? Сям'я?
— I дом, i сям'я,— адказала я.
— А тэлефон? Хаця...
— Ёсць i тэлефон...— заспяшалася адказаць яму.
... Дзесьці праз месяц, напярэдадні нейкага свята, нязвыкла залівіста зазваніў тэлефон i ў трубцы я пазнала гэты спакойны, роўны голас:
— Наш аўтобус яшчэ рухаецца, а вось віншую з тэлефоннай будкі... Калі хочаце, з паралельнага свету!
У маім узросце ўжо не гаворыцца пра сёмае неба, але над нечым вельмі будзённым я ўзляцела. I настрой памяняўся, i захацелася падысці да люстэрка, i часцей заўсміхалася мужу. А самае галоўнае, жыццё ўяўлялася не такім змрочным: хацелася кветак i музыкі. Ад гэтага майго настрою пасвятлела ў доме.
— У цябе, відаць, сёння нейкая прэмія?— шчасліва адазваўся муж.
Дачка, назіраючы за маёй усмешлівасцю, папрасіла тысячу на марожанае і, вядома ж, атрымала яе. «Наш аўтобус яшчэ рухаецца!» — кожная рэч у доме адзывалася гэтаю фразай. I ён не спыняе свайго руху ўжо другі год. Я ніколі больш не сустракалася са сваім спадарожнікам, хоць у мяне нярэдка і з'яўляецца такое жаданне. Тады падчас нашых тэлефонных размоў я, затаіўшы дыханне, пераходжу на шэпт:
— А можа, сустрэнемся?
Ён звычайна доўга маўчыць, пасля адказвае:
— Я гатовы днямі, месяцамі стаяць у тэлефоннай будцы, адкуль тэлефаную, але гэтая будка знаходзіцца ў паралельным свеце...
I застаюцца толькі размовы, якіх для таленавітага чалавека хапіла б на цэлую аповесць. Калі ж часам задумваюся пра аўтобус, які ўсё «рухаецца i рухаецца», міжволі ў сябе пытаюся: «Дык што ж гэта робіцца ca мною, што адбываецца?» Раман не раман, а прыемна! Аднак тлумачальны слоўнік сцвярджае, што раман — гэта любоўныя адносіны паміж жанчынай i мужчынам. А тут... Тут нейкая салодкая мроя, якая то падступаецца, то адступае. Проста чароўная паўза, цудоўныя ўцёкі ад рэалій быцця ў асалоду i шчасце, хацелася б сказаць, у паралельны свет, але...
За акном ужо бушуе навальніца. Што за ёю? Сон ці кароткі тэлефонны званок: «Аўтобус рухаецца...»! I нашаму свету чамусьці цяжка зразумець, што без гэтага руху нялёгка жыць, a галоўнае, быць жанчынай.
P. S. I ўсё ж паралельны свет... У маім жыцці калі-нікалі здаралася: сяджу за пісьмовым сталом ці стаю ля акна i раптам на руку падае буйная кропля. Уздрыгваю! Азіраюся па баках, гляджу на столь — нідзе ніякай вады... Дрыжыкі прабягаюць па руцэ. I амаль з падсвядомасці выкручваецца: a ці не з паралельнага свету гэта?!
А бывае яшчэ... Займаешся нейкімі хатнімі справамі, ходзіш з пакоя ў пакой i ў нейкі момант... заміраеш ад адчування нябачнага дотыку. Быццам хтосьці нябачны праходзіў блізенька-блізенька побач i не змог размінуцца: сутыкнуліся два светы! У гэтым свеце засталося трапятанне... A ў тым?! Не ведаю... Мне, зямной, не дадзена пра гэта ведаць акром таго, што дзесьці там, у нейкай невядомасці, ёсць тэлефонная будка... I самотны ці не зусім самотны мужчына час ад часу заходзіць у яе, каб адтуль сказаць, паведаміць мне, што наш аўтобус яшчэ рухаецца.
1994
Я НЕ ВАЛЬТЭР, АЛЕ...
Не ведаю, як каму, а мне заўсёды самым салодкім часам быў час ранішні. Цёплая падушка, цёплая коўдра, прыкідванне, як i што трэба зрабіць гэтым яшчэ адным падараваным табе днём.